За «непадпарадкаванне міліцыі» Лябедзька атрымаў штраф і арышт

Суд Жабінкаўскага раёна прысудзіў старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатолю Лябедзьку за "непадпарадкаванне супрацоўніку ДАІ" штраф у 1225 рублёў (50 базавых велічыняў) і трое сутак арышту. 

Фота: svaboda.org

Як паведамлялася раней, Лябедзьку затрымалі 9 лютага пасля пікету кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў у Брэсце. Аўтамабіль, які вёў Лябедзька, спынілі на трасе ў Жабінкаўскім раёне.

Лябедзьку даставілі ў Жабінкаўскі РАУС, дзе на яго склалі пратакол аб непадпарадкаванні супрацоўніку міліцыі. Тры дні пасля затрымання апазіцыянер правёў за кратамі.

У каментары Еўрарадыё Лябедзька прызнаў, што ехаў без правоў, але заявіў, што супрацоўнікі ДАІ яго выцягнулі з аўтамабіля. Палітык кажа, што ў яго скончыўся тэрмін на правы, а даведку яму не выдаюць, хоць ён прайшоў усе камісіі. Міліцыя спасылаецца на тое, што пару гадоў таму Лябедзька страціў прытомнасць на вуліцы.  

Паводле інфармацыі tut.by з прэс-службы Вярхоўнага суда, Лябедзьку залічылі ў тэрмін арышту тыя трое сутак, якія ён правёў за кратамі пасля адміністрацыйнага затрымання. Такім чынам, час арышту лічыцца адбытым.


euroradio.fm

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць