За смерць збітага вязня СІЗА Пцічкіна ў судзе адказвае фельдшар

У Маскоўскім судзе пачынаецца працэс, якога пацярпелыя і грамадскасць дамагаліся з 2013 году.


Партрэт памерлага Ігара Пцічкіна. Падчас пікету ля турмы на вуліцы 

Партрэт памерлага Ігара Пцічкіна. Падчас пікету ля турмы на вуліцы 

16 верасня ў Маскоўскім раённым судзе Мінска будуць судзіць фельдшара «Валадаркі» Крылова, якому пракуратура выставіла абвінавачанне ў неналежным выкананні службовых абавязкаў, што прывяло да смерці вязня ізалятара Ігара Пцічкіна.

Трагічная гісторыя адбылася ў пачатку жніўня 2013 году. У СІЗА нумар 1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску ўсяго праз некалькі дзён адбыцця арышту за ваджэнне аўтамабіля без правоў памёр малады мінчук Ігар Пцічкін. Адміністрацыя ўстановы спачатку заявіла, што смерць вязня наступіла ад хваробы сэрца, потым прызнала, што ў дачыненьні да Ігара Пцічкіна былі ўжытыя спецсродкі, але нібыта ў межах закону, а памёр вязень нібыта таму, што быў наркаманам і не вытрымаў устрымання ад наркотыкаў.

Сваякі Ігара Пцічкіна тры гады даказвалі, што ягоная сьмерць магла быць гвалтоўнай. Родныя дамагліся эксгумацыі цела памерлага і экспертызы, якая пацвердзіла наяўнасць на целе слядоў гвалтоўнага ўздзеяння. Таксама экспэртыза не знайшла ў целе Ігара Пцічкіна сьлядоў ужывання наркатычных сродкаў. За тое, каб прычыны смерці Ігара Пцічкіна былі дасканала расследаваныя, змагаліся таксама беларускія праваабаронцы ды прадстаўнікі грамадскасьці. Гэтак, пад мурамі «Валадаркі» ў верасні 2013 году прайшоў несанкцыянаваны пікет, які скончыўся затрыманнямі і арыштамі, у тым ліку журналістаў.

Улетку 2016 году стала вядома, што пракуратура Беларусі перадала ў Маскоўскі суд крымінальную справу супраць фельдшара «Валадаркі» А. Крылова, які дзяжурыў у дзень смерці Ігара Пцічкіна. Фельдшар нібыта не надаў вязню належную медычную дапамогу, і гэта прывяло да смерці Ігара Пцічкіна, лічаць у пракуратуры. Між тым у завядзенні крымінальнай справы на ахоўнікаў «Валадаркі», якія ўжывалі адносна Ігара Пцічкіна фізічную сілу, пракуратура дагэтуль адмаўляе.

«Выявіць паходжанне цялесных пашкоджанняў як у ходзе расследаваньня крымінальнай справы, так і пры правядзенні праверкі па вылучаных матэрыялах, не ўяўляецца магчымым», — паведамілі маці памерлага Жане Пцічкінай з Маскоўскага РУУС Мінску, дзе праводзілі чарговую праверку смерці вязня.

Жанна Пцічкіна і праваабаронцы працягваюць дамагацца прыцягнення да крымінальнай адказнасці супрацоўнікаў менскага СІЗА.


Паводле svaboda.org

Каментаваць