За чый кошт банкет?

Пракуратура Зальцбурга (Аўстрыя) вывучае фінансавыя дакументы пра адпачынак Аляксандра Лукашэнкі ў Альпах у сакавіку 2002 года.



Пракуратура Зальцбурга (Аўстрыя) вывучае фінансавыя дакументы пра адпачынак Аляксандра Лукашэнкі ў Альпах у сакавіку 2002 года.

Як паведаміў аўстрыйскі спартыўны журналіст Эрвін Рот, які правёў расследаванне і перадаў дакументы ў пракуратуру, апошняя разглядае цяпер магчымасць завесці крымінальную справу па падазрэнні ў карупцыі ў дачыненні да экс-кіраўніка Нацыянальнага алімпійскага камітэта Аўстрыі, віцэ-прэзідэнта назіральнага савета сеткі казіно «Casinos Austria» Лео Вальнера і цяперашняга кіраўніка НАК, генеральнага дырэктара гэтай сеткі казіно Карла Штоса.

Раней аўстрыйскія СМІ паведамілі, што ў сакавіку 2002 года Лукашэнка з членамі сям’і і чыноўнікамі адпачываў на горналыжным курорце ў аўстрыйскім Ціролі як кіраўнік Нацыянальнага алімпійскага камітэта па запрашэнні аўстрыйскага калегі, уладальніка сеткі казіно «Casinos Austria» Лео Вальнера. Як вынікае з дзелавых папер, аплата паслуг праходзіла з сакрэтнага рахунка аўстрыйскага НАК, адкрытага па ініцыятыве Вальнера ў «Raiffeisenbank» у 2001 годзе.

У інтэрв’ю аўстрыйскай газеце «Die Presse» Вальнер, у прыватнасці, заявіў, што «дзейнічаў у інтарэсах аўстрыйскай эканомікі», для пашырэння дзелавых кантактаў паміж дзвюма краінамі. Паводле яго слоў, адпачынак Лукашэнкі аплацілі зацікаўленыя ў супрацоўніцтве з Беларуссю аўстрыйскія бізнесмены.

Сярод затрат на агульную суму 200 тысяч еўра — аплата пражывання ў гатэлі, медыцынскія паслугі, аплата горналыжных урокаў для 11 прадстаўнікоў беларускай дэлегацыі, арэнда аўтобуса для 34 чалавек, гульня ў аўстрыйскіх казіно, алкагольныя напоі.

БелаПАН

Каментаваць