За кім і куды ісці?

Сёлетні Чарнобыльскі шлях аказаўся найбольш малалюдным за ўсю гісторыю правядзення гэтай акцыі. І паказаў не толькі ўзровень падрыхтаванасці арганізатараў мерапрыемства, але і гатоўнасць грамадства да публічных вулічных акцый.



Сёлетні Чарнобыльскі шлях аказаўся найбольш малалюдным за ўсю гісторыю правядзення гэтай акцыі. І паказаў не толькі ўзровень падрыхтаванасці арганізатараў мерапрыемства, але і гатоўнасць грамадства да публічных вулічных акцый.

“Абезгалоўленасць Чарнобыльскага шляху найбольш яскрава праявілася ў момант, калі калона мусіла рушыць ад Акадэміі навук да капліцы ў парку “Сяброўства народаў. Актывісты моладзевых ініцыятыў намагаліся не пайсці па дазволеным ўладамі маршруце па завулках горада і заклікалі нешматлікую грамаду рушыць па праспекце ў бок плошчы Якуба Коласа. Людзі ж невялікімі купкамі тапталіся на месцы. Пасля нядоўгага псіхалагічнага супрацьстаяння кардону амапаўцаў і пары-тройкі моладзевых ініцыятыў з некалькімі дзесяткамі актывістаў (намеснік старшыні партыі БНФ Віктар Івашкевіч у гэты час па нейкіх толькі яму вядомых справах хадзіў па прылеглых дварах.) стала зразумела, што ні логікі, ні ладу ў шэрагах лідэраў палітычных структур няма. Калі б калона складалася толькі з немінчукоў, якім было б невядома, дзе знаходзіцца капліца, шэсце на гэтым моманце магло б і скончыцца. Ужо па дарозе да капліцы рэй узяў адзін з кіраўнікоў БХД Павел Севярынец, што дазволіла надаць хоць нейкі ўпарадкаваны выгляд Шляху, які складаўся з дзвюх-трох сотняў,  відаць, найбольш сумленных і адказных людзей.

Калі ішла з калоннаю па вуліцы Багдана Хмяльніцкага, дзе ні людзей, ні машын, падумалася, можа і да лепшага, што малалюднасць Шляху не бачылі мінчукі. Веры ў сілы апазіцыі ў людзей і так нямнога, і перакананасці ў шырокай падтрымцы апазіцыйных палітычных сілаў ад відовішча сціпленькага шэсця не прыбавілася б. Хаця ўдзячнымі гледачамі выявіліся студэнты-замежнікі: яны абляпілі гронкамі гаўбцы і вокны інтэрнату, здымалі дзею на фотакамеры мабілак: натуральна, для іх гэта дзіва, бо пабачыць на вуліцы альтэрнатыву чырвона-зялёнай сымболіцы ў Беларусі выпадае не так часта.

Каля чарнобыльскай капліцы па завяршэнні чарнобыльскага шляху старшыня партыі БНФ Лявон Баршчэўскі папрасіў прабачэння за “арганізацыйныя накладкі, спаслаўшыся на “стомленасць актывістаў апазіцыі. “У выніку хітрамудрых гульняў еўрапейскіх палітыкаў наступіла расчараванне, — патлумачыў Лявон Пятровіч. — Моладзь лепш мысліць, яна не расчароўваецца ў еўрапейскіх каштоўнасцях, яна ідзе за іх. А нашы пажылыя людзі прывыклі ісці за кімсьці. І многіх, каго я бачыў на Чарнобыльскіх шляхах сёння не з’явіліся, старэюць і паміраюць нашы чарнобыльскія ветэраны. Але я думаю, што перыяд апатыі і заняпаду пройдзе. Нам цяпер важна выказаць салідарнасць з палітзняволенымі, з Мікалаем Аўтуховічам, які ўжо трыццаць дзён трымае галадоўку. Трэба планаваць акцыі падтрымкі. Думаю, што пасля спаду заўсёды наступае хваля пад’ёму, а нашая мужная таленавітая моладзь забяспечыць, каб гэта была пераможная хваля.

Чарнобыльскі шлях палітык назваў акцыяй спаду, прызнаўшы арганізацыйныя памылкі, “недапрацаванасць з грамадствам: “Дваццацігоддзе Чарнобыльскага шляху мы не маглі зрабіць семінарным, мы мусілі выйсці на Шлях. Мы зрабілі што маглі — забяспечылі легальнае месца збору і пачатку акцыі. Прыйшло людзей менш, чым мы думалі. Мы не дапрацавалі грамадства, але і людзі відаць не гатовыя рэгулярна выходзіць на такія акцыі. Як арганізатар я разумею ўсе памылкі і гатовы адказваць на прэтэнзіі. Але, калі б нехта мог прапанаваць нешта лепшае, мы б з радасцю прапанавалі арганізацыю. Разам з тым Лявон Баршчэўскі адзначыў, што ў наступным годзе “не будзе куды дзявацца: “Гэта будзе вызначальны год, падрыхтоўчы да выбараў. І нашы людзі мабілізуюцца і зробяць гэта, можа быць, лепш за нас. У нас ёсць касцяк маладых людзей — таленавітых, здольных, якія могуць павесці за сабой.

Толькі ці не атрымаецца так, што маладыя актывісты у сваіх дзеяннях пойдуць па шляху старэйшых калегаў,  забыўшыся на першасную ўмову — умець аб’ядноўвацца, каардынаваць свае дзеянні  і працаваць на агульную мэту без перацягвання на сябе і без таго невялікай коўдры палітычнага даверу.

Каментаваць