За кратамі — новыя вязні

      Месцы вызваленых палітвязняў, якія гэтымі днямі выходзяць на волю, займаюць новыя. Моладзевыя актывісты Франак Вячорка, Андрусь Крэчка і Антон Койпіш сустрэнуць Новы год за кратамі.



      Месцы вызваленых палітвязняў, якія гэтымі днямі выходзяць на волю, займаюць новыя. Моладзевыя актывісты Франак Вячорка, Андрусь Крэчка і Антон Койпіш сустрэнуць Новы год за кратамі.

      Суд Маскоўскага раёна Мінска прыняў 30 снежня пастановы аб іх арышце. Франак Вячорка і Андрэй Крэчка атрымалі па 12 сутак, а Антон Койпіш — 10 сутак. Іх судзілі за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі салідарнасці з палітвязнямі, якая адбылася 21 снежня ля Акрэсцінскага ізалятара. “Хаця Койпіш наогул там не быў, а сядзеў дома, бо хварэў. І гэта засведчылі двое бацькоў. Але суд палічыў, што бацькі — гэта зацікаўленыя асобы. І яны, маўляў, могуць хлусіць, — паведаміла грамадская актывістка Алеся Якубоўская. Яна таксама адзначыла, што Андрэй Крэчка вельмі дрэнна выглядаў, бо ў яго прастуда.

      “Хапаюць зараз самых актыўных людзей. Я думаю, толькі з-за таго, каб напужаць народ. Мне падаецца, гэта наогул ужо маразм. А суды — фарс, і нічога больш. Бо ўжо загадзя вядомы аддадзены загад аб, як мінімум, 10 сутках. І каб маральна зламаць людзей, улады спрабуюць усе магчымыя варыянты, у тым ліку і садзяць за краты", — зазначыла Алеся Якубоўская.

     Нагадаем, што і 27 снежня Маскоўскі суд вынес рашэнні аб арыштах ўдзельнікаў акрэсцінскіх акцый салідарнасці. Міхась Пашкевіч атрымаў 15 сутак, Вольга Дамарад, Міхась Мацкевіч і Алесь Кіркевіч — 10 сутак.


 

Каментаваць