За мяжой беднасці — паўмільёна чалавек

Паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, у 2008 годзе рэальныя грашовыя даходы насельніцтва Беларусі выраслі, у параўнанні з 2007 годам, на 12,7 % у разліку на душу насельніцтва і склалі 657 200 рублёў, або 306 долараў. Самы высокі тэмп росту грашовых даходаў у Мінскай вобласці — 121,6 %, самы нізкі ў Мінску — 8,3 %.

Паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, у 2008 годзе рэальныя грашовыя даходы насельніцтва Беларусі выраслі, у параўнанні з 2007 годам, на 12,7 % у разліку на душу насельніцтва і склалі 657 200 рублёў, або 306 долараў. Самы высокі тэмп росту грашовых даходаў у Мінскай вобласці — 121,6 %, самы нізкі ў Мінску — 8,3 %.

Пра гэта паведаміў журналістам старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Уладзіслаў Мецеж. У студзені тэмп росту рэальных грашовых прыбыткаў насельніцтва, у параўнанні са студзенем 2008 года, склаў 7,7%. Каб пацвердзіць пазітыўную айчынную тэндэнцыю, чыноўнік паведаміў, што ў Расіі ў студзені рэальныя грашовыя прыбыткі не выраслі, а скараціліся на 5,4%.

Найбольш летась зарабілі мінчукі. У разліку на душу насельніцтва ў сталіцы грашовы даход склаў 1 006 400 рублёў. Самыя малыя даходы ў жыхароў Брэсцкай вобласці — 527 300 беларускіх рублёў. У асноўным беларусы жывуць за кошт заработнай платы — 57,5% у агульнай структуры даходаў, даходы ад уласнасці (працэнты па дэпазітах, дывідэнды і інш.) складаюць толькі 1,9%.

Летась найбольшыя заробкі, паводле звестак статыстыкі, былі ў галіне авіяцыйнага транспарту — 1 437 000 рублёў, найменшыя ў сельскай гаспадарцы і сацыяльным забеспячэнні — 569 900 і 544 000 беларускіх рублёў адпаведна.

Сярэдні памер прызначаных пенсій у снежні склаў 389 427 рублёў. Уладзіслаў Мецеж не пацвердзіў інфармацыю пра тое, што бліжэйшым часам будуць паніжаныя заробкі супрацоўнікам бюджэтнай сферы. «Наколькі я ведаю, такая магчымасць не разглядаецца, — сказаў чыноўнік. — Аднак каментаваць гэта пытанне я не магу ў поўнай меры, бо гэта не мая кампетэнцыя». Па выніках 2008 года сярод краінаў СНД Беларусь займае трэцяе месца па велічыні сярэднемесячнага заробку пасля Казахстана і Расіі. Сярэднемесячная зарплата ў Беларусі за мінулы год — 412 долараў, у Казахстане — 505 долараў, у Расіі — 494 долара.

Прыбыткі найбольш забяспечаных грамадзян летась адрозніваліся ад прыбыткаў найменш забяспечаных у 5,9 разы. Параўнанне рабілася на аснове аналізу прыбыткаў дзесяці працэнтаў насельніцтва з кожнай групы. Намеснік старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэта Уладзіслаў Мецеж адзначыў, што на працягу апошніх гадоў розніца паміж даходамі найбольш і найменш забяспечаных грамадзянамі павялічваецца неістотна. Да прыкладу, у 2005 годзе разрыў паміж даходамі бедных і багатых быў у 5,4 разы. Для параўнання, у Расіі прыбыткі багатых перавысілі прыбыткі бедных у 16,9 разы.

Летась колькасць малазабяспечаных асобаў, якія маюць прыбыткі на душу насельніцтва ніжэй бюджэту пражытачнага мінімуму, склала 574 800 чалавек, або 6,1 % агульнай колькасці насельніцтва. У 2007 годзе ў краіне налічвалася 732 800 малазабяспечаных беларусаў, або 7,7 % ад агульнай колькасці насельніцтва.

Такім чынам, за год колькасць малазабяспечаных знізілася на 1,6 працэнтных пункта, ці амаль на 200 тысяч чалавек. Доля малазабяспечаных хатніх гаспадарак у гарадах і гарадскіх пасёлках знізілася з 5,7% да 4,4%, у сельскіх населеных пунктах — з 12,4 да 9,7%. У структуры малазабяспечаных хатніх гаспадарак 74,1% маюць дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, 20,4% — не маюць дзяцей, 5,5% складаюцца з аднаго чалавека.


Як бачым, дзеці сёння — дарагое задавальненне, і іх наяўнасць уплывае на эканамічны дабрабыт сям’і. Разам з тым у 2008 годзе ў 2,8 разы павялічылася колькасць хатніх гаспадарак з узроўнем сярэдняга сямейнага прыбытку звыш 3 мільёнаў рублёў у месяц.

Куды трацяць свае грошы беларусы? Паводле статыстычных дадзеных, узровень спажывання тавараў не панізіўся ў параўнанні з 2007 годам. Спажывецкія штомесячныя расходы ў разліку на хатнюю гаспадарку склалі 1 029 300 рублёў. Расходы на харчаванне ў аб’ёме даходаў складаюць 41,2%, набыццё нехарчовых тавараў — 35,2%, на алкагольныя напоі выдаткоўваецца 2,3% ад кроўна заробленых, на адукацыю, культуру, адпачынак і спорт крыху больш, чым на пітво, — 4,7%. Кожная трэцяя сям’я мае аўтамабіль і кампутар. Кожная пятая сям’я мела доступ у інтэрнэт з уласнага кампутара.

Каментаваць