За нафту расплаціцца насельніцтва

Страты бюджэту Беларусі з-за росту коштаў на імпартуемую з Расіі нафту ўрад ацэньвае ў 5,9 трыльёна беларускіх рублёў (каля 2 мільярдаў долараў). У якасці кампенсуючых мераў прапануецца падвысіць акцызы на некаторыя тавары, а таксама вызначыць мяжу росту фонду заработнай платы.



Страты бюджэту Беларусі з-за росту коштаў на імпартуемую з Расіі нафту ўрад ацэньвае ў 5,9 трыльёна беларускіх рублёў (каля 2 мільярдаў долараў). У якасці кампенсуючых мераў прапануецца падвысіць акцызы на некаторыя тавары, а таксама вызначыць мяжу росту фонду заработнай платы.

Гэта інфармацыя была абнародавана ў форме ліста беларускага ўрада кіраўніцтву Міжнароднага валютнага фонду. Эканаміст Сяргей Чалы мяркуе, што МВФ спрабуе давесці да лагічнага фіналу працу, якая была распачата ў Беларусі з выдачай крэдыту па праграме stand-by, а ўрад краіны — знівеляваць факт таго, што не быў выкананы шэраг абавязальніцтваў перад МВФ, як то стварэнне агенцтва па прыватызацыі, фінансавага агенцтва развіцця, адсутнасць сістэмных зрухаў у галіне лібералізацыі эканомікі.

«Міжнародны валютны фонд насамрэч зацікаўлены ў працягненні супрацоўніцтва, бо яго эксперты ведаюць сітуацыю, было выдаткавана нямала інтэлектуальных рэсурсаў. Ёсць адмысловы дакумент фонду, у якім распісаныя ўсе меры, якія неабходна рэалізаваць, каб змяніць вектар беларускай эканомікі», — гаворыць эксперт Сяргей Чалы. Ён мяркуе, што ў супрацоўніцтве не надта зацікаўлены якраз беларускі бок, хаця і грошы МВФ — адны з самых танных. Прычына ў тым, што крэдыты выдаюцца пад праграмы рэформаў, і простыя пераўтварэнні ўжо зробленыя, а да больш глабальных «быццам бы пакуль не гатовыя».

Ва ўрадзе прапануюць кампенсаваць страты бюджэту за кошт карэкціроўкі эканамічнай палітыкі. Напрыклад, з дапамогай рацыяналізацыі нафтавага сектара, скараціўшы вытворчасць і падвысіўшы эфектыўнасць. Плануецца адмяніць звязаныя з экспартам датацыі, якія выдзяляюцца нафтаваму сектару, і мыта на экспарт сырой нафты і нафтапрадуктаў, а таксама падвысіць аптовыя кошты на 7 працэнтаў, што прывядзе да скарачэння стратаў бюджэту.

Цяжар расійскай нафты ляжа на бюджэт аматараў выпіць і пакурыць — плануецца падвышэнне ставак акцызаў на тытунёвыя вырабы і алкагольную прадукцыю на 10 працэнтаў. Гэта дазволіць пакласці ў бюджэт каля 0,12 трыльёна рублёў. Таксама, як перадае БелаПАН, чакаецца падвышэнне ставак адлічэнняў у інавацыйныя фонды — яшчэ плюс 0,35 трыльёна рублёў.

Гэтыя грошы будуць накіраваныя на рэалізацыю мерапрыемстваў па энергазахаванні, якія былі раней закладзеныя ў бюджэт. Падвышэнне падаткаў на сыравінную галіну дазволіць атрымаць дадаткова 0,6 трыльёна рублёў. Ужо падняліся ў сярэднім на 10 працэнтаў закупачныя кошты на буйную рагатую жывёлу, а на свінняў — на 5 працэнтаў. У сакавіку ў сярэднім на 10 працэнтаў былі падвышаныя кошты закупкі малака. У Мінэканоміцы тлумачаць гэта ростам выдаткаў на яго вытворчасць, а таксама неабходнасцю ўраўняць айчынных вытворцаў з вытворцамі суседніх краін, дзе закупныя кошты на малако больш высокія.

Апроч падвышэння цэн, нас чакае і «столь» у росце заработнай платы. Урад мае намер абмежаваць павелічэнне фонду аплаты працы ў 2010 годзе ў межах 11 працэнтаў. «На пачатку бягучага года мы падвысілі тарыфную стаўку першага разраду на 5 працэнтаў, а пенсіі — на 10 працэнтаў. Любое далейшае падвышэнне зарплаты ў бюджэтным сектары пасля першага квартала будзе разглядацца толькі, калі дазволяць макраэканамічныя ўмовы. Мы будзем па-ранейшаму прытрымлівацца практыкі абмежавання росту зарплаты работнікаў дзяржаўных прадпрыемстваў, якія атрымліваюць дзяржпадтрымку. Прымаючы рашэнне пра падвышэнне пенсій, будзем кіравацца неабходнасцю забяспечваць устойлівасць Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва», — цытуе БелаПАН ліст да МВФ.

Да канца чэрвеня на сем долараў мусяць вырасці тарыфы, і надалей урад будзе стрымліваць субсідыі жыллёва-камунальных паслуг, што прадастаўляюцца насельніцтву. Усе пералічаныя меры мусяць дапамагчы скараціць разрыў бюджэтнага фінансавання на 1 трыльён рублёў. «Каб закрыць рэшту разрыву фінансавання, мы пачнём здзяйсняць дадатковыя меры па ўмацаванні прыбытковай часткі бюджэту і/ці скарачэнню выдаткаў у другім паўгоддзі. Калі гэтыя меры будуць недастатковыя для закрыцця разрыву фінансавання, дэфіцыт бюджэту можа быць падвышаны на велічыню да 1 трыльёна рублёў», — гаворыцца ў лісце.

«Напаўненне бюджэту за кошт фіскальнай палітыкі, скарачэнне выдаткаў — гэта відавочныя захады ў дадзенай сітуацыі, — зазначае Сяргей Чалы.— Але ў выніку ўсё будзе залежаць ад сістэмных зменаў, якіх і чакае МВФ. Напрыклад, калі ўсё ж будзе створана фінансавае агенцтва развіцця, у нас, магчыма, нарэшце з’явіцца шанец разблытаць складаную сістэму беларускай эканомікі. Бо ўся яна пабудаваная на прыватных мерах, выключэннях, палёгках асобным прадпрыемствам і г. д. Ключавая ідэя ў тым, каб сістэматызаваць усё гэта, і далей ужо накіроўваць рэсурсы ў эфектыўныя сферы, а не рассейваць у паветры».
 

Каментаваць