За свабоду думкі

На малой радзіме Васіля Быкава ў вёсцы Бычкі, што на Ушаччыне, была ўручаная чацвёртая па ліку прэмія імя пісьменніка «За свабоду думкі». Сёлета лаўрэатам прэміі стаў кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года, лідар грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!», паэт Уладзімір Някляеў.



На малой радзіме Васіля Быкава ў вёсцы Бычкі, што на Ушаччыне, была ўручаная чацвёртая па ліку прэмія імя пісьменніка «За свабоду думкі». Сёлета лаўрэатам прэміі стаў кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года, лідар грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!», паэт Уладзімір Някляеў.

Лаўрэаты атрымліваюць узнагароду — бронзавую фігурку «За свабоду думкі» аўтарства скульптара Віктара Копача і дыплом. Новага пераможцу прэміі абіраюць лаўрэаты мінулых гадоў. Раней прэмію атрымалі літаратары Рыгор Барадулін, Уладзімір Арлоў, Павал Севярынец, мастак Алесь Пушкін, краязнаўца, арганізатар многіх культурніцкіх імпрэзаў Ада Райчонак. «Год, які прайшоў ад нашай леташняй сустрэчы тут, быў часам выпрабаванняў для ўсіх нас, для нашай краіны. І ў гэтых выпрабаваннях дух Быкава быў з намі. Ён і сёння з намі, калі ў чацвёрты раз уручаецца прэмія «За свабоду думкі», якая прысуджаецца за творчую і грамадскую дзейнасць на карысць свабоды», — выступіў з прамовай перад прысутнымі лаўрэат мінулых гадоў Уладзімір Арлоў.

Заснавальнік прэміі, кіраўнік руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч нагадаў пра неабходнасць у любой барацьбе не забывацца на нацыянальную ідэю. «Нам падаецца, што «каўбасны» пратэст можа ўсё вырашыць. Але калі не будзе ідэі, ідэалогіі, калі не будзем думаць пра нашы нацыянальныя інтарэсы, то і не будзе карыснага выніку», — падкрэсліў палітык.

Уладзімір Някляеў у сваёй прамове прыгадаў сваю апошнюю сустрэчу з Васілём Быкавым: «Не ўспамінаецца драбязы. От нічога не было дробязнага. Ад самага пачатку і да нашай апошняй сустрэчы ў шпіталі, за тры дні, як яго не стала. Я ішоў туды, не ведаючы, з чым прыйсці — гэта зноў жа адносіны з Быкавым. Гэтыя адносіны прымусілі мяне падумаць аб тым, а з чым я зараз прыйду да чалавека, які сам ведае, што яго хутка не стане. А ён ведаў, і прыехаў дахаты паміраць, што б там хто ні гаварыў. Што каштоўнае насамрэч у гэтым свеце? Усё становіцца на свае месцы на такіх вось «быкаўскіх» рубяжах. Гэта чалавек, які ўсё сваё жыццё прастаяў на рубяжах… — На сустрэчу Някляеў прыйшоў з суніцамі і белай ружай. Гэта тое, што звязвала пісьменнікаў пэўнымі ўспамінамі. — Ніякавата таптаўся перад тым, як увайсці ў палату, зноў жа — што сказаць? З жахам думаў, як я вярнуўся з Хельсінкі, з Фінляндыі, дзе жыў у кватэрцы, якую да мяне паўтара гады займаў Васіль Быкаў. Павітаўся, аддаў яму сунічкі, Ірына Міхайлаўна забрала ружу. І ён, надкусваючы сунічку, у яго пацякла кроў з вуснаў, сказаў: «Я вось падумаў, а што ў жыцці трэба чалавеку? Само жыццё, адна жанчына, і адна кветка... Ён не патрабаваў ад жыцця шмат, у тым сэнсе, як гэтага патрабуе большасць людзей, — грошай, лепшай ежы, лепшай адзежы. Ён патрабаваў таго, чаго патрабуе толькі высокі духам чалавек, — сапраўднага напаўнення жыцця жыццём».
 

Каментаваць