За віншаванне з Днём роднай мовы мастак Гэнік Лойка атрымаў 5 сутак

За віншаванне з Міжнародным днём роднай мовы, каторы ўрачыста адзначаецца ў свеце 21 лютага, мастака і грамадскага дзеяча Гэніка Лойку каля 8.20 ў сталічным мікрараёне Кунцаўшчына затрымалі супрацоўнікі міліцыі.



Перад сваім затрыманнем Лойка прыйшоў да ганку Мінскай беларускай нацыянальнай гімназіі №4 з дзвюма балончыкамі чорнага колеру і бел-чырвона-чорнай расцяжкай наступнага зместу: ”Віншуем з міжнародным днём роднай мовы! Гімназія № 4 была апошняй беларускамоўнай школай”.

На рускамоўныя пытанні супрацоўнікаў гімназіі пра мэту з’яўлення мастака каля “учреждения образования” ён адказаў, што прыйшоў павіншаваць са святам і прапанаваў гаварыць з ім выключна па-беларуску.  

Журналістам Лойка распавёў, што, згодна з Кодэксам аб адукацыі беларускамоўнымі ў краіне могуць быць толькі класы, групы і патокі, але нават адсутнічае згадка пра беларускамоўныя садкі, школы і ўніверсітэты. “Такім чынам, у краіне больш няма беларускамоўных школ. Так, у статуце чацвёртай гімназіі напісана, што аcноўнымі мовамі навучання і выхавання ва ўстанове з'яўляюцца беларуская і руская. А гэтае азначае, што гімназію не можна лічыць беларускамоўнай ”, — сказаў Лойка.

На ягонае меркаванне, пакуль не прынятае палажэнне аб беларускамоўнай школе, дзеці беларусаў вучацца ў чацвёртай гімназіі, якая дзейнічае не па законах, а па “понятиях”. “Затым трэба дабівацца таго, каб ў нацыянальных сярэдніх вучэбных установах працавалі настаўнікі, якія выконваюць моўны рэжым: валодаюць беларускай мовай і карыстаюцца ёю пад час вучэбнага, пазакласнага і пазашкольнага выхаваўчых працэсаў. А то атрымліваецца, урок праводзім па-беларуску, да і то не заўсёды, а на перапынку і па за школай ігнаруем матчыну мову. Як можна лічыць чацвёртую гімназію беларускай, калі тут толькі раз на год праводзіцца акцыя Размаўляй са мной па-беларуску”, — падкрэсліў Лойка. На ягоную думку, акрамя Беларускага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа, каторы неафіцыйна працуе ў сталіцы амаль 10 гадоў, у Мінску няма больш ні воднай беларускамоўнай сярэдняй школы.

      

У знак пратэсту супраць русіфікацыі гімназіі спадар Гэнік вырашыў забраць з навучальнай установы свой падарунак — гіпсавую кампазіцыю, прысвечаную класіку беларускай літаратуры Уладзіміру Караткевічу. Аднак зрабіць гэта не ўдалося, паколькі скульптура знаходзіцца у зачыненым на ключ вучэбным кабінеце.

Паколькі чорныя балончыкі мастак так і не змог уручыць дырэктару гімназіі Юрыю Бандарэнку, спадар Гэнік прымацаваў свой падарунак да расцяжкі.

Як распавяла сястра Лойкі Валянціна, брат быў затрыманы дзвюма невядомымі ў цывільным, каторыя скруцілі спадара Гэніка, пасадзілі ў міліцэйскі мінівэн і з’ехалі ў невядомым накірунку. Паколькі жонка мастака Алена не знайшла мужа ва Фрунзенскім РУУС сталіцы, яна напісала заяву пра знікненне бацькі яе трох дзяцей. Дарэчы, усе яны атрымалі беларускамоўную адукацыю. Старэйшы сын Яраш і дачка Кіра вучацца ў Польшчы, а малодшы — Любарт —у шостым класе сталічнай чацвёртай гімназіі.

Дарэчы, супрацоўнікі гімназіі даводзілі да Лойкі і журналістаў, што гімназія таксама святкуе сёння Міжнародны дзень роднай мовы. 

У суддзе Фрунзенскага раёна Мінска, суддзя Людміла Лапо прызнала вінаватым Геніка Лойку ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве (арт.23.34 КаАП РБ) і пакарала арыштам на 5 сутак.
 

Каментаваць