За здзек з Курапатаў — да крымінальнай адказнасці

З прапановай прыцягнуць да крымінальнай адказнасці асоб, якія спрычыніліся да ўзвядзення на 51-м кіламетры Мінскай кальцавой аўтадарогі аб’екту прыдарожнага сервісу з першапачатковай назвай “Бульбаш-хол”, звярнуліся да генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Аляксандра Канюка грамадскія актывісты.  



Рушнікі на курапацкіх крыжах — даніна народнай традыцыі памінання продкаў


Сярод падпісантаў заявы — старшыня грамадскага аб’яднання “Хрысціянская злучнасць “Курапаты” 86-гадовы Вацлаў Нямковіч, старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч, археолаг, кандыдат гістарычных навук Валянціна Вяргей, грамадскія дзеячы культуролаг Вацлаў Арэшка і мовазнаўца Вінцук Вячорка, а таксама грамадскі актывіст Алесь Макаў, які ў 2008 годзе затрымаў у Курапатах вандалаў, за што пазней страціў працу.

У заяве, накіраванай у Генпракуратуру 27 красавіка, між іншым адзначаецца, што згодна пратаколу № 1 пасяджэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гістарычна-культурнай спадчыны пры Дзяржаўнай інспекцыі па ахове гістарычна-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь ад 30 лістапада 1993 г., “Месцу згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій 30–40-х гадоў XX стагоддзя ва ўрочышчы Курапаты” (далей — Курапаты) нададзены статус гістарычна-культурнай каштоўнасці I катэгорыі і зацверджаны яе межы, вызначаныя Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі на падставе археалагічных даследаванняў.

Аўтары заявы нагадваюць, што ўвосень 2012 г. СТАА “БелРэстІнвест” узвяло ў непасрэднай блізкасці ад Курапатаў аб’ект прыдарожнага сервісу з першапачатковай назвай “Бульбаш-хол”. Пад сціплай назвай аб’екту прыдарожнага сервісу насамрэч пабудаваны сапраўдны рэстаранна-забаўляльны комплекс з рэстаранам на 100 пасадачных месцаў, лазняй, чатырма дамкамі модульнага тыпу і дзіцячай пляцоўкай, падкрэсліваецца ў заяве.

Рэстаранна-забаўляльны цэнтр ўзведзены побач з нацыянальным некропалем

Яе аўтары звяртаюць увагу на тое, што ў выніку перад самымі Курапатамі, дзе могуць ляжаць бязвінна забітыя продкі кожнага з беларусаў, паўстаў рэстаранна-забаўляльны комплекс для гулянак і вяселляў, падчас якіх выпіваюць, смажаць шашлыкі, спяваюць, танчаць і парацца ў лазні.

На меркаванне грамадскіх актывістаў, рэстаранна-забаўляльны комплекс, узведзены побач з Курапатамі, з’яўляецца здзекам з велічнага помніка трагедыі беларускага народу і своеасаблівым цынічным выклікам духоўным традыцыям нацыі з яе паважлівым стаўленнем да памяці продкаў. Апроч таго, пабудаваны цэнтр адпачынку стварае непасрэдную пагрозу Курапатам — унікальнай гістарычна-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння, бо павялічвае антрапагенны ціск на ўрочышча, гаворыцца ў заяве.

На падставе выкладзенага і згодна з артыкуламі 166,167 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, падпісанты заявы просяць Генеральную пракуратуру правесці адпаведную праверку на прадмет узбуджэння крымінальнай справы ў адносінах да асоб, якія ўзвядзеннем на 51-м кіламетры МКАД аб’екту прыдарожнага сервісу з першапачатковай назвай “Бульбаш-хол” стварылі пагрозу Курапатам і зняважылі гэтую гістарычна-культурную каштоўнасць.    

Каментаваць