Заахвоціць нельга пакараць

Чаму мы не ўмеем быць ўдзячнымі?

Рэалізацыя праекту развіцця гарадоў-спадарожнікаў Мінска то прытарможвае, то набірае абароты. Усё, безумоўна, залежыць ад фінансаў. Крызісны 2011 год прымусіў адмовіцца ад вырашэння многіх пытанняў у гэтай сферы.



Прыпынак у Хмелеўцы


Аднак не ўсё так сумна. Напрыклад, восенню мінулага года вырашылася даўно турбуючая шматлікіх жыхароў мікрараёна Хмелеўка ў Заслаўі транспартная праблема. Сюды, нарэшце, пачаў хадзіць аўтобус. Да гэтага канцавым прыпынкам грамадскага транспарту былі «Аптэчныя склады», ад якіх потым добры кіламетр даводзілася ісці на сваіх дваіх.

Добра ўлетку, калі доўгія дні, кароткія ночы, выдатнае надвор’е, прыгожае возера. А восенню і зімой усё наадварот. Пейзаж ля возера ператвараецца ў ідэальную здымачную пляцоўку для фільма «Сабака Баскервіляў» (тую яго частку, дзе пра «Грымпенскую багну»). Невялікую асфальтавую дарожку для пешаходаў замятае снегам па калена, і адзінай альтэрнатывай з’яўляецца рух па праезнай частцы. А там як пашанцуе. Ліхтароў няма.

У гэтай сітуацыі аўтобус, пушчаны прама да Хмелеўкі, стаў сапраўдным выратавальным кругам для многіх жыхароў мікрараёна. Дарэчы, прыпынак там быў зроблены даўно. Усталявалі і неабходныя знакі. Праўда, пасля палову з іх «згарнулі» вандалы.

Доўгі час для таго, каб пусціць аўтобус да катэджнага пасёлка, не хапала нейкіх узгадненняў то ад ДАІ, то ад іншых дзяржорганаў. Варта сказаць, што для таго, каб зрушыць справу з мёртвай кропкі, трэба было «падганяць» гарадскія ўлады. Рабілася гэта праз лісты і звароты. Радуе, што рэакцыя чыноўнікаў на дадзеную карэспандэнцыю была адэкватнай і дзелавой. Пустых адпісак не было, і неўзабаве пытанне было вырашана.

У Заслаўі ходзяць аўтобусы трох маршрутаў. У Хмелеўку ідзе «двойка». Дарэчы, па мясцовым грамадскім транспарце можна звяраць гадзіннік. Рух ажыццяўляецца строга па раскладзе. Мне шмат разоў даводзілася ехаць раніцай, каб патрапіць на ранішні цягнік, які ідзе за мяжу. Роўна ў 5-45 да прыпынку пад’язджаў аўтобус і вёз мяне на мясцовую чыгуначную станцыю. Усё хвілінка ў хвілінку!

Безумоўна, здараліся і непрыемныя сітуацыі. Напрыклад, аднойчы электрацягнік гарадскіх ліній прыйшоў у Заслаўе з невялікім спазненнем. Ад вакзала да прыпынку адлегласць не вялікая, але ўсё ж за адну хвіліну да прыпынку не дабяжыш. Кіроўца аўтобуса хоць і бачыў, што толькі што прыйшла электрычка, чакаць не стаў і ад’ехаў ад прыпынку амаль з «пустым» салонам. А людзям давялося ісці пешшу. А гэта некалькі кіламетраў. Але гэты выпадак, хутчэй, — выключэнне з правілаў. Звычайна кіроўцы імкнуцца чакаць людзей і падбіраць іх пры любым магчымым выпадку. Урэшце, яны для гэтага і працуюць. І працуюць цалкам годна.

Але, на жаль, не ўмеюць нашы грамадзяне заўважаць добрае, і пры гэтым вельмі любяць рабіць акцэнт на адмоўным. Так, падчас сустрэчы старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Барыса Батуры з жыхарамі Заслаўя ў снежні 2012 года знайшлася нейкая пажылая дама, якая расказала пра кіроўцу, які нібыта яе выкінуў з аўтобуса. Дурная і не ясная гісторыя. Вядома, хамаў хапае, але гэта як трэба давесці чалавека, каб ён павёў сябе такім чынам. А нашым уладам толькі скажы, яны адразу пачнуць гайкі «закручваць».

Нядаўна адбыўся яшчэ адзін непрыемны эпізод. Нейкаму асабліва заўзятаму жыхару Заслаўя не спадабалася, што ў мясцовых аўтобусах не абвяшчаюць прыпынкі. Не важна, што ехаць яму «паўтара» прыпынкі. Галоўнае, даказаць сваю правату. А яшчэ жаданне праславіцца. Чаму? Так, таму што гэты грамадзянін не адправіў скаргу ў аўтобусны парк або гарадскім уладам, а адразу патэлефанаваў тэлевізіёншчыкам. А тым, як вядома, толькі дай нагоду. Асабліва такім «праграмам для народа», як «Белорусское времечко». У выніку, быў створаны нікому не патрэбны шум. Пустую праблему ўзвялі ў ранг ледзь не «службовага злачынства».

Хочацца спытаць грамадзяніна, які «выклікаў» тэлебачанне, а навошта было ствараць гэтую шуміху? Кожны аўтобус суправаджае кандуктар, якая заўсёды гатова ўдакладніць, дзе трэба выйсці пасажыру. Мясцовыя жыхары і так на памяць ведаюць усе гарадскія прыпыначныя пункты, ды і прыезджыя (якіх, напрыклад, сёлета было вельмі шмат падчас пляжнага сезона) не адчувалі праблем з перамяшчэннем у аўтобусах у Заслаўі.

Вось і з’яўляецца пытанне, чаму мы ўвесь час стараемся ўбачыць ва ўсім толькі негатыў? Чаму не хочам падзякаваць супрацоўнікам аўтапарка ў Заслаўі за выразную працу і ўважлівае стаўленне да яе. Бо ўсё гэта ёсць. Гэта не мае выдумкі, а рэальныя факты, якія я прыкмячаю кожны дзень.

Транспартная інфраструктура ў гарадах-спадарожніках Мінска з’яўляецца найважнейшым фактарам прывабнасці гэтых населеных пунктаў. Супрацоўнікі аўтобуснага парку ў Заслаўі робяць усё, каб іх горад не быў глухменню, а яго жыхары не адчувалі дыскамфорт. Час навучыцца быць ўдзячнымі ў адносінах да тых, хто робіць тваё жыццё камфортней. Паверце, іх праца не цукар, а зарплата далёкая ад ідэальнай. І ўсё роўна яны імкнуцца рабіць сваю працу добра. І за гэта ім трэба сказаць вялікі дзякуй. Думаю, што ў гэтым мяне падтрымаюць многія жыхары Заслаўя.

Абмеркаванне:

  • с улицы Анусинской
  • 2013-01-22 06:15:53
Спасибо за статью. Все правильно тут написано. Автобус стал настоящим спасением для нас. А то снег не чистят. Дороги завалены. Как выбраться из этого плена? Честь и хвала тем, кто добивался того,
чтобы остановку все же сделали.

Надеюсь, что статью прочитают чиновники и задумаются над тем, что тут тоже люди живут. Что снег надо чистить, дорожку очищать. А то вроде Заславль. а вроде уже нет.
  • Елена
  • 2013-01-23 17:31:59
С ул.Загородной, авторы этой публикации - мы отправили эту статью в Миноблисполком, райисполком, передали в автобазу г.Заславля, так, что чиновники получат эту информацию, я рада, что есть люди,
которые видят хорошее и плохое, и не просто видят, надеюсь и участвуют!
  • с улицы Анусинской
  • 2013-01-25 19:23:01
Спасибо! Очень важно, что есть "неабыякавыя" люди. Таких мала, но на них держится этот мир.

Каментаваць