Забіўся аб бардзюр у цэнтры горада?

28 лістапада ў Мар’інай Горцы пахавалі сябра партыі БНФ, распаўсюдніка незалежнай прэсы Валянціна Доўнара. Яму быў толькі 51 год. Яго смерць выклікае многа пытанняў: міліцыянты гавораць пра няшчасны выпадак, знаёмыя — пра забойства.



28 лістапада ў Мар’інай Горцы пахавалі сябра партыі БНФ, распаўсюдніка незалежнай прэсы Валянціна Доўнара. Яму быў толькі 51 год. Яго смерць выклікае многа пытанняў: міліцыянты гавораць пра няшчасны выпадак, знаёмыя — пра забойства.

Валянцін Доўнар працаваў у Мінску ў Белдзяржстраху. У пятніцу 20 лістапада, атрымаўшы заробак і чарговы нумар газеты «Новы час» для распаўсюду, ён прыехаў у Мар’іну Горку. Позна вечарам Валянціна знайшлі ў непрытомным стане з чэрапна-мазгавой траўмай на пляцоўцы побач з кінатэатрам «Кастрычнік» у цэнтры горада. Месца даволі люднае: недалёка чыгуначны вакзал, мясцовы РУУС і КДБ, у самім кінатэатры па пятніцах ладзяць дыскатэкі, тут жа месціцца папулярны бар «Тэхас». Але атрымалася, што ніхто не бачыў нападу, ніхто не звярнуў увагу на чалавека, які ляжаў на зямлі без прытомнасці. Валянціна ў прыёмны пакой мясцовай бальніцы прывезла хуткая, якую выклікалі міліцыянты.

Ужо на пахаванні стала вядома, што ўсе дакументы, грошы, торба Валянціна зніклі. Пры ім, як расказала маці, была чужая, не яго торба, у якой знаходзіліся нейкія паперы на імя Баратухі, менавіта таму ён і прабыў у бальніцы пад імем Баратухі Івана Іванавіча. Праз тыдзень Валянцін Доўнар памёр ад гематомы галаўнога мозгу, так і не апрытомеўшы. Міліцыянты лічаць, што Валянцін сам паваліўся ды ўдарыўся аб тратуарную плітку. Ці магчыма ўпасці на роўным месцы, калі няма галалёду, так, каб разбіць патыліцу да смерці? У бальніцы гаварылі, што траўма — вынік удару тупым прадметам, гумавым дручком ці яшчэ нечым цяжкім.

Закіды наконт таго, што Валянцін Доўнар быў п’яны, у адзін голас разбураюць яго знаёмыя і калегі: ён ніколі не піў — ні на святах, ні ў кампаніі. Хаця ў РУУСе гавораць, што адразу была праведзеная экспертыза, якая паказала моцны стан алкагольнага ап’янення.

«Ён быў як дарослае дзіця, — расказвае сябар Валянціна Сцяпан Кульчанка. — Такога нават у думках не хочацца крыўдзіць, не тое што на справе». Уласнай сям’і Валянцін не меў, у яго былі толькі маці і брат. Застаўся недабудаваны дабротны дом у Мар’інай Горцы, пакоі якога застаўленыя хатнімі кветкамі (захапленне Валянціна), а па падворку бегаюць цяпер ужо нічыйныя самотныя коткі.

На пахаванні былі тыя, хто добра ведаў Валянціна. Прыехаў і выключаны з партыі БНФ Алесь Міхалевіч. Чаго не скажаш пра мінскае кіраўніцтва партыі. З іх не было нікога, хаця Валянцін Доўнар ужо шмат гадоў у БНФ. Варта аддаць належнае калегам Валянціна па Белдзяржстраху — з Мінску правесці ў апошні шлях чалавека прыехалі больш за дваццаць чалавек.

Крымінальная справа па факце гібелі Валянціна Доўнара пакуль не заведзеная. Кіраўнік крымінальнага вышуку Мар’інай Горкі Яўген Кульбіцкі паведаміў, што міліцыя правяла праверку і накіравала ў пракуратуру «адказны матэрыял», то бок не знайшла падстаў для завядзення крымінальнай справы. «Магчыма, яго асабістыя рэчы і скралі, а магчыма ён іх сам згубіў, — заявіў Кульбіцкі. — Але крыміналу ў здарэнні няма. Доўнар сам упаў і разбіў галаву аб бардзюр».

Каментаваць