«Забалела сэрца» — прэм’ера адной з апошніх песень Алеся Чаркашына

28 жніўня спаўняецца роўна год з таго моманту, як у баі з прарасійскімі баевікамі пад Старагнатаўкай на Данбасева быў паранены і загінуў лідар аргкамітэта партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» ў Брэсце Алесь Чаркашын. У коле ўкраінскіх ваенных ён фактычна выконваў функцыі капелана.

Фота Krynica.info)


Вядомы Алесь таксама як аўтар шэрагу патрыятычных песень. Адну з іх — «Забалела сэрца», якая раней нідзе не публікавалася, прадаставіў Krynica.info яго сябар, сустаршыня БХД і лідар Хрысціянскай дзелавой ініцыятывы Георгій Дзмітрук.

Krynica.info: Раскажыце, калі ласка, гісторыю гэтай песні. Дзе і калі яна была запісаная?

Дзмітрук: Гэтую песню мы запісалі за паўгады да яго трагічнай смерці. Ён прыехаў да мяне і сказаў, што ў яго ёсць добрая песня. І мы яе запісалі. Як заўсёды, запісам мы засталіся незадаволеныя і вырашылі яе потым дапрацаваць. Думалі, будзе час, збярэмся, папрацуем і ўсё будзе нармальна. Але пасля гэтага, на жаль, магчымасці скончыць песню не было. І я падумаў выдаць песню, каб людзі маглі яе пачуць у тым выглядзе, у якім яна ёсць. Таму прашу не судзіць строга і паставіцца з разуменнем. Мне здаецца, што атрымалася някепская песня. Можа быць, не зусім тое, што мы хацелі зрабіць, але такі цікавы варыянт прачытання верша Ларысы Геніюш.

Krynica.info: Гэта была адзіная песня, якую вы тады запісалі?

Дзмітрук: Не, мы працавалі над чатырма песнямі, і дзве песні атрымаліся. Другую песню я апублікаваў раней. Мы яе зрабілі нават у дзвюх версіях: адна пад гітару, у другой нават трохі падыгралі.

Krynica.info: Не ведаеце, чаму Алесь напісаў песню менавіта на вершы Ларысы Геніюш?

Дзмітрук: Вершы Геніюш яго вельмі натхнялі. Ён нават пакінуў мне кнігу, па якой чытаў вершы і пісаў на іх песні. Яна ў мяне ляжала, але перад тым, як прыехаць да мяне ў апошні раз, Алесь патэлефанаваў і сказаў, што хоча забраць яе з сабой. Аднак пасля запісу песень ён сказаў: «Не, ведаеш, хай лепш яна ў цябе пабудзе». І пасля гэтага мы ўжо з ім не бачыліся. І ў мяне ёсць гэтая кніга: у ёй відаць, дзе ён браў верш, як распісваў ноты.


Алесь — гэта чалавек, які ўвесь час быў з гітарай. Ён так і застанецца ў нашай гісторыі чалавекам з гітарай. Дзіўна, што ў яго ніколі не было добрай гітары, але ён вельмі любіў сам інструмент. Яго натхняла сама якасць гуку. Калі ён бачыў добрую гітару, у яго адразу ўзнікала жаданне што-небудзь напісаць.

Але, на жаль, у яго было такое жыццё, што ў яго нават не было сваёй гітары. Ён усё жыццё падарожнічаў, усё жыццё быў у дарозе. Усё жыццё яго клікала рамантыка, клікалі подзвігі. І ва ўсіх яго песнях, якія былі напісаныя, прысутнічае прадчуванне ахвяры, прадчуванне подзвігу, нават пакут. Такое адчуванне, што ў сваіх песнях, пэрформансах ён прадстаўлялў свой жыццёвы шлях, які быў напісаны ў яго ў сэрцы.




Нагадваем, што ў Беларусі працягваецца збор сродкаў на помнік Алесю Чаркашыну, адкрыць які плануецца ў яго дзень нараджэння 27 верасня. Для гэтага 28 жніўня ў Брэсце, а 30 жніўня ў Мінску па адрасе Тарханава 14 ў актавай зале школы № 48 пройдуць сустрэчы памяці. Збор сродкаў можна падтрымаць альбо праз пэйпал koziel2005@gmail.com, альбо праз картку — «Беларусбанк» 9112 0001 5805 4367 09/20 Чаркашын Ігар Мікалаевіч.

krynica.info



Каментаваць