Забарона пікету каля Курапатаў абскарджана ў судзе

11 чэрвеня ў суд Мінскага раёна накіраваная скарга на неправамерныя дзеянні Мінгарвыканкама і ягонага старшыні Пятра Ярмаша, якія забаранілі правядзенне 4 чэрвеня пікету каля ўваходу ў аб’ект прыдарожнага сервісу з першапачатковай назвай “Бульбаш-хол”. 



Сярод заяўнікаў скаргі — грамадскія актывісты, культуролаг Вацлаў Арэшка і мовазнаўца Вінцук Вячорка.

20 мая яны звярнуліся да старшыні Мінскага райвыканкама Пятра Ярмаша за дазволам на правядзенне пікетавання з мэтай прыцягненне ўвагі грамадства і дзяржавы да сітуацыі каля Курапатаў пасля ўзвядзення аб'екту прыдарожнага сервісу на 51-м км. МКАД.

Аднак згодна распараджэнню Мінрайвыканкама ад 29 мая, пікетаванне было забароненае “ў мэтах выканання рашэння Мінскага раённага выканаўчага камітэта ад 28 верасня 2012 г. № 6557 “Аб парадку правядзення масавых мерапрыемстваў у Мінскім раёне”, а таксама з непрадастаўленнем поўнага пакета дакументаў (не прадастаўлены копіі дагавораў, заключаных з арганізацыямі, якія аказваюць паслугі, звязаныя з аховай грамадскага парадку, медыцынскім абслугоўваннем, пажарнай бяспекай)”.

Заяўнікі скаргі лічаць, што адмова ў правядзенні пікетавання з’яўляецца незаконнай і неабгрунтаванай, бо права на правядзенне пікетавання прадастаўлена грамадзянам Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, а парадак правядзення пікетавання зафіксаваны ў Законе Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” (далей — Закон).

Прычым у Законе, якім аўтары скаргі кіраваліся пры падачы заявы на пікетаванне, няма спасылкі на рашэнне Мінскага раённага выканаўчага камітэта ад 28 верасня 2012 г. № 6557 “Аб парадку правядзення масавых мерапрыемстваў у Мінскім раёне”.

Згодна арт. 6 Закона, “парадак аплаты паслуг па ахове грамадскага парадку, выдатках, звязаных з медычным абслугоўваннем, прыборкай тэрыторыі пасля правядзення на ёй масавага мерапрыемства, вызначаецца рашэннем мясцовага выканаўчага і распарадчага органа, на тэрыторыі якога плануецца правядзенне масавага мерапрыемства”.

Такім чынам, Закон ускладае на орган мясцовай улады вызначэнне парадку аплаты паслугаў па ахове грамадскага парадку, выдаткаў, звязаных з медычным абслугоўваннем, прыборкай тэрыторыі пасля правядзення на ёй масавага мерапрыемства.

У сваёй заяве на падставе арт. 6 Закона грамадскія актывісты прасілі вызначыць парадак аплаты паслуг і загадзя давесці яго да іхняга ведама. Аднак чыноўнікі Мінрайвыканкама гэта не зрабілі.

Заяўнікі звярнулі ўвагу суду, што адным з матываў забароны пікетавання было непрадстаўленне копіі дагавору, заключанага з арганізацый, якая аказвае паслугі, звязаныя з пажарнай бяспекай. Аднак Законам гэта не прадугледжана.

У адпаведнасці з артыкулам 6 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” аўтары скаргі прасілі вырашаць па прадастаўленых тэлефонах усе ўзнікаючыя пытанні па даце, месцу і часе правядзення акцыі. Аднак ім ніхто не званіў, нягледзячы на тое, што Мінрайвыканкам, як орган выканаўчай улады, павінен быў забяспечыць рэалізацыю канстытуцыйнага права грамадзян на правядзенне масавага мерапрыемства.   

Згодна арт. 6 Закона, старшыня Мінрайвыканкама, або ягоны намеснік павінны былі разгледзець заяву на пікетаванне і не пазней за пяць дзён да даты правядзення акцыі ў пісьмовай форме паведаміць пра прынятае рашэнне. Аднак распараджэнне Мінрайвыканкама ад прынятым рашэнні наконт заявы на пікетаванне грамадзяне атрымалі толькі ў дзень запланаванай акцыі — 4 мая.   

Заяўнікі просяць суд абавязаць Мінскі райвыканкам і ягонага старшыню Пятра Ярмаша прадаставіць дазвол на правядзенне масавага мерапрыемства ў іншы час, узгадніўшы загадзя дату і час акцыі.

Каментаваць