Забарону адкрыць імёны расстраляных у Курапатах абскардзілі ў судзе

Абскарджана вызначэнне суддзі Івана Майсейчыка. які перашкаджае адкрыць імёны расстраляных у Курапатах.

 



У Мінскі гарадскі суд абскарджана вызначэнне суддзі суду Цэнтральнага раёна Мінска Івана Майсейчыка, які перашкаджае адкрыць імёны расстраляных у Курапатах.

Сярод заяўнікаў прыватнай скаргі ў Мінгарсуд ад 22 студзеня — сябры грамадзянскай ініцыятывы “Эксперты ў абарону Курапатаў”: старшыня грамадскага аб’яднання “Хрысціянская злучнасць “Курапаты” 86-гадовы Вацлаў Нямковіч, грамадскія дзеячы культуролаг Вацлаў Арэшка і мовазнаўца Вінцук Вячорка, грамадскі актывіст Алесь Макаў, старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч і аўтар гэтага артыкулу.

У скарзе, між іншым, зазначаецца, што 6 студзеня 2016 года Іван Майсейчык сваім вызначэннем адмовіўся ўзбуджаць грамадзянскую справу па скарзе заяўнікаў на неправамерныя дзеянні (бяздзеянне) Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, якая адмовілася паведаміць грамадзянам выяўленыя супрацоўнікамі Генпракуратуры дадзеныя, у тым ліку імёны, імёны па бацьку і прозвішчы трох ахвяраў масавых палітычных рэпрэсій 1930-х гадоў, чые парэшткі былі ідэнтыфікаваныя па выніках дадатковага расследавання 1997–1999 гадоў пра трагедыю ў Курапатах у рамках крымінальнай справы, узбуджанай у 1988 годзе.   

Названае вызначэнне суддзі Івана Майсейчыка грамадзяне лічаць неабгрунтаваным і незаконным па наступных падставах.

Згодна з вызначэннем, суддзя матываваў сваю адмову тым, што заяўнікі “не згодны з дзеяннямі органа, які вядзе крымінальны працэс”. Гэтая выснова суддзі абвяргаецца фактамі, якія выкладзены ў скарзе. Таму грамадзяне лічаць надуманай выснову Івана Майсейчыка, на падставе якой ім было адмоўлена ва ўзбуджэнні справы.

Заяўнікі лічаць, што такая выснова спатрэбілася суддзі для таго, каб звязаць сваю адмову з нормамі Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. “Насамрэч, мы звярталіся ў Генпракуратуру не ў рамках крымінальнага працэсу, а каб рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права на атрыманне інфармацыі, якая мае гістарычна-культурную, духоўную і нацыянальную каштоўнасць для кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь”, — падкрэсліваецца ў скарзе.

Яе аўтары звяртаюць увагу Мінгарсуду на тое, што 18 студзеня 1989 года Савет міністраў БССР прыняў пастанову №42 “Аб увекавечванні памяці ахвяраў масавых рэпрэсій 1937–1941 гадоў у лясным масіве Курапаты”. У прэамбуле гэтага ўрадавага дакумента адзначана, што ён прыняты, “зыходзячы з важнасці раскрыцця гістарычнай праўды пра падзеі мінулага і ўлічваючы меркаванне шырокай грамадскасці”.

Гэтая пастанова, сярод іншага, абавязала Прэзідыум Акадэміі навук БССР арганізаваць усебаковае вывучэнне прычынаў і наступстваў масавых рэпрэсій трыццатых-саракавых і пачатку пяцідзесятых гадоў у Беларусі, а выдавецтва “Беларуская Савецкая Энцыклапедыя” — здзейсніць падрыхтоўку і выпуск спецыяльнага выдання з мэтай увекавечвання памяці ахвяраў рэпрэсій перыяду трыццатых-саракавых і пачатку пяцідзесятых гадоў у рэспубліцы.

Такім чынам, беларускі ўрад яшчэ на пачатку 1989 года — 27 гадоў таму — прызнаў важнасць раскрыцця гістарычнай праўды пра масавыя рэпрэсіі 1937–1941 гадоў у лясным масіве Курапаты і неабходнасць увекавечвання памяці ахвяраў рэпрэсій перыяду 1930-х – пачатку 1950-х гадоў.

Апроч таго, пастановай Савета міністраў Рэспублікі Беларусь № 578 ад 14 мая 2007 года, урочышча Курапаты як месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій 1930–1940-х гадоў пад шыфрам 611Д000363 было ўнесена ў Дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь як гістарычна-культурная каштоўнасць першай катэгорыі (міжнароднага значэння).

Такім чынам, Курапаты з’яўляюцца гістарычна-культурнай каштоўнасцю не толькі народу Рэспублікі Беларусь. але і міжнароднай супольнасці.

Таму запытаныя дадзеныя пра ахвяраў масавых палітычных рэпрэсій 1930-х гадоў належаць да гістарычна-культурных, духоўных і нацыянальных каштоўнасцяў народу Рэспублікі Беларусь і міжнароднай супольнасці.

Згодна артыкулу 54 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, “кожны абавязаны берагчы гістарычна-культурную, духоўную спадчыну і іншыя нацыянальныя каштоўнасці”. А гэта азначае, што кожны мае права на інфармацыю пра гэтыя каштоўнасці.

Такім чынам, адмова суддзі Івана Майсейчыка ва ўзбуджэнні грамадзянскай справы з’яўляецца незаконнай і неабгрунтаванай, а таксама надуманай -- доказам адвольнага выкарыстання ўладных паўнамоцтваў.

Заяўнікі нагадваюць, што згодна артыкулу 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, “грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў, грамадскіх аб’яднанняў, аб палітычным, эканамічным, культурным і міжнародным жыцці, стане навакольнага асяроддзя”.

А згодна артыкулу 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, “кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання; гэта права ўключае свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усякага роду інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова або пры дапамозе друку або мастацкіх формаў выяўлення, або іншымі спосабамі па свайму выбару”.

На падставе выкладзенага і ў адпаведнасці з артыкуламі 34 і 54 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, з артыкулам 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, а таксама з артыкуламі 433-435 Грамадзянскага працэсуальнага кодэксу Рэсаублікі Беларусь грамадзяне просяць Мінгарсуд скасаваць вызначэнне суддзі суду Цэнтральнага раёна горада Мінска Івана Майсейчыка ад 6 студзеня 2016 года.

                                                     

Трэба мець на ўвазе, што інфармацыя з Генпракуратуры, атрыманая напрыканцы 2001 года пра ідэнтыфікацыю парэшткаў трох курапацкіх ахвяраў, у той час стала сапраўднай сенсацыяй, бо пра такі яркі доказ яшчэ ў 1988 годзе марылі акадэмічныя археолагі Зянон Пазьняк, Алег Іоў і Мікола Крывальцэвіч — навуковыя эксперты следчай групы пракуратуры БССР.

Больш за 14 гадоў таму, 14 снежня 2001 года, Алег Іоў распавёў сябрам грамадскай ініцыятывы “За ўратаванне мемарыялу “Курапаты”, што яму вядомыя імёны двух расстраляных: гэта габрэі Мардыхай Шулескес і Мойша Іяхеевіч Крамер. У іх у 1940 годзе ў Гродзенскім астрозе былі канфіскаваныя грошы, што адлюстравана ў афіцыйных бланках квіткоў, знойдзеных у адным з курапацкіх пахаванняў сярод парэшткаў ахвяраў сталінізму.

Каментаваць