Забаўляльны комплекс у Курапатах мяняе назву?

Наша рэстаранная група — уладальнікі забаўляльнага комплексу ў Курапатах — змянілі білборд, які абвяшчаў пра хуткае адкрыццё «Бульбашъ-холу». Цяпер на гэтым месцы рэклама іншай рэстарацыі, якая таксама належыць НРГ — «Дача».
 



Ці сведчыць гэта пра тое, што забаўляльны комплекс ужо не будзе называцца «Бульбашъ-хол», што так абурыла беларускую грамадскасць?

Уладальнікі брэнду «Бульбашъ» сёння пацвердзілі Радыё Свабода, што не маюць ніякага дачынення да пабудовы забаўляльнага комплексу ў Курапатах. І надта прасілі болей не турбаваць іх у гэтым пытанні. Ад любых далейшых камэнтароў яны адмаўляюцца.

Марыя, памочніца кіраўніка кампаніі:

«Мы не ўдзельнічаем у будаўніцтве „Бульбашъ-хола“ і, па вялікім рахунку, не маем да іх ніякага дачынення. Яны выкарыстоўваюць нашую гандлёвую марку, але яны зарэгістраваныя ў іншым „класе“. У нас дазволеная рэгістрацыя ў розных класах адной гандлёвай маркі. Паўтараю, што ніякага дачынення да будаўніцтва мы не маем».

РС: «Як вы ставіцеся да таго, што ваш брэнд выкарыстоўваецца ў іхнай назве?»

 «Ну, ёсць хлеб „Бульбаш“, пазітыўна ставімся. Мы ўсе бульбашы.

Мы бачылі рэзананс, нам увесь час тэлефануюць. Але не магу сказаць, якія дзеянні прадпрыме кіраўніцтва. Калі ўжо такі рэзананс, то назва ж ні пры чым. Трэба ўжо ўвесь аб’ект адмяняць. Тут жа сутнасць у тым, што аб’ект у Курапатах. Але гэтае пытаьне ўжо да кіраўніцтва».

Аднак яшчэ да нядаўняга часу пабудова забаўляльнага комплексу анансавалася як супольны праект Нашай рэстараннай групы і брэнду «Бульбашъ». Звесткі пра гэта выдаленыя з саміх сайтаў кампаній, але іх яшчэ можна знайсьці ў інтэрнэце. Ёсць у сусветным сеціве і варыянты лагатыпаў комплексу, на якіх назва «Бульбашъ-хол» змешчаная вялізнымі літарамі. А цяпер непасрэдна на сайце праекту, які, праўда, яшчэ знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі, лагатып прадстаўлены без назвы. Ці азначае гэта, што ўладальнікі брэнду «Бульбашъ» адмовіліся ад удзелу ў сумнеўнай пабудове? Самі яны камэнтаваць гэта адмаўляцца.

Арыгінал артыкула: http://www.svaboda.org/content/article/24754263.html
 

Каментаваць