Забярыце ў іх рускія літары!

Адэса — ужо прыфрантавая паласа. Звычайна шматлюдны і бестурботны горад ад подыху блізкай вайны натапырыўся і спусцеў. «У мяне проста сківіца адвісла, калі я пабачыла, наколькі пуста ў Адэсе...», — кажа жанчына, якая днямі вярнулася з адпачынку.



Шкурны інтарэс

На адэскіх вуліцах, у кавярнях і крамах сапраўды пуста. У хостэле, дзе я спыніўся, з 24 месцаў занятыя толькі тры. Апроч мяне тут жывуць яшчэ два чалавека — брытанец Пеле і аўстраліец Рос. Між іншым, падзяліліся нават яны. Пеле вельмі падабаецца ва Украіне, ён актыўна сочыць за падзеямі, горача падтрымлівае ўкраінцаў. Рос усім навокал незадаволены, кажа, што тут усё дорага і кепска арганізавана, падзеямі не цікавіцца, упэўнены, што Майдан, як і цяперашняя сітуацыя, — справа рук ЦРУ, бо ЗША квапяцца на запасы газу на Чарнаморскім шэльфе.

«Дзіўны чалавек, — расказвае пра Роса гаспадыня хостэлу. — Нейкі перапуджаны па жыцці. Ад любога званку ў дзверы падскоквае, нікому не давярае. На ўсім эканоміць, ходзіць у абносках, а накупіў сабе цэлы мяшок савецкіх медалёў. Ён не вельмі адукаваны, асабліва з ім не пагутарыш, справы сваёй у яго няма. Засталіся нейкія землі ў спадчыну ў Аўстраліі, здае іх у арэнду паляўнічым. Прыехаў сюды жонку шукаць, але не лёсіць яму».

У другім хостэле гаспадыні таксама пуста. Яна пра сябе кажа, што «у палітыку ніколі не лезла», ёй нават усё роўна, у якой краіне жыць — «абы не перашкаджалі грошы зарабляць». Але цяпер бэсціць Пуціна і мясцовых «антымайданаўцаў» апошнімі словамі, гаворачы, што калі дзяржава не дасць рады, дык яны «самі возьмуцца за вілы». Падобным чынам разважаюць многія іншыя дробныя ўласнікі, чый бізнэс арыентаваны на турыстаў. Не праз вялікі патрыятызм, а праз шкурны інтарэс.

«Толькі нічога там не ўзрывай»

Калі можна казаць пра масавіднага адэсіта (наўрад ці адэсіт пагадзіўся б лічыцца «масавідным», бо ў іх высока развітая індывідуальнасць, але тым не менш), ён не рвецца ў бой. У Харкаве і Данецку я сустракаў шмат мужчынаў, якім па-мужчынску было крыўдна, што іх краіна не дае адлуп нападніку. Гэта пачуццё, падобнае да пачуцця футбольных фанатаў, чыя каманда прайграе. У Адэсе яно прыглушанае. Рэагуюць з мяккай іроніяй, як, напрыклад, у адказе аднаго мажнага дзядзькі на маё пытанне, як прайсці да Саборнай плошчы. На мне была зялёная вопратка ў стылі мілітары.

— Прайсці так і так. Але ты там нічога не ўзрывай. Я люблю сваю Саборную плошчу і не ўхвалю.

Ілюстрацыя міралюбнасці: сцягі на адным з гатэляў

 

Паноўнай мовай у Адэсе з'яўляецца руская, але гэта не робіць яе рускім горадам. Адэса — горад касмапалітычны. Міжнацыянальныя трэнні тут даўно звыклі вырашаць мірным шляхам. У адэсітаў у галаве не ўкладваецца, як можна варагаваць праз рознасць моваў ці культурныя асаблівасці. Адсюль іхнае іранічнае стаўленне.

Зрэшты, гэта не азначае адсутнасці свядомай пазіцыі адносна сённяшней сітуацыі. Адукаваным прафесіяналам, з якімі я гутарыў, зусім не ўсё роўна, у якой краіне яны прачнуцца заўтра.

 

Не хачу, каб дзеці былі робатамі

Алена Святлічная, праграмістка, нарадзілася на Днепрапятроўшчыне, сямейныя карані з Данбасу, з шматнацыянальнай і рускамоўнай сям'і, працяглы час жыла ў Севастопалі, цяпер жыве і працуе ў Адэсе. Яна расказвае, што з самага пачатку Майдана ўцягнулася ў палітычныя падзеі. Не толькі эмацыйна, як глядач, але і як удзельнік.

Алена Святлічная

Па словах Алены, у гэтым яна зусім не самотная, пераважная большасць яе знаёмых з IT-сферы падтрымлівалі Майдан і цяпер выступаюць за цэласнасць Украіны.

Я падзяліўся з суразмоўніцай сваімі высновамі, зробленымі калісьці адносна праслойкі беларускіх праграмістаў. Парадаксальным чынам, згодна з маімі назіраннямі, яны ўяўляюць сабой даволі пасіўную сацыяльную групу, якая найперш прагне праславутай стабільнасці. Чаму ж у праграмістаў з Украіны гэта не так?

«Мне даволі дзіўна гэта чуць пра беларускіх калегаў... Адна з неабходных умоваў унутранай свабоды — гэта фінансавая свабода. Я калісьці жыла на заробак дзяржслужачай, у нашых умовах гэта азначае выжывала. Таму ў некаторай ступені разумею бюджэтнікаў, якія падтрымліваюць Расію, бо яна абяцае ім значна вышэйшыя заробкі і пенсіі ўжо з заўтрашняга дня. Праграміста гэтым не забавіш. Апроч таго, мне, як чалавеку ўнутрана свабоднаму, вельмі важна мець магчымасьць выказваць і адстойваць свой асаблівы пункт погляду без пагрозы таго, што цябе паставяць да сценкі.

Я забяспечваю сябе і здольная дапамагчы маім блізкім. Я гатовая цярпець пэўныя эканамічныя цяжкасці зараз, але пры ўмове, што буду ведаць — яны часовыя, наперадзе нас чакаюць пазітыўныя змены. Чаго я не гатовая рабіць, дык гэта  адлічваць частку заробленага на залатыя батоны мажнаўладцам, якія хочуць кіраваць вечна, паплёўваючы з вышыні на падданых. 

Аднойчы ў мяне будуць дзеці. Натуральна, я думаю пра іх развіццё. Вельмі важная частка якога — свабодны доступ да шырокага кола крыніцаў інфармацыі. Гэта мае непасрэднае дачыненне да здольнасці мысліць. Калі ж мне прапануюць будучыню, дзе мае дзеці будуць існаваць у рэжыме робатаў — далі табе ўказанне, а ты, не разумеючы, што ты робіш і навошта, робіш тое, што табе сказалі — прабачце, я гэтага не купляю.

Я не магу аспрэчваць права севастопальцаў імкнуцца жыць у Расіі (пра ўсіх крымчанаў не кажу, прынамсі крымскія татары туды зусім не жадаюць), хаця сама і хацела б думаць пра іх інтарэсы ў складзе Украіны, але што да мяне — дзякуй, не трэба.

Майдан, вядома, не даў 100-адсоткавай гарантыі, што ўсё будзе добра. Аднак ён даў надзею на развіццё краіны ў іншым кірунку, больш прывабным, чым архаічная дыктатура з клептаманскімі замашкамі. Такой была наша краіна за Януковічам, такой ёсць пуцінская Расія».

 

Майдан — адзіная палітычная сіла

Вадзім Ланда, адэсіт, сямейны лекар, яго дачка вучыцца ў Калінінградзе. Думае, што ягоныя погляды збольшага падзяляюць «усе адэкватныя адэсіты». Майдан успрымае як здзяйсненне заходніх украінцаў, аднак лічыць яго галоўнай пазітыўнай палітычнай арганізацыяй у краіне. 

Вадзім Ланда

«Да Майдану я насцярожна ставіўся да заходнікаў, як і многія іншыя жыхары паўднёвага ўсходу Украіны праз іх меркаванае агрэсіўнае стаўленне да нас, рускамоўных грамадзянаў. Але маніторачы сітуацыю на Майдане, я пабачыў, што яны ў масе сваёй вельмі неаднародныя, сярод іх шмат нават канфліктуючых групаў. З іншага боку, я іх запаважаў. Бо ў іх ёсць нацыянальная ідэя, чаго няма ў нас. Каб было больш зразумела, я не бачу на паўднёвым усходзе дзяржаўнасці ў мысленні. Для такіх людзей і Майдан быў нечым такім, што робіцца дзесці там, іхнага дазволу на яго ніхто не запытаўся (хаця якім чынам павінны былі запытацца?), таму ён ім або па цымбалах, або выклікае раздражненне.  

Дасюль менавіта такія людзі, без дзяржаўнага мыслення, займалі ў нас кіруючыя пасады. Яны проста вырашалі на тых пасадах уласныя праблемы і задавольвалі ўласныя інтарэсы. На мой погляд, погляд чалавека, які раней ніколі не цікавіўся палітыкай, у нашай краіне сёння існуе адзіная палітычная арганізацыя, здольная супрацьстаяць усяму, што цяпер адбываецца — гэта Майдан. Я маю на ўвазе не столькі пуцінскую акупацыю, сколькі ўнутраную палітыку. Мне, і не мне аднаму, хацелася б, каб ва ўрад зноў не прыйшлі людзі, якім немагчыма давяраць. Хацелася б пабачыць там нарэшце людзей, гатовых разбудоўваць краіну. Менавіта кантроль Майдану мог бы гэта забяспечыць. 

Калі ж запусціць працэс федэралізацыі, я проста не бачу на месцах сілаў, аналагічных Майдану, здольных кантраляваць улады. На мой погляд, у федэратыўных землях на кіроўныя пасады ізноў ускараскаюцца людзі старога кшталту і ўсё застанецца па-ранейшаму. Бо тут сілы майданаўцаў не будзе.

На ўкраінскім паўднёвым усходзе многія ўчапіліся за ідэю далучэнне да Расіі ў асноўным праз тое, што ўбачылі ў Пуціне лідара з дзяржаўным мысленнем. Але ўсё правяраецца практыкай. На практыцы ж у Расіі жывуць некалькі буйных гарадоў... і Чачня, якую тушаць грашыма. Астатняя правінцыя ледзь ліпее.

Можна пагадзіцца, што ўкраінская правінцыя таксама, але ў чым тады сэнс з аднаго «кепска» пераходзіць у іншае? Пагатоў для людзей мыслячых гэта будзе пераходам не проста ў іншае «кепска», а ў нешта значна горшае, бо Расія жыве пры дыктатуры. А мыслячы чалавек ва ўмовах дыктатуры... не пладаносіць, скажам так».

«Пайду ў катакомбы»

Юры Жэбракоўскі, архітэктар, карэнны адэсіт, чыя сям'я жыве ў Адэсе з ХІХ-га стагоддзя. Гатовы сысці ў славутыя адэскія катакомбы ў выпадку акупацыі гораду «зялёнымі чалавечкамі».

Юры Жэбракоўскі

«Калі нехта кажа, што яму ўсё роўна пад якім сцягам жыць, абы не перашкаджалі зарабляць грошы, ён вельмі памыляецца. Не можа быць такога, што сёння мы жывем у адной краіне, заўтра прачынаемся ў іншай, і ўсё окей, жывем як жылі. Натуральна, такая змена будзе суправаджацца прававым хаосам. Зусім не факт, что твой бізнэс у іншай краіне застанецца тваім.

Але нават калі ўявіць, што тут Пуцін жалезнай рукой навядзе парадак, мне той парадак і задарма непатрэбны. Я камфортна адчуваю сябе ва Украіне. Нягледзячы на тое, што я рускамоўны чалавек. Цярпець не магу, дарэчы, моўнае пытанне — яно высмактана з пальца і не мае ніякага значэння, апроч як інструмент атрымання ачкоў у палітычнай барацьбе. Не тое што нейкага ўшчамлення правоў, я нават дробных нязручнасцяў за ўсё жыццё не адчуваў праз сваю рускамоўнасць.

Мне ўпершыню за апошнія месяцы стала страшна, да панічнага трымцення, толькі тады, калі ў Крыму з'явіліся «зялёныя чалавечкі» — нібыта абаронцы маіх ушчэмленых правоў, так? Не было ў нас унутранай пагрозы, з якой мы не маглі б справіцца самі, а вось знешняя з'явілася. Цяпер я свой страх ужо пераадолеў. Калі спатрэбіцца, гатовы пайсці абараняць сваю радзіму. Не патраплю на фронт — пайду ў катакомбы і буду весці дыверсійную дзейнасць супраць акупантаў.

Наконт антымайданаўцаў... хіба яны не разумеюць, што з'яўляюцца сёння галоўнай пагрозай для краіны, калі з усіх бакоў разумна ацаніць сітуацыю? Не ведаю, ці можна ім гэтую простую думку неяк патлумачыць. Але калі б яны адмовіліся ад сепаратысцкіх ультыматумаў, я не бачу праблемы ў тым, каб з імі немагчыма было дасягнуць нейкага кампрамісу. Скажам, я ўхваляю ідэю дэцэнтралізацыі ўлады, лічу за патрэбнае змяніць сістэму размеркавання падаткаў і збораў. Навошта ўсе сабраныя тут падаткі адпраўляць у Кіеў, потым ізноў вяртаць іх сюды? Такія перакосы можна выправіць. А вось да пытання федэралізацыі вярнуцца гадоў праз дваццаць пяць. Федэралізацыя па патрабаванню Пуціна — гэта проста міжнародны шантаж, мэтай якога ёсць раскол Украіны».

 

Рускі карабель з трэсак

Юрыю на Антымайдане маглі б адказаць: што значыць «раскол»? Уз'яднанне рускага свету! Яшчэ Серафім Сароўскі прарочыў: «Адновіцца Рускі карабель з трэсак ва ўсёй сваёй красе і пойдзе сваім шляхам»!

Калі вы раптам ведаеце, што цытата належыць не Серафіму Сароўскаму, лепей устрымайцеся ад спрэчкі — такой заўвагі можа аказацца дастаткова, каб вас запісалі ў «бандэраўцы».

Пры мне адна жанчына справабала высветліць, якім чынам ёй адрозніць агрэсараў ад абаронцаў калі што якое. Ну, казала яна, я тут бачу людзей у камуфляжнай форме, касках, з бітамі і шчытамі. Вельмі падобных з выгляду да экстрэмістаў, якія нібыта маюць прыйсці ў Адэсу і ўчыняць пагромы. Але ж вы сцвярджаеце, што яны тут для маёй абароны. Каб мне раптам не пераблытаць іх...

На што ўкормлены, прылізаны, дорага апрануты чалавек з ліку арганізатараў мерапрыемства, падобны да якога-небудзь дэпутата, ёй адказваў: «Нешта вы шмат пытанняў задаеце. Вы, напэўна, бандэраўка. Не? Ды па вас адразу бачна, што вы прынамсі ім спачуваеце».

Як на мой погляд, бачна па гэтай жанчыне было адно тое, што яна не пазбаўлена дасціпнасці.

Прадчуваючы цікавую размову, я дастаў дыктафон. Аж раптам дзядзька, дасюль упэўнены ў сабе, нахабна ўсмешлівы, пацямнеў з твару і замахаў рукамі: «Прыбярыце, прыбярыце! Ніякіх запісаў! На пытанні я адказваць не буду! Што вы не разумееце? Ну, вы многа чаго яшчэ, мабыць, не разумееце».

«Мы глядзім расійскае тэлебачанне і ведаем...»

Размаўляць пад запіс на адэскім Антымайдане чамусці не хацеў не ён адзін. Нават беларус, якога прывялі да мяне ледзь не за шкірку, катэгарычна адмовіўся. З цяжкасцю я адшукаў маладога чалавека, каардынатара арганізацыі «Грамадзянскае сумленне», згоднага адказаць на пытанні.

Атрад Антымайдану

 

Трэба заўважыць, хоць і не адразу, але я атрымаў шчырыя адказы. Найперш мяне цікавіла пытанне акупацыі Крыму і магчымага ўварвання расійскіх войскаў на матэрык. Прамым тэкстам аб гэтым у арганізацыйных паперах нічога не гаворыцца, але ў плане дзеянняў ёсць адзін цікавы пункт: «У выпадку сілавога разгону нашага мітынгу Расійская Федэрацыя, як найбліжэйшы наш саюзнік, мае права на ўзброеную абарону мірных грамадзянаў ад ультраправых тэрарыстычных груповак».

Мой суразмоўца шчыра абурыўся слову «акупацыя» у дачыненні да Крыму: як гэта, назваць наш брацкі рускі народ акупантамі? Яны вызваліцелі! Ад каго? Ад «партыі украў» — псеўданароду, штучна створанага ў лабараторыях Захаду. Мы б хацелі перамагчы «украў» мірным шляхам, на рэферэндуме, і гэта лёгка можна было б зрабіць, каб нам не супрацьстаялі ўзброеныя тэрарысты. У нас няма сілаў з імі змагацца, тое маюць зрабіць падрыхтаваныя людзі. Натуральна, мы спадзяемся на дапамогу саюзных войскаў. 

У нядзелю са сцэны ўжо голасна раздавалася: «Спачатку Крым, потым — Адэса!»

На мітынгу пахла густа завараным антыфашызмам. Дворнік Ніна Качаноўская, вядомая ў Адэсе як «міс барыкада», распавяла пра паход да германскага консульства з прэзерватывамі: «Фашысты не павінны нараджацца!» У натоўпе горача абмяркоўвалі пытанне генэтыкі: «Толькі ў нас, у славянаў, сапраўдныя гены засталіся. А вось у французаў наогул ніякага генатыпу няма, размытае нешта. Таму яны нашых дзяцей і ўсынаўляюць».

Перад сцэнай лунаў сцяг з выявай Сталіна і подпісам: «Абаронца святой Русі».

Мне стала млосна і я хутчэй пабег адсюль. Але мяне дагнаў чалавек, які папрасіў яго выслухаць і запісаць, бо ён ведае «як вырашыць гэты канфлікт». Трэба тэрмінова данесці ягоную ідэю да Пуціна. Рашэнне аказалася сапраўды арыгінальным:

— Трэба забраць у іх, украінцаў, рускія літары і... гукі! Забараніць імі карыстацца. Калі вы такія незалежныя, вярніце! Што ў іх тады застанецца? Ыыыы, йііі, ээээ, і ўсё. Паглядзім, як яны тады запляшуць...

Я ведаў, што еду ў няпростае і асабіста мне не вельмі блізкае асяроддзе. Таму завязаў перад дарогай свае перакананні ў вузельчык і пакінуў у камеры захоўвання, як раілі зрабіць мне блізкія ў мэтах бяспекі. Пагатоў, патрабаванне бесстароннасці і збалансаванасці для журналіста ніхто не адмяняў.

Відавочна, карціна адэскага грамадства атрымалася на карысць праціўнікаў федэралізацыі. Суворы прыхільнік балансу ў падачы матэрыялу можа сказаць, што мой артыкул тэндэнцыйны.

Шчыра скажу, я ненаўмысна. Для таго, каб карціна атрымалася іншай, мне б давялося падхарошваць адэскіх антымайданаўцаў, прыдумляць за іх разумныя аргументы, абгрунтаваныя матывы. Або проста нічога не пісаць пра Антымайдан. 

Апроч бясконцых мантраў пра «бандэраўцаў», «брацкія народы» і «падступны Захад», я тут нічога і не пачуў. Дзіва што, калі амаль кожны адказ пачынаўся не са словаў «Я думаю», а з фразы: «Я гляджу расійскія тэлеканалы і ведаю...»

Абмеркаванне:

  • Тарэсса
  • 2014-03-18 15:37:06
Ураджвае! Дзякуй за артыкул. Хай Бог дае розум кожнаму.
  • Кирилл
  • 2014-03-19 16:03:46
Про ITишников не соглашусь. Наши совсем не пассивны.Может вам просто не повезло? кстати вот статья, где как раз есть про айтишника, кторый был на Плошчы в 2006-м. Он там многое объясняет.
http://news.tut.by/politics/391109.html

Каментаваць