Забраць ды падзяліць!

Нешта не тое робіцца ў нашым «каралеўстве». З рэвалюцыйнай заявай выступіў прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Адзінае шкада: што ўсё гэта ў духу спадара Шарыкава. Таго самага, які «Паліграф Паліграфавіч», — «Забраць ды падзяліць!».

«Калі бізнесмены на працягу першага квартала не рэалізуюць ужо пабудаванае жыллё, то мы яго забяром і прададзім маючым патрэбу», — заявіў Аляксандр Лукашэнка ў ходзе наведвання Мінскага маторнага завода 24 лютага.

Нешта не тое робіцца ў нашым «каралеўстве». З рэвалюцыйнай заявай выступіў прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Адзінае шкада: што ўсё гэта ў духу спадара Шарыкава. Таго самага, які «Паліграф Паліграфавіч», — «Забраць ды падзяліць!».

«Калі бізнесмены на працягу першага квартала не рэалізуюць ужо пабудаванае жыллё, то мы яго забяром і прададзім маючым патрэбу», — заявіў Аляксандр Лукашэнка ў ходзе наведвання Мінскага маторнага завода 24 лютага.

«Я бачу, што ўжо пабудаваныя дамы не здаюцца ў эксплуатацыю, — зазначыў А. Лукашэнка. — Што адбываецца? Насельніцтва чакае танных крэдытаў, каб набыць гэта жыллё, пажадана пад 5–7%. Бізнесмены ж стаіліся, думаюць, што дзяржава цяпер укіне пэўную колькасць грошай, і яны зноў па 2–3 тысячы долараў за квадратны метр будуць прадаваць. Гэтага не будзе». А. Лукашэнка паставіў задачу да канца першага квартала рэалізаваць усё пабудаванае жыллё па цане, блізкай да сабекошту. «Добра, калі яны прададуць па сабекошту», — адзначыў ён.

Нічым іншым, як рэвалюцыйнай ідэалогіяй, патлумачыць гэта немагчыма. «Бізнесмены ж прытаіліся», — трэба іх раскулачыць. «Мы яго адбяром», — гэта ўвогуле не лезе ні ў якія вароты. На падставе чаго адбяром? Па рашэнні суда? На падставе чаго суд прыме такое рашэнне? «Прададуць па сабекошту»? Хто будзе вызначаць гэты «сабекошт»? Ці не тыя бізнесмены, якія «прытаіліся»?

Услед за Аляксандрам Лукашэнкам выступіў міністр эканомікі Мікалай Зайчанка. Паводле яго слоў, вядучым айчынным аператарам сотавай сувязі — МТС і Velcom — прапанавана перагледзець свае пазіцыі па павышэнні тарыфаў на 18 працэнтаў і вярнуцца да ранейшых тарыфаў. «Калі гэта не будзе зроблена, то Міністэрства эканомікі як антыманапольны орган будзе вымушана прымяніць дзяржаўнае рэгуляванне, гэта значыць уключыць гэтых аператараў у пералік манапалістаў», — заявіў кіраўнік эканамічнага ведамства.

Спадару Зайчанку трэба быць больш стрыманым у сваіх выказваннях. Інакш яго заваляць скаргамі. Калі «Міністэрства эканомікі як антыманапольны орган», то менавіта ад Міністэрства эканомікі трэба патрабаваць распаўсюду нашай улюбёнай газеты «Новы час». Чаму яе не распаўсюджваюць манапалісты «Белсаюздрук» і «Белпошта»? Давайце, спадар Зайчанка стане паштальёнам і будзе разносіць «Новы час» усім зацікаўленым асобам!

А калі сур’ёзна — то выказванне спадара Зайчанкі сведчыць, што аніякай рынкавай эканомікі ў Беларусі няма. «Антыманапольны орган», які ўказвае, што рабіць дзвюм (!) кампаніям... Выбачайце, дзве — не манапалізм. «Дзяржаўнае рэгуляванне» сотавых аператараў, адзін з якіх амаль напалову (49%) належыць Расіі (МТС), а другі — Аўстрыі (кантрольны пакет акцый «Velcom», які належаў дзяржаве, быў прададзены ў жніўні 2007 года другому саўладальніку кампаніі — «SB Telecom» (Кіпр). У кастрычніку таго ж года аўстрыйская кампанія «Telekom Austria Group» набыла 70% акцый «SB Telecom»), — ні ў якія межы не кладзецца.

Больш за тое: нішто проста так з неба не падае. За базавыя станцыі, за роўмінг, за замежныя паслугі мабільныя аператары плацяць грошы. І не ў рублях, а ў замежнай валюце. Таму яны папросту самі вымушаны падымаць кошты рублёвыя, каб набыць за гэтыя рублі валюту і потым разлічыцца са сваімі партнёрамі.

Канешне, ёсць і прапанова. Каб мабільныя аператары не павышалі б кошты на 18%, давайце «адкруцім назад» дэвальвацыю беларускага рубля напачатку Новага года. Бо менавіта з-за дэвальвацыі ўзнялі кошт мабільныя аператары. Фінансавая палітыка павінна быць у юрысдыкцыі Міністэрства эканомікі, ці не так, спадар Зайчанка?

Не, я не супраць, каб сувязь патаннела. Але я ведаю, што нічога ў жыцці бясплатна не бывае. Яшчэ ў школе мяне навучылі, што ёсць такі закон: закон захавання матэрыі і энергіі. І калі нешта недзе знікла, — значыць, нешта недзе з’явілася. Калі мы плацім за сувязь — з’яўляюцца новыя базавыя станцыі, паляпшаецца якасць абслугоўвання. Калі нехта будуе жыллё — яму трэба цэгла і бетон. А цэгла і бетон — таксама не задарма.

А вось у каго варта «адабраць ды падзяліць», — гэта ў сапраўдных манапалістаў. Вядома, што адзіны першасны правайдэр па прадстаўленні паслуг інтэрнэту — «Белтэлекам». Беларускія блогеры параўналі тарыфы еўрапейскіх правайдэраў з «Белтэлекамам». Беларусы ў параўнанні з Польшчай плацяць за інтэрнэт больш у 70 разоў! А калі параўноўваць з Расіяй або з Англіяй... «Лепш не параўноўваць, дзеля захавання душэўнага спакою», — раяць блогеры.

Гэта прытым, што нармальнага параўнання... не атрымалася! Бо еўрапейскія правайдэры прадстаўляюць хуткасць падлучэння да 10 Мбіт у секунду, а «Белтэлекам» — не больш за 1 Мбіт/с.

І ледзь-ледзь Беларусь не трапіла ў Еўропу. Гэта той выпадак, пра які кажуць «а шчасце было так магчыма, і так магчыма, і вось так»… У паведамленні «РИА Новости» пра тое, што 23 лютага ў Бруселі міністры замежных спраў ЕС прынялі рашэнне пра сяброўства Беларусі ў праграме «Усходняе партнёрства», была звычайная памылка. «Еўрасаюз пакуль не прыняў канчатковага рашэння пра ўключэнне Беларусі ў праграму «Усходняе партнёрства», — паведаміў Ян Сліва, прэс-сакратар пастаяннага прадстаўніцтва Чэхіі, якая старшынствуе ў ЕС. — Рашэнне будзе прынятае прыкладна ў сакавіку».

У выніковым дакуменце аб пасяджэнні кіраўнікоў МЗС краін ЕС, што прайшло 23 лютага ў Бруселі, указваецца, што міністры абмеркавалі «падрыхтоўку да прыняцця» ініцыятывы «Усходняе партнёрства». Чакаецца, што ў сакавіку новую палітыку ўхваляць кіраўнікі ЕС. Устаноўчы саміт «Усходняга партнёрства» пройдзе 7 мая ў Празе. Да ўдзелу ў праграме «Усходняе партнёрства» запрошаныя шэсць постсавецкіх краін — Азербайджан, Арменія, Беларусь, Грузія, Малдова і Украіна. Удзел Беларусі пакуль пад пытаннем.

Каментаваць