Забытае свята — 15 сакавіка

У многіх цывілізаваных краінах свету гадавіна прыняцця Асноўнага закона — Канстытуцыі — адзначаецца як дзяржаўнае свята. У Беларусі — гэта нават не выходны дзень (праўда, сёлета ён прыпаў на нядзелю, 15 сакавіка). І не дата, якую ўзгадваюць на кожным кроку. Бо што такое Канстытуцыя ў сённяшніх беларускіх варунках? Так, проста дакумент, чарговы, шараговы.



Праўда, напярэдадні 21-х угодкаў прыняцця Канстытуцыі пра яе ўзгадаў самы галоўны тутэйшы чыноўнік, які павіншаваў суайчыннікаў. “Асноўны закон, які з’яўляецца адным з сімвалаў беларускай дзяржаўнасці, стаўся фундаментам сістэмы палітычных, эканамічных і сацыяльных стасункаў, зацвердзіў прынцыпы канстытуцыйнага ладу, замацаваў правы, свабоды і абавязкі грамадзянаў. Абапіраючыся на нормы Канстытуцыі, мы будуем сваю суверэнную сацыяльную прававую дзяржаву, якая забяспечвае грамадзянам мір і стабільнасць. Спакой і бяспека, адукацыя і здароўе нацыі, прыстойны ўзровень жыцця і камфортныя ўмовы пражывання прызнаны нашымі прыярытэтнымі задачамі. Упэўнены, што дзякуючы адзінству і мудрасці народа, мы здольныя дасягнуць пастаўленых мэтаў”, — сказаў Лукашэнка. 

Падаецца, правільныя словы. Але ж ці ўсё так у беларускай рэальнасці? Магу дапусціць меркаванне, што галоўны чыноўніка таму згадаў пра Дзень Канстытуцыі, што менавіта дзякуючы ёй ён “усур’ёз і надоўга” прыйшоў да вярхоўнай улады ў нашай краіне, больш за дваццаць гадоў застаючыся бяззменным яе правадыром.

Тая Канстытуцыя, якая прымалася ў 1994 годзе, прадугледжвала толькі два тэрміны знаходжання адной асобы на чале дзяржавы. Вось тут амбітны шклоўскі палітык і пачаў гэтую самую Канстытуцыю  ламаць на свой капыл.    

Тры так званыя рэферэндумы, вынікі якіх не былі прызнаны міжнароднай супольнасцю, змянілі Асноўны закон да непазнавальнасці, ператварыўшы ад пачатку меркаваную дэмакратычную краіну ў аўтаркію, дзе не бачна канца кіраванню аднаго чалавека. З нейтральнай краіны, што замацавана ў Канстытуцыі, Беларусь стала ўдзельніцай розных саюзаў, у тым ліку і ваенных, як тая ж Арганізацыя Дагавора аб калектыўнай бяспецы, ператварылася ў цесную хаўрусніцу агрэсіўнай Расіі. І нават дазволіла размясціць на сваёй тэрыторыі дадатковыя расійскія ваенныя (авіяцыйныя) базы.

Беларуская мова ўжо не ёсць адзінай дзяржаўнай, яна знаходзіцца ў глыбокім заняпадзе, гістарычныя бел-чырвона-белы сцяг і Герб “Пагоня” — больш не дзяржаўныя сімвалы. Наадварот, фактычна забароненыя, хоць менавіта пад гэтымі сімваламі даваў прысягу першы Гарант.

А хіба ў нас бясплатная адукацыя ды медыцына, як тое было замацавана ў першай Канстытуцыі сучаснай незалежнай Беларусі? І што, у нас усе, як сцвярджае Лукашэнка, маюць “прыстойны ўзровень жыцця і камфортныя ўмовы пражывання”? Адказ відавочны.

Пра тое, як у нас забяспечваюцца правы і свабоды грамадзянаў, можна і не казаць. Прыклад з пераследам апанентаў улады, праваабаронцаў, незалежных сродкаў масавай інфармацыі і асобных журналістаў, забарона на вулічныя акцыі ў шматлікіх рэгіёнах краіны, наяўнасць у Беларусі палітычных вязняў — ці гэта адпавядае нават цяперашняй з большага гіпертрафіраванай і шматкроць перапісанай Канстытуцыі?   

І, дарэчы, яшчэ пад пытаннем, ці захавае Беларусь свой суверэнітэт. Апетыты пуцінскай Расіі, ахопленай шавіністычна-імперскай істэрыяй, толькі ўзрастаюць. Крамлёўскі небажыхар ужо нават даў загад сваім памагатым да верасня разгледзець пытанне валютнай інтэграцыі ў рамках ЕАЭС. А высокі беларускі чыноўнік — старшыня Савета Рэспублікі, нядаўні прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч паддана выказаўся за інтэнсіфікацыю інтэграцыі ў гэтай галіне. Хоць гэта, на думку экспертаў, можа азначаць яшчэ большую залежнасць Беларусі ад Расіі, страту валютна-фінансавай самастойнасці (хаця ўжо сёння вельмі цяжка казаць пра гэтую самастойнасць).

Дык якую ж ролю ў нашым жыцці адыгрывае зараз Канстытуцыя? Сёння, трэба шчыра сабе прызнацца, ніякую. Дзяржава ў асобе яе галоўнага начальніка зрабіла ўсё, каб краіна жыла не па Асноўным законе, а паводле мэтазгоднасці. Мэтазгоднасці яе вышэйшага кіраўніцтва. А сама Канстытуцыя засталася проста атрыбутам пакуль яшчэ фармальна самастойнай дзяржавы. Пакуль яшчэ. 

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2015-03-16 20:33:16
"галоўны чыноўніка таму згадаў пра Дзень" - ага, чыноўніка згадаў, аднака.

"Тры так званыя рэферэндумы, вынікі якіх не былі прызнаны міжнароднай супольнасцю..." Ай, не падманвайце сябе. Вынікі першага рэферэндуму (1995 г.) дакладна былі прызнаны, а дэ-факта
ЗША і Зах. Еўропа (не кажучы пра іншую "супольнасць") прызналі і тое, што адбылося ў 1996 г. і 2004 г.

Каментаваць