Захавайма нашую гістарычную памяць

Гаворыцца ў звароце да дэмакратычнай грамадскасці Беларусі, прынятым 26 лістапада ў Мінску на круглым стале «Дакументы найноўшай гісторыі, як сродак фармавання дэмакратычных і нацыянальных каштоўнасцяў у свядомасці беларусаў. Роля сучасных сродкаў захавання інфармацыі і камунікацыі».



Аўтары звароту падкрэсліваюць, што сёння, як і ў савецкія часы працягваецца фальшаванне гістарычнай праўды і маніпуляванне мінуўшчынай у інтарэсах улады.
 
 
“Праз праўладныя СМІ, афіцыйных публіцыстаў і гісторыкаў ствараецца несапраўдны малюнак грамадскага і палітычнага жыцця ў апошнія два дзесяцігоддзі. Большасць матэрыялаў па найноўшай гісторыі нашай краіны, якія маюць дачыненні да грамадзянскай супольнасці і палітычнай апазіцыі, не захоўваюцца і не даступныя для даследчыкаў. Беларусі пагражае ізноў апынуцца без уласнай гісторыі, бездапаможнаю перад рознымі маніпулятарамі мінуўшчыны і будучыні. Мы ўпэўненыя, што захаванне дакументальнай спадчыны найноўшай гісторыі, найперш спадчыны дэмакратычных рухаў, грамадзянскай супольнасці і палітычных арганізацый надзвычай важнае для фармавання аб’ектыўнага погляду на сучасную гісторыю Беларусі, для стварэння праўдзівых нацыянальных гістарычных канцэпцый і для выхавання ўсіх пакаленняў беларускага грамадства. Таксама застаецца важным і захаванне дакументальнай спадчыны папярэдніх, савецкіх часоў. Гэта тычыцца не толькі рэпрэсій ці антысавецкага супраціву, але ўсіх аспектаў функцыянавання грамадства”, -- адзначаецца ў звароце.
 
 
Яго аўтары звяртаюцца да ўсіх дэмакратычных арганізацый Беларусі і іх актывістаў, краязнаўцаў і гісторыкаў з заклікам збіраць і захоўваць дакументы найноўшай гісторыі краіны. “Але захаваць дакументы – толькі першы крок. Чым больш такіх сведчанняў мінулага будуць адкрытымі для грамадства і навукоўцаў, тым менш шансаў застанецца для фальсіфікатараў гісторыі. Гэтыя матэрыялы стануць даступнымі праз сайты і публікацыі тых, хто мэтаскіравана займаецца захаваннем нашай гістарычнай спадчыны. Дапагайце такім інстытуцыям і ініцыятывам, перадавайце для публікацыі матэрыялы ці іх копіі, падтрымлівайце даследаванні, дзяліцеся ведамі і ўспамінамі. Захаваная памяць пра мінулае вернецца лепшай будучыняй”, -- гаворыцца ў звароце.
 
 
На пасяджэнні абмяркоўваліся наступныя тэмы:
 
— Роля грамадскіх ініцыятываў у захаванні гістарычнай памяці Беларусі
— Найноўшая гісторыя і выхаванне дэмакратычнай свядомасці.
— Дакументы найноўшай гісторыі і гістарычная адукацыя.
— Электронныя архівы і бібліятэкі як крыніцы для даследвання гісторыі Беларусі.
— Захаванне вуснай гісторыі з выкарыстаннем сучасных камунікацыйных сродкаў.
 
 
Па гэтай тэматыцы свае напрацоўкі прадставілі грамадскі электронны архіў “Вытокі” (vytoki.net) і інтэрнэт-праект “Беларускі архіў вуснай гісторыі” (nashapamiac.org).
 
 
Удзельнікі пасяджэння падтрымалі прапановы аб падрыхтоўцы ілюстраванага зборніку дакументаў і ўспамінаў “Чорная кніга сталінізму ў Беларусі”, навукова-практычнай канферэнцыі па аналізу афіцыйных падручнікаў па найноўшай гісторыі Беларусі з удзелам настаўнікаў гісторыкаў і бацькоў вучняў, а таксама альтэрнатыўнага электроннага курсу найноўшай гісторыі Беларусі. На круглым стале была ўхвалена прапанова аб правядзенні да 15 траўня 2014 году конкурсу для вучняў старшых класаў сярэдніх школ і навучэнцаў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў “1939 год у памяці жыхароў Беларусі”, прысвечанага 75-годдзю аб’яднання этнічных земляў Беларусі ў межах БССР. Пераможцы конкурсу і найбольш актыўныя кіраўнікі атрымаюць каштоўныя прызы і дыпломы, лепшыя працы ўдзельнікаў конкурсу будуць апублікаваныя, а іх аўтараў запросяць на навуковую канферэнцыю з удзелам вядомых гісторыкаў.
 
 
Акрамя таго, удзельнікі пасяджэння звярнулі ўвагу на неабходнасць далейшага збору і ўпарадкавання пісьмовых, выяўленчых і рэчавых матэрыялаў, што тычацца дзейнасці маладзёвых творчых згуртаванняў канца 1970-1980-х гадоў – Беларускай спеўна-драматычнай майстроўні і клубу “Талака”, заснавання Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”, а таксама запісу ўспамінаў іх удзельнікаў.
 
 
Арганізатарами клуглага стала выступілі ГА “Дыярыуш” і грамадскі электронны архіў “Вытокі”.

Каментаваць