Алена Макоўская: Захаванне беларускай ідэнтычнасці — галоўная ўмова жыцця нацыі

Пра гэта на VI з’ездзе беларусаў свету заявіла кіраўнік міжнароднага грамадскага аб’яднання Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» Алена Макоўская.



Алена Макоўская. Фота Марата Гаравога


Паводле яе слоў, беларуская дыяспара налічвае больш за тры мільёны чалавек — велізарны чалавечы рэсурс.

«Але не толькі гэта. Дыяспара яшчэ мае эканамічны, сацыяльна-культурны і грамадска-палітычны патэнцыял. І важнасць гэтага патэнцыялу ўзрастае ва ўмовах глабалізацыі, калі адбываецца знікненне межаў, ідзе актывізацыя свабодных патокаў людзей, ідэй, тавараў, падыход да сваёй дыяспары, як да важнейшага знешнепалітычнага эканамічнага рэсурсу сустракае ўсё большы распаўсюд у міжнароднай практыцы. Мы спадзяемся, што такі падыход будзе і ў Рэспублікі Беларусь, таму што гэта шлях у будучыню», — сказала кіраўнік аб’яднання.

Яна звярнула ўвагу на тое, што паваенная хваля беларускай эміграцыі, якую складалі носьбіты сапраўднай нацыянальнай ідэнтычнасці і самабытнасці, здолела і без падтрымкі савецкай дзяржавы супрацьстаяць асіміляцыі, выжыць і стварыць свае нацыянальныя цэнтры, якія існуюць да гэтай пары.

«Сёння бальшыня эмігрантаў, якія з’язджаюць з Беларусі, не маюць глыбокай нацыянальнай і культурнай повязі са сваёй Радзімай. Таму мы і ставім пытанне захавання беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці як самае галоўнае і актуальнае для жыцця беларусаў на Бацькаўшчыне і па-за яе межамі», — падкрэсліла Макоўская. 

Сярод фактараў, якія могуць спрыяць страце эмігрантамі-беларусамі нацыянальнай ідэнтычнасці, яна назвала закон аб карце паляка (Польшча), а таксама падрыхтоўку ў Расіі закону аб радыкальным спрашчэнні атрымання расійскага грамадзянства для суайчыннікаў — мільёнаў жыхароў суседніх краінаў. Акрамя таго, паводле слоў старшыні рады «Бацькаўшчыны», на вымыццё з Беларусі самага каштоўнага рэсурсу — людзей і іх далейшую асіміляцыю будзе ўплываць прынятая напрыканцы мінулага году ў Расіі новая рэдакцыя праграмы перасялення суайчыннікаў, якая прадугледжвае кампенсацыю дарожных выдаткаў і сацыяльную дапамогу на час працаўладкавання.

Алена Макоўская заклікала беларускую дзяржаву праводзіць сваю палітыку, звязаную з нацыянальнымі інтарэсамі Беларусі. На яе меркаванне, гаворка ідзе пра тое, каб прыцягваць на Бацькаўшчыну высокакваліфакаваных спецыялістаў, асабліва з беларусаў замежжа.

«І, нарэшце, зрабіць працу з беларускім замежжам адным з прыярытэтаў сённяшняй палітыкі нашай дзяржавы. Мы не можам супрацьстаяць працоўнай міграцыі. Мы жывем у часы глабалізацыі. Але мы можам агульнымі высілкамі дзяржавы і грамадскасці супрастаяць асіміляцыі, развіваць і падтрымліваць нацыянальную культуру, зрабіць так, каб нацыянальная мова беларускага народа заняла належнае месца ва ўсіх сферах жыцця. Мы можам хаця б пачаць гэты працэс», — адзначыла кіраўнік «Бацькаўшчыны».  

Каментаваць