«Заходнебеларуская Атлантыда» — хутка прэзентацыя

У выдавецтве «Галіяфы» ўбачыла свет «Заходнебеларуская Атлантыда» — кніга кандыдата гістарычных навук і журналіста НЧ Ігара Мельнікава. Гэта другое выданне з серыі «Бібліятэчка Новага часу».



Кніга прысвечана гісторыі Заходняй Беларусі ў міжваенны час. У яе ўвайшлі артыкулы Ігара Мельнікава, большасць з якіх была надрукавана на старонках нашай газеты.

Першы раздзел выдання прысвечана аналізу гісторыі заходнебеларускіх тэрыторый у складзе Другой Рэчы Паспалітай. Чытачы змогуць пазнаёміцца як з жыццём звычайных беларусаў у 1921–1939 гады, так і з біяграфіяй цікавых гістарычных асоб, звязаных з нашай краінай. Асаблівую цікавасць выклікаюць нарысы, прысвечаныя гісторыі крыміналу ў Віленскім, Навагрудскім і Палескім ваяводствах міжваеннай Польшчы.

У другім раздзеле распавядаецца пра падзеі верасня 1939 года, удзел беларусаў у складзе польскага войска ў Вераснёўскай кампаніі 1939 года, малавядомыя бітвы Войска Польскага з нямецкім вермахтам і Чырвонай Арміяй, якія адбываліся на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў самым пачатку Другой Сусветнай.

У трэцяй частцы кнігі аналізуецца гісторыя сталінскіх рэпрэсій супраць грамадзян Заходняй Беларусі, а таксама сумнавядомы Беларускі катынскі спіс.

Нарэшце, у чацвёртым раздзеле выдання змешчаны нарысы пра некаторыя малавядомыя старонкі гісторыі Беларусі.

“Гэта кніга — вынік маёй пяцігадовай працы ў архівах розных краін. Акрамя гэтага, за гэты час я аб’ездзіў і ўбачыў шматлікія мясціны Беларусі і пазнаёміўся з цікавымі сведкамі той эпохі, якую мы зараз называем “міжваенны час”. Акрамя гэтага, у маёй прыватнай калекцыі вялікая колькасць аўтэнтычных здымкаў, матэрыялаў і дакументаў 1920-1940 гадоў, частка з якіх апублікавана ў “Заходнебеларускай Атлантыдзе”. Прыйшоў час, каб сучасныя беларусы адкрылі для сябе гістарычную праўду пра падзеі 1921-1939 гг. у Заходняй Беларусі”, — адзначыў Ігар Мельнікаў.

У пачатку 2015 года ў Мінску адбудзецца прэзентацыя “Заходнебеларускай Атлантыды”, падчас якой кожны жадаючы зможа атрымаць кнігу з аўтографам аўтара. Плануецца, што выданне таксама будзе прадстаўлена і ў іншых гарадах Беларусі, а таксама за мяжой.

Абмеркаванне:

  • Фёдар
  • 2014-12-26 03:09:32
Вельмі цікава. Хацеў бы ведаць час прзентацыі і пазнаёміцца з аўтарам кнігі. На мой погляд, у мяне ёсць цікавы прадмет гэтага часу.
  • НЧ
  • 2014-12-26 14:40:01
Дзякуй за цікавасць. Месца і дату прэзентацыі мы паведамім у першыя дні новага года.
  • Сяргей Чыгрын
  • 2014-12-26 15:20:09
Віншую Ігара Мельнікава з выданнем кнігі. Дзякуй яму за добрыя артыкулы і Новаму часу за выданне кнігі.
  • адлуп
  • 2014-12-27 17:59:41
Лішняе пацьверджаньне місіі носьбітаў русссскіх прозьвішчаў на беларускай зямлі: сьпярша вось такі ўброс інфармацыі пра заходнебеларусаў, усходнебеларусаў, потым акцыя пратэсту, апалчэніе і вайна. Ну
хаця б з бандэрафашыстамі заходнебеларускімі.
  • Алесь Жыхар
  • 2014-12-27 22:53:29
Хворы ты, ці што? А хіб што правакатар. Мельнікаў добрую працу зрабіў, каб беларусы сваю гісторыю ведалі
  • адлуп
  • 2014-12-28 02:19:22
І Штырліц быў для Мюлера ня хворым, але плтым адзін стаў героем севецкага саюзу, а другі застрэліўся. Ты таксама здаровы стралок?

Каментаваць