Зацверджаны аргкамітэт і журы конкурсу «Курапаты — народны мемарыял»

Зацверджаны склад аргкамітэту і журы адкрытага грамадскага творчага конкурсу на лепшую ідэю мемарыялізацыі Курапатаў і на лепшы мастацкі твор па тэматыцы гэтай трагічнай старонкі айчыннай гісторыі пад дэвізам «Праз Курапаты — да пакаяння».

 

У склад аргкамітэту ўвайшлі прадстаўнікі грамадскіх структураў — заснавальнікаў конкурсу, у тым ліку грамадзянскай ініцыятывы “Эксперты ў абарону Курапатаў”, суполкі “Пагоня” Беларускага саюзу мастакоў і Беларускай асацыяцыі журналістаў.  

 

Журы конкурсу ўзначальвае беларускі мастак і грамадскі дзеяч Аляксей Марачкін. Яго намеснікамі абраныя акадэмік Радзім Гарэцкі і паэт Анатоль Вярцінскі. У журы ўвайшлі вядомыя беларускія навукоўцы, у тым ліку археолагі і гісторыкі, а таксама дзеячы культуры. Да канца траўня фарміраванне складу журы будзе завершана.

 

У палажэнні конкурсу, між іншым, зазначаецца, што Курапаты — гэта адначасова і сімвал генацыду беларускага народу, і еўрапейскі мемарыял памяці ахвяр сталінізму з розных краін, рознага паходжання, забітых на беларускай зямлі.


Заснавальнікі спаборніцтва  — 13 структур грамадзянскай супольнасці — прапануюць конкурс творчых ідэй і прац, выкананых у розных відах пластычных мастацтваў, а таксама ў музыцы, літаратуры, тэатры і кіно. Тэматыка конкурсу — Курапаты, памяць пра ахвяры, непрыняцце гвалту і бальшавізму, пакаянне за ўдзел людзей у злачынствах таталітарнага рэжыму, а таксама за тое, што мы маглі і можам зрабіць, але не зрабілі дзеля праўды, волі і годнага жыцця. Мастацкія формы ўвасаблення тэм мусяць быць у гармоніі з духам існага Народнага мемарыялу, а таксама не павінны навязваць пэўных ідэалагічных або рэлігійных канцэпцый.


Пры ацэнцы ідэй і прац, звязаных з асэнсаваннем прасторы мемарыялу, перавага будзе аддавацца праектам, якія інтэгруюць тэрыторыю гістарычна-культурнай каштоўнасці, улічваюць візуальнае ўспрыманне мемарыялу звонку, а таксама вобразныя і інфармацыйныя магчымасці ахоўнай зоны і зоны рэгуляванай забудовы вакол каштоўнасці.


Вынікі конкурсу дапамогуць распрацоўваць будучыя дэталёвыя праекты мемарыялу, прапануюць грамадству выразныя вобразы і сімвалы, неабходныя для аднаўлення гістарычнай памяці. На думку арганізатараў, конкурс прыцягне ўвагу грамадства, паспрыяе пашырэнню гістарычных ведаў, узбудзіць творчую актыўнасць розных пакаленняў мастакоў, увогуле будзе карысным для кансалідацыі грамадства і ўмацавання заснаванай на каштоўнасцях свабоды і гуманізму ідэнтычнасці сучаснай беларускай нацыі. Арганізатары спадзяюцца, што чарговыя туры конкурсу змогуць адбывацца і надалей, а лепшыя конкурсныя працы ўвойдуць у фонды і экспазіцыю будучага Музею Курапатаў.


Да ўдзелу ў конкурсе запрошаныя паўнагадовыя грамадзяне Беларусі і замежжа, якія пададуць творчую працу адпаведна ўмовам творчага спаборніцтва.

 

Яно праводзіцца ў тры этапы (першы з 15 траўня па 31 жніўня 2016, калі ўдзельнікі рыхтуюць свае працы і дасылаюць неабходныя матэрыялы ў журы; другі —


з 1 верасня па 15 кастрычніка 2016, калі журы адбірае працы для дэманстрацыі на выніковай выставе; трэці з 16 кастрычніка па 30 лістапада 2016, калі вынікі конкурсу дэманструюцца на II дакументальна-мастацкай выставе “Праўда пра Курапаты. Факты, дакументы. сведчанні”. Падчас выставы журы вызначыць працы-пераможцы творчага спаборніцтва і адзначыць іх ганаровымі ўзнагародамі.

На конкурс прымаюцца творчыя працы ў галіне пластычных мастацтваў па наступных намінацыях:

  • архітэктурны праект;
  • архітэктурна-ландшафтны праект;
  • скульптура;
  • жывапіс;
  • графіка;
  • арт-аб'ект;
  • фатаграфіка;
  • відэаінсталяцыя.

 

Таксама ў межах асобных намінацый прымаюцца працы ў любых жанрах такіх мастацтваў, як

  • літаратура;
  • музыка;
  • тэатар;
  • кіно.

 

Больш падрабязна з умовамі ўдзелу ў конкурсе можна пазнаёміцца на сайце Грамадскага электроннага архіву "Вытокі" www.vytoki.net

 

Каментаваць