Зацверджана канцэпцыя папулярызацыі ў грамадстве гісторыі Курапатаў

6 лютага ў Мінску на чарговым пасяджэнні грамадскай ініцыятывы “За ўратаванне мемарыялу Курапаты" зацверджана канцэпцыя праграмы папулярызацыі ў грамадстве гісторыі народнага мемарыяла. Канцэпцыя распрацаваная актывістамі кампаніі “Гавары праўду" Паўлам Вінаградавым і Юляй Ляшкевіч.



На думку распрацоўшчыкаў праграмы, яе рэалізацыя павінна выклікаць дыскусію у грамадстве наконт сталінскіх рэпрэсій, пераносу ў іншае месца рэстаранна-забаўляльнага комплексу “Бульбаш-хол", які будуецца каля народнага мемарыялу, а таксама прывесці да ўсведамлення кожным беларусам значэння Курапатаў у гісторыі краіны XX стагоддзя.

У якасці першачарговай задачы распрацоўшчыкі бачаць неабходнасць выказаць падзяку першаадкрывальнікам Курапатаў Зянону Пазняку і Яўгену Шмыгалёву (1927 ці 1928-01.09.2000), а таксама ўсім грамадска-палітычным структурам і іх актывістам, каторыя прычыніліся да справы ўвекавечвання памяці ахвяраў сталінізму.

Мяркуецца стварыць агульны фонд абароны Курапатаў, зрабіць папулярны сайт пра мінулае ўрочышча і выкарыстаць розныя магчымасці інтэрнэту для распаўсюджвання ведаў пра народны мемарыял і масавыя палітычныя рэпрэсіі 1920–1950-х гадоў, распрацаваць  сімвал Курапатаў, правесці тэматычны конкурс графіці, адкрытую экскурсію ў народны мемарыял для чыноўнікаў і апытанні розных слаёў грамадства пра Курапаты, арганізаваць масавую талаку ва ўрочышчы, падрыхтаваць серыю публікацый пра найбольш эмацыйныя і чалавечныя помнікі бязвінным ахвярам сталінізму, а таксама інтэрв’ю з вядомымі людзьмі пра іх рэпрэсаваных сваякоў.

Разам з тым, як падкрэсліла Юля Лашкевіч, прапанаваная канцэпцыя ў большай ступені можа быць названа не праграмай дзеянняў, а інфармацыяй для роздуму.

Пад час абмеркавання былі выказаныя думкі наконт таго, што каб аб’яднаць намаганні ўдзельнікаў ініцыятывы канцэпцыя патрабуе дапрацоўкі ў рэчышчы беларускіх нацыянальных каштоўнасцяў, а таксама адаптацыі менавіта да Курапатаў, як не толькі месца масавай згубы ахвяраў сталінізму і сімвала беларускага адраджэння, але і мажлівага будучага нацыянальнага некропалю.  

Каардынатар ініцытывы Ганна Шапуцька прапанавала асэнсаваць канцэпцыю і выказаць свае меркаванні па ўдзелу ў рэалізацыі асобных яе ідэй на працоўных пасяджэннях ініцыятывы. каторыя праводзяцца кожную сераду а 17.00 ў сталічнай сядзібе Партыі БНФ.

На пасяджэнні вырашана, што 28 лютага а 12.00 ў сталічнай сядзібе Партыі БНФ адбудзецца навукова-практычная канферэнцыя па праблемах пошуку ў Беларусі месцаў згубы ахвяраў сталінізму і ўвекавечвання іх памяці. Да ўдзелу ў канферэнцыі запрошаны гісторыкі і краязнаўцы, грамадскія дзеячы і палітыкі, мастакі і літаратары, а таксама прадстаўнікі дзяржаўных структур.  Пад час канферэнцыі запланавана дэманстрацыя выставы сябраў суполкі “Пагоня" Беларускага саюза мастакоў.

Свае меркаванні па ўдзелу ў канферэнцыі і назвы тэмаў запланаваных выступаў можна накіроўваць на электронны адрас memorial.bel@gmail.com

Каментаваць