Зацверджаны план дзейнасці рады кангрэсу за незалежнасць на 2015 год

11 студзеня ў Мінску на першым пасяджэнні рады Усебеларускага кангрэсу за незалежнасць зацверджаны план дзейнасці на бягучы год.



Як паведаміла карэспандэнту НЧ каардынатарка рады кангрэсу Алена Анісім, вядзецца збор подпісаў пад Маніфестам за незалежнасць Беларусі, а таксама падрыхтоўка сайту грамадзянскай ініцыятывы, які павінен запрацаваць напрыканцы студзеня.

Апроч таго, на бягучы год запланаваныя чатыры сесіі кангрэсу па пытаннях эканамічнага стану краіны, прэзідэнцкай выбарчай кампаніі, інфармацыйнай бяспекі, свабоды слова і сітуацыі з медыямі, а таксама адукацыі, культуры і мовы.

Сябры рады выказалі жаданне сустрэцца і далучыць да супрацы спецыялістаў для падрыхтоўкі сесіі па праблемах эканамічнага стану краіны, якая павінна адбыцца да сярэдзіны сакавіка. Гаворка ідзе пра ўдзел у гэтай сесіі прадпрымальнікаў, экспертаў, навукоўцаў-эканамістаў і прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў.

Наступнае пасяджэнне рады кангрэсу прызначана на 1 лютага.

Нагадаем, што 21 снежня 2014 года ў Мінску адбыўся Усебеларускі кангрэс за незалежнасць, на якім быў прыняты Маніфест за незалежнасць Беларусі. На меркаванне арганізатараў кангрэсу, калі маніфест збярэ мільён подпісаў грамадзянаў, ён можа стаць пераможнай праграмай дастойнага кандыдата ў прэзідэнты на будучых выбарах кіраўніка дзяржавы.

Абраная на кангрэсе рада ў складзе 17 чалавек плануе правесці шэраг сесій кангрэсу па самых надзённых пытаннях нацыянальнага жыцця з прыняццем адпаведных рэзалюцый і накіраваннем іх ва ўрад і Прэзідэнту. Такім чынам, кангрэс павінен стаць сталай пляцоўкай для абмеркавання найбольш важных праблемаў, што забяспечваюць існаванне суверэннай і незалежнай Беларусі. Праца рады будзе накіраваная і на тое, каб кожны раён Беларусі меў у кангрэсе адпаведнае прадстаўніцтва.

Каментаваць