Захарэвіч: «На сутках чытаў Оруэла ды пісаў вершы»

З Акрэсціна выйшаў бард і грамадскі актывіст Зміцер Захарэвіч, які адседзеў 20 сутак.

Змітра затрымалі 25 сакавіка ў раёне рэстарана Сузор’е, ён рухаўся ў бок акцыі, прымеркаванай да Дня Волі. Нягледзячы на прэвентыўны характар затрымання, Захарэвічу інкрымінавалі і «ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве», і «супраціў міліцыі». Агулам суд адмерыў 20 сутак — гэта адзін з найдаўжэйшых тэрмінаў, якія давалі ўдзельнікам акцыі ды актывістам.


Свой тэрмін Захарэвіч адбываў у ІЧУ на Акрэсціна. Са словаў барда, у душ за ўвесь час выводзілі толькі аднойчы, на шпацыр — далёка не кожны дзень. У камеры разам з ім трымалі чалавека, хворага на СНІД, што ёсць істотным парушэннем, але…

«Цікава, што адзін са службоўцаў яшчэ на пачатку сказаў, маўляў, тут слова справядлівасць — гэта «пустой трёп», — дзеліцца ўражаннямі Захарэвіч. — То бок скардзіцца можна ўжо на волі, пісаць у міжнародныя структуры, у інтэрнэце, куды заўгодна. А там — іх тэрыторыя, без справядлівасці».


Бард перачытаў за час адсідкі «1984» Джорджа Оруэла, кажа, што вельмі актуальна і добра лягло на нашы рэаліі. Таксама Захарэвіч пісаў вершы, адзін з іх прачытаў актывістам і журналістам, якія прыйшлі сустрэць яго ў дзень вызвалення. Тыя адказалі воплескамі, а Зміцер Каспяровіч урачыста ўручыў экс-вязню бясплатны квіток на канцэрт Лявона Вольскага ў Вільні.

Каментаваць