Займальныя гульні ў дыялог

Міністр знешнепалітычнага ведамства Беларусі Сяргей Мартынаў з’ездзіў на сустрэчу кіраўнікоў МЗС краін Еўрасаюза і «Усходняга партнёрства». У Брусэлі спадар Мартынаў спрабаваў навучыць еўрапейскіх чыноўнікаў «няўхільна выконваць базавыя прынцыпы праграмы Еўрасаюза «Усходняе партнёрства», на што атрымаў справядлівы адказ: палітвязням няма месца ў сэрцы Еўропы. Эксперты мяркуюць, што ўлады Беларусі хацелі стварыць прынамсі бачнасць «запаснога аэрадрому» на Захадзе.
 

Паказальна, што летась афіцыйны Мінск са скандалам праігнараваў саміт «Усходняга партнёрства», што ладзіўся ў Варшаве. Цяпер жа Сяргей Мартынаў выправіўся на сустрэчу да зацятых апанентаў беларускага палітычнага рэжыму, дзе прадказальна атрымаў на арэхі. «Мы зноў заявілі аб неабходнасці неадкладнага вызвалення і рэабілітацыі ўсіх палітвязняў, спынення любых рэпрэсій у краіне і правядзення сумленных і адкрытых парламенцкіх выбараў у верасні, — сказала вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан на прэс-канферэнцыі па выніках сустрэчы кіраўнікоў МЗС краін ЕС і «Усходняга партнёрства» 23 ліпеня ў Брусэлі. — Наша пасланне Беларусі было вельмі ясным і выразным: няма месца палітвязням у сэрцы Еўропы».

У той жа час, адзначыла кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі, ЕС захоўвае палітыку крытычнага ўзаемадзеяння з Беларуссю. «Усходняе партнёрства» з’яўляецца важнай платформай для прасоўвання Беларусі да еўрапейскіх каштоўнасцяў. Мы гатовыя паглыбіць наша супрацоўніцтва, як толькі палітычная сітуацыя ў Беларусі зменіцца», — сказала яна.

«Мартынаў выконвае тэхнічную ролю. Не ён персанальна прымае рашэнне ехаць ці не ехаць на падобныя сустрэчы, — гаворыць беларускі палітолаг Алесь Лагвінец. — Лукашэнка аддаў яму загад ехаць, бо для беларускага кіраўніка важна зараз навесці хоць якія масты з Захадам, прынамсі паказаць гэта Расіі. Па тым, што без істэрыкі былі запрошаныя на парламенцкія выбары ў Беларусі назіральнікі ад АБСЕ, можна меркаваць, што рэжым цяпер трэба паказаць  сваю зацікаўленасць гульнёй у дыялог». Эксперт падкрэслівае, што беларуска-расійскія адносіны цяпер выглядаюць быццам бы беспраблемнымі, але гэта толькі фасад. Бо толькі Лукашэнку і кіраўніцтву Крамля вядома, што хаваецца за перамовамі, фінансавымі лініямі для Беларусі.

Разам з тым яшчэ на пачатку ліпеня пастаянны прадстаўнік РБ пры ЕС Андрэй Еўдачэнка заявіў, што Беларусь адмаўляецца ад удзелу ў праграме «Еўрапейскі дыялог для мадэрнізацыі Беларусі». «Мы будзем працаваць у рамках толькі тых праграм, якія будуць сумесна распрацоўвацца і ўзгадняцца. Гаворка ішла аб тым, што ЕС распрацуе гэтую праграму ў цесным узаемадзеянні з намі. Другой умовай было тое, што гэтая праграма будзе накіравана на органы дзяржкіравання Беларусі і, у той жа час, на ўсё беларускае грамадства. Ні адна з гэтых опцый не была выканана Еўрасаюзам. Беларускі бок быў не толькі не запрошана да распрацоўкі праграмы, але і дзяржорганы былі ўнесены ў яе па рэшткавым прынцыпе», — заявіў тады беларускі дыпламат.

Калі верыць інфармацыі СМІ, то ўлады Беларусі панічна баяцца дыялогу з Еўропай у абыход іх. Прынамсі пра гэта сведчаць вытрымкі з ліста Мінадукацыі РБ, накіраванага ва ўстановы адукацыі яшчэ ў чэрвені бягучага года. «Паведамляем, што Еўрапейскім саюзам робяцца спробы арганізаваць у Беларусі і за мяжой мерапрыемствы рознай тэматычнай накіраванасці ў рамках так званага «Еўрапейскага дыялогу па мадэрнізацыі Беларусі» (European Dialogue on Modernization of Belarus) з удзелам беларускай апазіцыі, а таксама прыцягнуць да іх беларускія органы дзяржкіравання і іншыя дзяржаўныя арганізацыі, — гаворыцца ў лісце за подпісам намесніка міністра адукацыі РБ Якжыка. — Такія мерапрыемствы не ўзгодненыя з уладамі Рэспублікі Беларусь. У выпадку паступлення запрашэнняў на любыя мерапрыемствы ў рамках згаданага «Еўрапейскага дыялогу па мадэрнізацыі Беларусі» неабходна адмовіцца ад удзелу ў іх, а таксама неадкладна паставіць пра гэта ў вядомасць МЗС».

«Захаванне адносінаў у той ці іншай форме патрэбнае Лукашэнку. Знешняя палітыка Беларусі — мазаічная. Лукашэнка хацеў бы мець адносіны з Еўрасаюзам і адначасова саджаць сваіх апанентаў у турму, — каментуе цяперашнія паводзіны афіцыйнага Мінска Алесь Лагвінец. — Калі заўтра будзе працягнуты працэс вызвалення палітвязняў, то ЕС будзе рабіць нейкія захады ў бок дыялогу. Але, каб вярнуць давер, Лукашэнка мусіць зрабіць вельмі шмат крокаў, што ў прынцыпе нерэальна. Разам з тым у аб’яднанай Еўропе ёсць краіны, якія б хацелі бачыць Беларусь незалежнай, хацелі б уцягваць яе ў сферу еўрапейскага ўплыву. І для гэтага трэба весць перамовы нават з такімі фігурамі, як Лукашэнка». Эксперт падкрэслівае, што еўрапейскія праграмы для Беларусі будуць эфектыўныя, калі іх уплыў будзе адчувальны для простых людзей. «У нас якая логіка выгодаў? — жартуе Лагвінец. — Купіў — прапіў. То бок эфект трэба адчуваць кішэняю».
 

Каментаваць