Займіцеся сваімі праблемамі!

Што ні кажы, а ад украінскіх падзеяў нам нікуды не падзецца. Дзве бліжэйшыя суседкі — Украіна і Расія — амаль дайшлі да ваенных дзеянняў. А чубы трашчаць у беларускіх грамадзян.



Вайна — гэта кепска. Але ў нас свае правілы і свае парадкі. Таму калі ты супраць вайны — усё роўна падавай заяўку на мітынг за 15 дзён. Некаторыя маладзёны гэтай заявы не падалі. І за спробу правядзення антываеннага пікету ля расійскага пасольства ў Мінску было затрымана больш за 20 чалавек, у тым ліку і журналістаў. Затрыманы быў нават прэс-аташэ пасольства Аляксандр Пчалінцаў — беларускія міліцыянты палічылі яго за дэманстранта.

Затрыманых потым судзілі. За спробу правесці акцыю супраць расійскай агрэсіі ў Украіне адзін з лідараў «Маладога фронту», былы палітвязень Зміцер Дашкевіч і ягоны паплечнік Яўген Ціханаў асуджаныя да 12 сутак адміністрацыйнага арышту кожны, актывіст арганізацыі Сяргей Фінькевіч — да 10 сутак.

Сапраўды, не трэба напаляць абстаноўку. Беларусь з Украінай нават у гэтыя няпростыя часы не толькі не збіраецца сварыцца, але і нарошчвае супрацоўніцтва. Прычым так, каб грамадзянам абедзвюх краін лягчэй было.

Напрыклад, з 3 сакавіка памежнае афармленне пасажыраў, якія едуць туды-назад на цягніку «Мінск — Кіеў» павінна было праводзіцца ў Мінску і Кіеве, без начнога прыпынку на мяжы.

Фірмовы цягнік «Мінск — Кіеў» адпраўляецца з беларускай сталіцы ўвечары і прыбывае ва ўкраінскую раніцай наступнага дня. Раней ён спыняўся на мяжы прыкладна ў 2 гадзіны ночы для пагранічнага і мытнага афармлення пасажыраў, што прыносіла пасажырам нязручнасці — працэдуры на абедзвюх межах займалі не менш гадзіны. Паводле слоў прэс-сакратара беларускага Памежнага камітэта Аляксандра Цішчанкі, пераход да гэтага быў запланаваны ўжо даўно і ніяк не звязаны з украінскімі падзеямі апошніх месяцаў.

Не ведаю, можа, 3 сакавіка так і было. Але ўжо 4 сакавіка аўтар гэтых радкоў у гэтым цягніку ўсё роўна ніякага кантролю ў Мінску не зазнаў — усе мытныя працэдуры праходзілі на мяжы цягам гадзіны. Праўда, гэтую гадзіну «з’ела» розніца ў часе паміж Украінай і Беларуссю — у ўкраінцаў зімовы час, гадзіннік трэба пераводзіць назад, але ж… Навошта такое абвяшчаць, каб потым не зрабіць?

І яшчэ цікава, што будуць рабіць тыя пасажыры, якія садзяцца ці сыходзяць з яго, напрыклад, у Гомелі ці Чарнігаве? Там таксама кантроль будзе на вакзалах, альбо такіх будуць саджаць у асобныя вагоны?

Маленькія непрыемнасці напаткалі беларусаў не ад Расіі з Украінай, а ад родных бюракратычных органаў. Калісь рымляне патрабавалі «хлеба і відовішчаў». З хлебам праблемаў няма, а вось «відовішчаў» крыху паменела. У Беларусі з 1 сакавіка прыпынены паказ каля 20 тэлеканалаў у сувязі з адсутнасцю дазволаў на іх трансляцыю на тэрыторыі Беларусі. Атрымаць падаўжэнне ліцэнзіі не паспелі такія папулярныя тэлеканалы, як RTVi, «Наша любімае кіно», Discovery chanel, Sony Entertainment, Sony SCI-FI, TLC, Sony turbo, Discovery World, Animal Planet, Mezzo, «Шансон ТБ» і некаторыя іншыя каналы.

Справа ў тым, што напрыканцы мінулага года былі прынятыя змены ў парадак атрымання дазволаў на распаўсюд замежных СМІ на тэрыторыі Беларусі. Той, хто не паварушыўся і не ўзяў пад увагу беларускую бюракратычную машыну, не атрымаў новую ліцэнзію. Але ў іх яшчэ ёсць магчымасць выправіць сітуацыю і аформіць новыя дазволы на вяшчанне.

Менавіта з-за адсутнасці відовішчаў беларускія грамадзяне пачалі займацца глупствам. «Тэлек адключылі, што ж рабіць?» — сказалі два маладзёны, і ў філіяле аднаго з мінскіх банкаў пакінулі запіску з пагрозай падарваць яго. «28 лютага ў 14.00 да міліцыянта аддзела дэпартамента аховы Савецкага раёна Мінска звярнулася супрацоўніца філіяла банка па вул. Кульман і патлумачыла, што на стойцы перад касавым акном выявіла запіску з тэкстам: «Я падарву гэты банк! Заўтра, не жартую», — паведаміла ГУУС Мінгарвыканкама.

Супрацоўнікамі Савецкага РУУС і групай размініравання былі эвакуіраваны 10 наведвальнікаў і 8 супрацоўнікаў банка, у ходзе абследавання выбуховых прылад выяўлена не было. Праз некалькі гадзін былі затрыманыя падазраваныя — два маладыя чалавекі 1993 і 1996 гадоў нараджэння, студэнты БНТУ і Мінскага дзяржаўнага аўтамеханічнага каледжа. Як растлумачылі самі затрыманыя, запіска была пакінутая імі з мэтай праверкі прафесіяналізму міліцыі ў пошуку аўтара тэксту.

То бок, калі ў тэлевізары няма любімага баявіка ці шпіёнскага серыялу, маладзёны паспрабавалі зняць сваё кіно — з масоўкай у выглядзе натуральных міліцыянтаў. Праўда, на ролю Бруса Уіліса нікога не знайшлі. Але здымкі аматарскага кіно выходзяць занадта дарагімі. Гэтыя дзеянні, паведамляе міліцыя, могуць кваліфікавацца як «заведама ілжывае паведамленне аб небяспецы» — да сямі гадоў пазбаўлення волі. Акрамя таго, мясцовых Таранціна чакаюць немалыя грашовыя траты ў выглядзе кампенсацыі кошту работ дзяржорганаў па ліквідацыі пагрозы.

Суд, хутчэй за ўсё, дасць ім тэрмін з магчымасцю працаваць, бо як жа безграшовыя студэнты інакш будуць аплочваць выдаткі групы размінавання? І працаваць ім прыйдзецца доўга і напружана. Як паведаміла старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Жанна Рамановіч, на мінскіх прадпрыемствах пачаліся праблемы з выплатай заробкаў. Запазычанасць па выплаце заработнай платы маецца на шасці мінскіх прадпрыемствах: СП «Унібокс», СТАА «Транспортпартнер», ЗП «ЛеГранд», ААТ «Мінсксельбуд», ААТ «Мантажлегмаш» і РУП «Белсельгазэнэрга». Цяжкасці з выплатай заробку адчувалі ААТ «Белліфт», ААТ «Ліфтсервіс» і ААТ «Белгран», якое ўваходзіць у склад ДВА «Мінскбуд».

У сувязі з гэтым Мінгарвыканкам просіць Мінпрацы зрабіць больш жорсткім адказнасць наймальнікаў за несвоечасовую выплату або нявыплату заробку, і разглядзець пытанне выплаты наймальнікам няўстойкі за кожны дзень затрымкі заработнай платы.

У мінулым нумары мы пісалі пра тое, што заробак беларусаў перастаў расці і «застапарыўся» на ўзроўні 5,3 мільёна рублёў. Але, як высветлілася, так не ва ўсіх. Па словах Рамановіч, сярэднямесячны заробак у бюджэтных арганізацыях у студзені склаў 4 мільёны 900 тысяч рублёў. То бок, «бюджэтнікі» да сярэдняга заробку нават у Мінску не дацягваюць!

Так што трэба займацца сваімі праблемамі, а не ў тэлек на Расію з Украінай глядзець.

Каментаваць