Закладнікі і санкцыі

Не толькі «заклятыя» дэмакраты, але ўсе, у каго ёсць сэрца, парадаваліся вызваленню са следчага ізалятара КДБ, з так званай «амерыканкі», пяці фігурантаў крымінальнай справы, распачатай па слядах падзей 19 снежня на плошчы Незалежнасці.



Вызваленне даволі ўмоўнае: Уладзіміра Някляева і Ірыну Халіп — пад хатні арышт з утрыманнем пад вартай, з забаронай карыстацца ўсімі сродкамі сувязі і чытаць газеты, Наталлю Радзіну і Сяргея Вазняка — пад падпіску аб нявыездзе.



Далёка не мёд для Уладзіміра з жонкай, для Ірыны з трохгадовым сынам Данікам, яго дзядуляй і бабуляй суіснаваць і дзень, і ноч ва ўласных хатах з чужымі людзьмі, пад пільным позіркам двух кадэбістаў-ахоўнікаў. Па сутнасці, улады пераўтварылі кватэры вязняў у своеасаблівыя турэмныя камеры не толькі для іх саміх, але і для іх родных, далучылі да закладнікаў.



Але ж дом ёсць дом, а не турма. І дарагія людзі — побач. І можна крыху перавесці дух. У сем’ях вызваленых скончылася невядомасць, сцішыліся душэўныя трывогі, ажылі надзеі на аптымістычную развязку ўсёй драмы.



Але вось тут якраз — пакуль чорны туман. Гэта яшчэ адзін штрых да беларускага палітычнага сюррэалізму: адных выпускаюць, другіх арыштоўваюць. У тыя ж дні, па тых ж абвінавачваннях. У прыватнасці, 28 студзеня былі схоплены і дастаўлены ў «амерыканку» маладафронтавец Алесь Кіркевіч з Гродна і актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Сяргей Казакоў. 22-гадовы Арцём Грыбко стаў 37-м абвінавачаным па крымінальнай справе аб масавых беспарадках.



Усяго ж па гэтай справе ў якасці абвінавачаных і падазраваных, па дадзеных праваабаронцаў, праходзяць больш за 50 чалавек. Суды над імі, як паведаміў міністр унутраных спраў Беларусі Анатоль Куляшоў на адмысловай прэс-канферэнцыі, павінны пачацца ўжо ў лютым.



Тады ў чым жа палітычны сэнс гэтых вызваленняў? Дастаткова нечаканых і нелагічных на фоне разухабістай прапагандысцкай хвалі абвінавачанняў і не сціхаючых рэпрэсій. Чарговая спроба манеўра, новага гандлю закладнікамі? Ці ўсё ж першы крок да вызвалення ўсіх палітвязняў са зняццем з іх усіх абвінавачванняў?



Падаецца, што яснага адказу на гэтыя пытанні пакуль што не мае і сама ўладная групоўка. Дакладна па плану яна правяла аперацыю па разгону плошчы і раскруціла махавік масавых рэпрэсій. А вось з пралікам наступстваў памылілася. Не чакала такой аднадушнай і рэзкай ацэнкі гэтых падзей з боку Захаду і такой моцнай хвалі салідарнасці ўнутры краіны. Падвысіць узровень страху ў грамадстве да стану 2006 года ёй не ўдалося. Як і пераканаць людзей у сапраўднасці перамогі А. Лукашэнкі на выбарах, рэальнасці штурму Дома ўрада, змовы апазіцыі на дзяржаўны пераварот. І цяпер рэжым страціў былую ўпэўненасць у сваёй непахіснасці і нервова рэагуе на змены ў сітуацыі.



На гэтым фоне відавочна, што вызваленне злосных «ворагаў народа» адбылося пад пагрозай санкцый, за два дні да іх прыняцця Радай міністраў замежных спраў ЕС. Рэжым разумее, што гэта ёсць разам з тым і праявай пэўнай слабасці, таму і маскіруе яе абмежаваннямі, накладзенымі на Ірыну Халіп і Уладзіміра Някляева, перманентнымі ператрусамі, выклікамі да допыты ў КДБ, арыштамі і далучэннем да справы новых фігурантаў (звернем увагу — пераважна маладых).



Сама справа аб «змове» яшчэ не адмяняецца, пакуль што ў ёй не болей чым перастаўляюцца акцэнты, пераразмяркоўваюцца ролі і абвінавачванні. Вастрыё галоўнага ўдару пераводзіцца на моладзь.



Схема «стварэння» рознага кшталту змоў — не новая. Мяне не пакідае адчуванне нейкага дзікага дэжа-вю. Як бы ажывае ўяве даўняя, 1930 года, «справа» так званага Саюза вызвалення Беларусі — першага вопыту фальсіфікацыі ў нетрах ДПУ антысавецкай нацдэмаўскай арганізацыі, праўду пра якую мне давялося аднаўляць па дакументах з закрытых архіваў, па сведчаннях ахвяр і карнікаў.



Па «справе СВБ» праходзіла больш за 100 чалавек з беларускай інтэлігенцыі. Але, што характэрна, плануемыя на пачатку суровыя прысуды да турмы і лагераў для большасці былі заменены на адносна мяккія — высылкі ва ўнутраныя губерні СССР (пераважна Саратаўскую). Быў адменены і запланаваны напачатку адкрыты судовы працэс. Сталін вымушаны быў так зрэагаваць на пратэсты той жа беларускай інтэлігенцыі, якую высекчы пад нож яму ўдалося толькі праз 10 гадоў.



Адступленне толькі пад ціскам пратэсту ўнутранага. Ціск звонку, з Захаду, на той час быў адсечаны «жалезнай заслонай», нейтралізаваны адмыслова згатаванай «для замежжа» прапагандай, надзейна замаскіраваны ў абгортку «сацыялістычнай» ідэалогіі. Сучасны беларускі рэжым гэтых абараняльных ліній цалкам пазбаўлены. І, галоўнае, у яго няма матэрыяльных рэсурсаў для правядзення палітыкі «апоры на ўласныя сілы». Свой рэсурс ужо 17 гадоў ён здабывае на лавіраванні паміж Захадам і Усходам.



Санкцыі цалкам перакрываюць для беларускіх уладаў магчымасці манеўра на Захад і адначасова пужаюць поўнай залежнасцю ад Крамля. І таму ў руках рэжыму арыштаваныя застаюцца не болей чым матэрыялам для гандлю. Закладнікамі для абмену на інвестыцыі, на аднаўленне стасункаў з Захадам на ўмовах беларускага рэжыму. Гэта значыць, выключна ў сферы эканомікі пры захаванні палітычнага статус-кво. Змена ўмоў утрымання для пяці чалавек — сігнал менавіта такога кшталту. У якасці такога ж сігналу рыхтуецца і суд, хутчэй за ўсё, адкрыты, паказальны (зноў прывітанне з 1937-га), каб ужо асуджаных апазіцыйных дзеячаў мець за закладнікаў.


Захад адпрэчыў гэты сігнал, пацвердзіўшы патрабаванне вызвалення ўсіх палітычных вязняў пры іх поўнай рэабілітацыі. І ў гэтым ці не галоўны сэнс санкцый, ухваленых Радай міністраў замежных спраў ЕС 31 студзеня. Візавыя санкцый на ўезд у краіны ЕС для 158 асоб, датычных да фальсіфікацыі выбараў і правядзення рэпрэсій, — маральна моцная мера, свайго роду сігнал-папярэджанне пра будучую адказнасць. Нездарма так нервова адрэагавала на яе Ярмошына, назваўшы пералік «расстрэльным спісам». Моцны пасыл мае і ідэя правядзення ў Беларусі новых выбараў. Але не ўведзены эканамічныя санкцыі, найперш на закупку нафтапрадуктаў, якія мелі б найбольшы эфект у найкарацейшы перыяд.



Прынятыя ЕС санкцыі можна назваць мяккімі, іх недастаткова, каб рэалізаваць магчымасці для перамен у Беларусі. Але іх можна назваць і жорсткімі, бо рэзалюцыя пакінула за ЕС права і вызначыла працэдуру паэтапнага ўзмацнення санкцый у розных сферах, у тым ліку эканамічных, пры невыкананні ўладамі Беларусі патрабаванняў дэмакратызацыі палітычнай сістэмы, парушэнні правоў чалавека. Тым самым закладнікі выведзены Захадам з гандлю, які навязваецца беларускім рэжымам. Іх вызваленне ўведзена ў сістэму каштоўнасцей, сярод якіх чалавек, жыццё чалавека — найвышэйшая каштоўнасць.

Каментаваць