Закон што дышла

У беларускай судовай практыцы наспявае прэцэдэнт, калі за нанесеныя матэрыяльныя страты мусіць адказваць не абвінавачваемы, а яго родныя.

На разглядзе суда Смалявіцкага раёна Мінскай вобласці знахо­дзіцца іск гаспадароў дома ў вёсцы Прылепы (каля 20 кіламетраў ад сталіцы), якія спрабуюць даказаць, што ў Беларусі няма прававой базы, каб пазбавіць маёмасці родзічаў асуджанага чалавека і такім чынам кампенсаваць нанесеныя страты. Гісторыя гэта цягнецца не першы год і мае за сабой, як цяпер прынята казаць, спецыфічны background.



У беларускай судовай практыцы наспявае прэцэдэнт, калі за нанесеныя матэрыяльныя страты мусіць адказваць не абвінавачваемы, а яго родныя.

На разглядзе суда Смалявіцкага раёна Мінскай вобласці знахо­дзіцца іск гаспадароў дома ў вёсцы Прылепы (каля 20 кіламетраў ад сталіцы), якія спрабуюць даказаць, што ў Беларусі няма прававой базы, каб пазбавіць маёмасці родзічаў асуджанага чалавека і такім чынам кампенсаваць нанесеныя страты. Гісторыя гэта цягнецца не першы год і мае за сабой, як цяпер прынята казаць, спецыфічны background.

Суд

У красавіку 2009 года суд Фрунзенскага раёна Мінска разгледзеў крымінальную справу, якую ініцыявала сталічная пракуратару з падачы кіраўніцтва ААТ «Белзнешэканамбанк». Былога кіраўніка Мінскага аддзялення № 5 ААТ «Белзнешэканамбанк» Уладзіміра Сухарукава суд прызнаў вінаватым у здзяйсненні злачынства паводле ч. 3 арт. 424 Крымінальнага кодэкса Беларусі — злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі, якое пацягнула за сабой цяжкія наступствы.

Паводле рашэння суддзі, Сухарукаў падчас выдачы і суправа­джэння крэдытаў злоўжыў сваёй службовай пасадай, чым нанёс шкоду банку на суму амаль 3 мільярды рублёў. За гэта кіраўніка крэдытнага аддзела Мінскага аддзялення № 5 ААТ «Белзнешэканомбанк» пакаралі пяццю гадамі пазбаўлення волі. На момант завядзення крымінальнай справы ў лютым 2008 года Уладзімір Сухарукаў ужо больш за год як не працаваў у банку. Рэдакцыя не бярэ на сябе ролю рэвізора судовага вердыкту, аднак некаторыя моманты справы ўсё ж варта агучыць, каб чытач меў уяўленне, з якімі акалічнасцямі праходзіў працэс.

Адвакат Сухарукава ў скаргах на рашэнне суда звяртаў увагу на наступныя моманты: якую ж выгоду меў кіраўнік аддзялення банка, калі на ўмовах узаемнасці нічога не атрымаў ад займальнікаў крэдытаў і ў матэрыялах справы не было ніводнага доказу такіх фактаў? Падчас працэсу сведкі па справе — супрацоўнікі крэдытнага аддзела і аддзела прававой і кадравай работы Мінскага аддзялення № 5 ААТ «Белзнешэканамбанк» заявілі, што следства аказвала на іх ціск, і адмовіліся ад ранейшых паказанняў. Апроч таго, крэдыты, па якіх была заведзеная крымінальная справа, неаднаразова правяраліся кантралюючымі органамі і падчас працы Сухарукава, і пасля яго звальнення. Ніводная з гэтых праверак не выявіла факты парушэнняў у працэдуры выдачы крэдытаў ды іх суправаджэнні.

Абарона канстатавала і тое, што тэрмін іскавай даўнасці на момант завядзення крымінальнай справы скончыўся. Паводле Працоўнага кодэкса, для звароту наймальніка ў суд па пытаннях спагнання матэрыяльных стратаў, нанесеных работнікам, вызначаны тэрмін у адзін год са дня выяўлення ўрону. Крымінальная справа ў адносінах да Сухарукава была заведзеная па заяве банка ў лютым 2008 года. У праваахоўныя органы з прэтэнзіямі, што супрацоўнік крэдытнага аддзела нанёс шкоду працадаўцу, банк звярнуўся ў 2007 годзе, а цяперашні кіраўнік Мінскага аддзялення № 5 ААТ «Белзнешэканамбанк» Таратухін засведчыў, што, калі заступаў на пасаду ў 2006 годзе, то рэвізія выявіла страты па крэдытах.

Але ж іск у суд на спагнанне ўрону быў пададзены толькі ў сакавіку 2009 года. Чаму ўвесь гэты час банк не даваў ходу справе — застаецца нявысветленым пытаннем. Памылкова было б думаць, што юрысты банка не ведалі пра тэрміны іскавай даўнасці і тым самым падпісаліся пад сваёй некампетэнтнасцю. Суд не дапусціў у якасці сведкі эксперта МУС, які рабіў ацэнку дзеянняў Сухарукава і прыйшоў да высновы, што ён не нанёс ўрону банку.

Увагу ва ўсёй гэтай гісторыі прыцягвае момант, звязаны з пакрыццём стратаў, быццам бы нанесеных Сухарукавым банку. А дакладней, настойлівасць, з якой банк спрабуе забраць дом не непасрэдна ў Сухарукава, а ў яго родных.

Звадка вакол дома

Яшчэ на стадыі папярэдняга расследавання ў лютым 2008 года пракуратура горада Мінска, каб забяспечыць на будучае грамадзянскі іск і магчымую канфіскацыю маёмасці, наклала арышт на дом у вёсцы Прылепы Смалявіцкага раёна, які быццам бы належаў Сухарукаву. Аднак выявілася, што жыллё належыць цёшчы Сухарукава Ларысе Севярнюк, і дом гэты яна выкупіла ў зяця яшчэ ў 1999 годзе, задоўга да распачатай крымінальнай справы.

Жонка Сухарукава — Алена — патлумачыла, што будаўніцтва сям’я распачала ў 1990-я гады. «Мы ўзялі крэдыт на будаўніцтва, аддаваць яго было проста, бо інфляцыя мела дзікі характар. Многія пабудаваліся ў той час, бо былі спрыяльныя ўмовы, — расказвае перадгісторыю Алена Сухарукава. — Але давесці да ладу дом так і не змаглі. Тады мая маці прапанавала выкупіць у нас дом, бо хацела жыць па-за горадам. У 2003 годзе яна прадала сваю кватэру ў цэнтры Мінска, і на атрыманыя грошы было завершанае будаўніцтва. Канешне, дом не малы, выглядае някепска, але ніяк непасрэдна нам не належыць. Гэта маёмасць маёй маці, там ёсць пакой, дзе жыве з дзецьмі яе сын, калі наведваецца ў госці. Мы з мужам і сынам жылі ў непрыватызаванай кватэры ў сталіцы».

Натуральна, нерухомасць пад Мінскам — прынадная і дарагая па цяперашніх коштах. Ці не гэтым і спакусіліся ў банку? — задаецца пытаннем Алена Сухарукава.

Пасля таго, як на дом быў накладзены арышт, яго ўладальніца пачала аспрэчваць гэта рашэнне. Гарадская і Генеральная пракуратура разбіраліся са скаргамі ўласніцы, вывучылі дакументы, апыталі сведак і ўрэшце праз паўгады прыйшлі да высновы, што дом і напраўду належыць не абвінавачванаму, а Ларысе Севярнюк, і з пацвярджэннем уласніцтва таксама ўсё ў парадку. Сям’я супакоілася. «Мы былі ўпэўненыя, што адстаялі праўду, дом быў у нашым распараджэнні, мы маглі б яго перапісаць на іншага чалавека, перапрадаць, зрабіць усё, што заўгодна. Да таго ж было рашэнне пракуратуры, якое пацвярджала, што мы маем рацыю. Мы не маглі і падумаць, як будуць разгортвацца падзеі далей», — абураецца Алена Сухарукава.

У студзені 2009 года за подпісам першага намесніка старшыні праўлення банка ў суд Фрунзенскага раёна было накіраванае хадайніцтва, у якім банк зноў прасіў накласці арышт на той жа дом (падкрэслім, пракуратура зняла з яго арышт паўгода таму). Заява, падрыхтаваная юрыстам банка, мела факталагічную памылку, вакол якой і закруцілася па-новаму справа. У хадайніцтве гаварылася, што Ларыса Севярнюк засведчыла, што дом фактычна належаў яе зяцю (аднак у матэрыялах справы такіх паказанняў не было, і юрыст банка гэта ведаў), ацэнка маёмасці (толькі вонкавая) паказала, што дом быў прададзены па заніжанаму кошту, і дамова куплі-продажу ад 18.03.2008 года была складзеная для выгляду, каб у далейшым немагчыма было забраць нерухомасць у якасці кампенсацыі стратаў.

Яшчэ раз вернемся да падзей адзінаццацігадовай даўнасці: дом быў прададзены не ў 2008-м, а ў 1999 годзе. Калі спадарыня Сухарукава звярнулася ў рэдакцыю, яна прадставіла не толькі шэраг судовых скаргаў, але і дакументы, якія пацвярджаюць факт куплі-продажу нерухомасці. Натуральна, такімі ж дакументамі валодае і юрыдычная служба банка. Дык для чаго юрыст указаў у хадайніцтве памылковую дату здзелкі? Здзіўляе і тое, што суд стаў на бок банка, хаця памылка ў хадайніцтве абсалютна недарэчная і кідаецца ў вочы. Важна і тое, што паводле вердыкту суда, Уладзімір Сухарукаў хоць і быў прызнаным вінаватым у нанясенні стратаў банку, але даказаць яго асабістую выгоду абвінаваўчы бок не змог. Таму пакаранне не прадугледжвала канфіскацыю маёмасці. Валтузня вакол дома ў Прылепах — выключна ініцыятыва ААТ «Белзнешэканамбанк».

Ці блізка да праўды

31 мая ў судзе Смалявіцкага раёна Мінскай вобласці разглядаўся грамадзянскі іск Сухарукавых, якія ў чарговы раз спрабуюць даказаць, што права ўласнасці на дом у Прылепах належыць Ларысе Севярнюк. Суд апытаў сведак, суседзяў, якія пацвердзілі, што ў доме да 2006 года пражывала цёшча Сухарукава са сваім мужам. А сам Уладзімір Сухарукаў з жонкай пераехалі ў Прылепы толькі ў 2006 годзе, калі Ларыса Севярнюк цяжка захварэла. Гэтаму ёсць і пацверджанні ў выглядзе выпісак з гісторыі хваробы жанчыны і эпікрызаў.

На працэсе зноў уздымалася пытанне нездаровай увагі банка да нерухомасці. Так, адна з суседак Ларысы Севярнюк апазнала юрыста банка Гудкоўскага Аляксандра, які ў маі гэтага года прыязджаў у Прылепы пад выглядам супрацоўніка Генпракуратуры (нават з адпаведным пасведчаннем) ды распытваў іх наконт таго, што з сябе ўяўляе сям’я Сухарукавых. На гэта юрыст заявіў, што насамрэч наведваўся ў Прылепы з мэтай «разгаварыць суседзяў», а памылку ў даце здзелкі куплі-продажу ў хадайніцтве аб накладанні арышту на дом назваў «чалавечым фактарам, апіскай».

Суддзя вырашыла чакаць вердыкту генеральнай пракуратуры па нагляднай скарзе па справе Сухарукава. Таму, верагодна, рашэнне суда будзе агучанае ў сярэдзіне ліпеня. Сям’і застаецца толькі працягваць змагацца з «чалавечым фактарам» юрыста ААТ «Белзнешэканамбанк».

Калі суд Смалявіцкага раёна Мінскай вобласці стане на бок банка, то Беларусь займее судовы прэцэдэнт, калі блізкія вымушаныя адказваць за правіннасці сваякоў. А закон хоць і ёсць, ды ніяк не абараняе іх правы. Варыянт значна горшы за вядомую народную мудрасць, што без паперчыны ты ніхто. Выяўляецца, што не проста з паперамі, а нават з дакументамі, якія маюць юрыдычную сілу, даказаць праўду бывае вельмі не проста.

Каментаваць