Закон захавання ў дзеянні

Не, канешне, прышпільна назіраць за тым, як узнікаюць і знікаюць грошы. Валюты ў абменніках па-ранейшым няма, але Нацбанк збіраеца яе траціць, каб надрукаваць новыя беларускія купюры.



Мы дэвальвавалі беларускі рубель. Неяк крывавата атрымалася, але дэвальвавалі. Але валюты ў абменніках дагэтуль няма. Тым не менш, Нацбанк, падаецца, падзарабіў на тое, каб глядзець, як узнікаюць грошы.

На гэтым тыдні наш галоўны банкаўскі рэгулятар заявіў, што ён «прапрацоўвае пытанне» аб увядзенні ў абарачэнне грашовай купюры наміналам у 500 000 беларускіх рублёў. «Увядзенне новага наміналу банкнот (Br500 000) знаходзіцца ў стадыі прапрацоўкі. Рашэнне аб змене ў наяўным грашовым звароце Беларусі будзе прымацца зыходзячы з сітуацыі, якая складваецца ў эканоміцы, пра што Нацыянальны банк загадзя праінфармуе ўсіх зацікаўленых», — гаворыцца ў паведамленні Нацбанка.

Размовы пра новую купюру ходзяць ужо тры гады, з сакавіка 2012-га, калі ў абарачэнне была выкінутая купюра ў 200 тысяч. Тады адразу ж загаварылі і пра паўмільённую паперачку. У той час ужо экс-кіраўніца Нацбанка Надзея Ермакова адзначыла, што яна можа з’явіцца «пры далейшым росце заробкаў». Аднак, па яе меркаванні, «калі сітуацыя ў нашай краіне складзецца такім чынам, што з’явіцца неабходнасць у выпуску новай купюры ў 500 тысяч рублёў, то будзе больш правільна правесці дэнамінацыю».

І вось Нацбанк зноў загаварыў пра купюру ў 500 тысяч. Гэта значыць, што мы можам рыхтавацца і да дэнамінацыі? Не, гэта азначае, што ў Нацбанка з’явіліся грошы. Прычым, не рублі, а тыя самыя долары, якія немагчыма знайсці грамадзянам у абменніках.

Тая ж Ермакова казала, што «для таго, каб яе (купюру ў 500 тысяч рублёў — аўт.) надрукаваць, патрэбныя патрэбны вялікія грошы. Гэта не адзін дзясятак мільёнаў долараў».

А значыць, у Нацбанка гэты «не адзін дзясятак мільёнаў долараў» аднекуль узнік. А калі нешта аднекуль узнікае, то значыць, аднекуль яно ж знікае. Валюта на друк 500-тысячнай купюры ў Нацбанка ёсць, а ў абменніках яе няма. Ну і хто вычарпаў усю валюту з абменнікаў, справакаваўшы валютны крызіс? Народ?

Тое, што новая купюра з’явіцца ў нас адносна хутка, амаль не выклікае сумневаў. Па-першае, зараз — год прэзідэнцкіх выбараў, і, як заўсёды, трэба «падкарміць» электарат. Грошы на гэта ўзяць можна толькі ў адным месцы — у друкарскім станку. А па-другое, той жа Нацбанк ужо паведаміў, што мэтавы прагноз па інфляцыі на 2015 год у межах 12% павінен быць перагледжаны. «Прагнозны паказчык інфляцыі запатрабуе ўдакладнення», — кажуць там. Значыць, новыя грошы друкавацца ўсё ж будуць.

Нікуды не знікаюць не толькі грошы, але і ідэі. Вось адна цытата.

«Існуе меркаванне, што ў сучасным свеце няма месца нацыянальным культурам, а на змену ім прыходзіць адна — глабальная. Мяркую, што гэта не так. Культура — вось што робіць беларуса беларусам, а не проста «тутэйшым», у якім бы пункце зямнога шара ён ні знаходзіўся. Не толькі наша самая багатая спадчына: літаратура, музыка, архітэктура, але і мова, якую мы павінны ведаць, гісторыя, якую мы павінны помніць, і каштоўнасці, якія мы павінны паважаць», — хто сказаў?

Нешта падобнае я чуў гадоў дваццаць таму з вуснаў паважанага, але даўно забытага Зянона Станіслававіча Пазняка. Зараз гэта кажа не хто іншы, як Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, выступаючы на тыдні на з’ездзе Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, БРСМ. Відавочна, што для Аляксандра Рыгоравіча не прайшлі дарма стасункі з Пазняком у Вярхоўным Савеце 12-га склікання. Позна, але кіраўнік дзяржавы эвалюцыйным шляхам усё ж прыйшоў да таго, пра што казаў Пазняк. Паўстае пытанне: хто тут БНФавец?

Кіраўнік дзяржавы пайшоў нават далей за свайго папярэдніка. Ён заклікаў моладзь рыхтавацца да вайны ў абарону незалежнасці. «Адна з найважнейшых задач моладзі — гатоўнасць да абароны сваёй Радзімы. Гэта не пафасная фраза, а патрабаванне жыцця... Тое, што адбываецца ў свеце і ўжо ў непасрэднай блізкасці ад нашых межаў, практычна ля парога нашага дома, прымушае ўспомніць урокі гісторыі і запаветы пакалення пераможцаў аб неабходнасці як зрэнку вока берагчы Бацькаўшчыну», — зазначыў Лукашэнка.

А яшчэ ў нас з’явілася альтэрнатыва «георгіеўскім стужачкам». Аляксандр Рыгоравіч падтрымаў праект БРСМ «Цветы великой Победы». Пераможным сімвалам стане стужачка ў чырвона-зялёным колеры з яблыневай кветкай.

Гэта значыць, бывай, дыскрэдытаваўшая сабе «стужка Георгія»? А заадно з ёй — бывай, братэрская Расія? Хопіць ужо дыктаваць нам сваю версію гісторыі?

Цікава, праўда, атрымаецца. «Георгіеўская стужачка» зразумела чаму з’явілася — гэта частка ордэну расійскага Святога Георгія Пераможцы, якая перакачавала ў савецкі Ордэн Славы. А вось у якіх узнагародах узнікае чырвона-зялёная стужка? Найперш, гэта беларуская незалежная ўзнагарода — Ордэн Айчыны. А дзе яшчэ? Гэта венгерскі каралеўскі ордэн Святога Стэфана, Ордэн Асманіе (Асманская імперыя) і Ордэн Дарыя — узнагарода Вялікай Азіяцкай Імперыі, якая ёсць «экстэрытарыяльнай віртуальнай дзяржавай». То бок, створаная нейкімі энтузіястамі ў інтэрнэце.

Але ж у сучасным свеце гісторыя — гэта міфатворчасць. Напрыклад, па меркаванні Пуціна, Крым для Расіі «мае аграменнае цывілізацыйнае і сакральнае значэнне, як Храмавая гара ў Іерусаліме для тых, хто вызнае іслам і іудаізм». А ўжо калі руская цывілізацыя, аказваецца, пайшла з Крыму, то чаму б і нам не выдумаць, што з чырвона-зялёнымі стужкамі беларускія партызаны кідаліся з мінамі пад рэйкі фашыстоўскіх цягнікоў? І ўвогуле, сцяг над Рэйстагам, насамрэч, быў чырвона-зялёным, толькі сфатаграфавалі яго так, што бачна толькі чырвонае. Альбо: «Што ж вы хочаце — фотаздымак чорна-белы, зялёнага там проста не бачна!».

І яшчэ лепей — сумясціць прыемнае з карысным: выпусціць новую 500-тысячную купюру ў чырвона-зялёным колеры з яблыневай кветкай. Тады дакладна яе будуць насіць ля сэрца!

Каментаваць