Закрытая сістэма не можа выхаваць адкрытага чалавека

Амаль за пятнаццаць гадоў працы гродзенскае ГА “Трэці сектар заслужыла пазітыўны імідж. Старшыня аб’яднання Вітаўт Руднік перакананы, што грамадзянская адукацыя, асабліва ў цяперашніх рэаліях, патрабуе грамадзянскай мужнасці. Але ў выніку яна і дае чалавеку штуршок да разумення, што застой у жыцці не ёсць добрай прыкметай. І, адпаведна, дапамагае ўплываць на свой лёс.

— У сферы грамадскай адукацыі вы працуеце ад 1997 года. Як за гэты час змяніліся ўмовы для рэалізацыі падобных праграм?



Амаль за пятнаццаць гадоў працы гродзенскае ГА “Трэці сектар заслужыла пазітыўны імідж. Старшыня аб’яднання Вітаўт Руднік перакананы, што грамадзянская адукацыя, асабліва ў цяперашніх рэаліях, патрабуе грамадзянскай мужнасці. Але ў выніку яна і дае чалавеку штуршок да разумення, што застой у жыцці не ёсць добрай прыкметай. І, адпаведна, дапамагае ўплываць на свой лёс.

— У сферы грамадскай адукацыі вы працуеце ад 1997 года. Як за гэты час змяніліся ўмовы для рэалізацыі падобных праграм?

— На мой погляд, умовы змяніліся ў горшы бок. Найперш з прававога пункту, бо істотна больш жорсткімі сталі прававыя патрабаванні, рознага кшталту перарэгістрацыі проста выкасілі мноства грамадскіх арганізацый, у тым ліку і тых, якія займаліся адукацыйнымі праграмамі. Людзі, якія зараз прыходзяць да нас у адукацыйныя праграмы, значна больш сацыяльна дэзарыентаваныя, чым гэта было ў 1990-я гады. Бо, як ні круці, а тады было больш альтэрнатыўных крыніц інфармацыі. Цяпер асабліва маладыя людзі прыходзяць з настолькі вузкім разуменнем свету, што трэба аддаць ладны кавалак часу, каб паказаць ім, што свет можа быць іншы. Гэта ўскладняе і навучальныя праграмы. Лепш сітуацыя стала ў тым плане, што з’явіўся інтэрнэт, дзе многа адкрытай інфармацыі, свет цяпер таксама не закрыты, ёсць больш магчымасцяў для падарожжаў, абмену досведам. Закрытая сістэма не можа выхаваць адкрытага чалавека.

— Дадатковая адукацыя — гэта як пэўная раскоша. Ці патрэбна яна звычайным беларусам?

— Звычайным беларусам гэта не патрэбна. Наша шчасце ў тым, што мы працуем з незвычайнымі беларусамі, якія хаця б маюць жаданне падняцца з крэсла і паспрабаваць. Тыя, хто прыходзяць да нас, шукаюць новых магчымасцяў рэалізаваць сябе. І не істотна, якога яны ўзросту. Мы нікому не гарантуем, што ён стане зоркай, бо гэта ад яго залежыць. Але даём шанец. Развівацца, мець новыя магчымасці для кантакту з блізкімі — гэта звычайныя для нармальнага чалавека рэчы. Дзяржава забяспечвае мінімум — хлеб і відовішчы. І многіх гэта задавальняе. Але я думаю, што гэта тычыцца не толькі беларусаў, але і шараговых абывацеляў іншых краін. Да нас прыходзяць розныя людзі: выпускнікі ВНУ, якія не знайшлі сябе ў атрыманай спецыяльнасці, школьнікі, асобы сталага ўзросту — калі не знайшлі сябе цягам жыцця, або адчуваюць патрэбу працягваць кантакты пасля выхаду на пенсію.

— Вы гаварылі, што нават пляцоўкі, каб сабрацца, у людзей няма, ёсць цяжкасці ўвогуле з арганізацыяй падобных праграм, чаму так?

— Дзяржава хоча захаваць статус-кво. Але разумее, што ў грамадстве дастаткова людзей, якія хочуць пераменаў. А перамены адбываюцца, калі ёсць дзве простыя рэчы: інфармацыя і адукацыя. І той, хто не хоча пераменаў, разумее, што гэта трэба забраць. Бо ў адваротным выпадку яны становяцца зброяй людзей.

— Часта гавораць, што трэба падцягваць беларускую адукацыю да еўрапейскіх стандартаў. Але некаторыя заяўляюць: навошта ўвогуле нам імкнуцца да нейкіх стандартаў...


— Для нас важныя не столькі стандарты, колькі каштоўнасці, якія ляжаць у падмурку адукацыйнага працэсу. Калі гаворым пра працу са сталымі людзьмі, то мусім разумець, што ёсць даўно прынятая ў Еўропе Хартыя правоў сталых людзей. І калі ты хочаш працаваць з такімі асобамі, то мусіш шанаваць усе іх правы, якія і сам маеш. Бо некаторыя структуры працуюць па прынцыпу: пакуль пажылы чалавек робіць ляльку, ён правільны. Як толькі захацеў сустрэцца з палітыкам — стаў няправільным пенсіянерам, і займацца з такім не трэба. Але мусяць быць узгодненыя і прынятыя каштоўнасці, агульныя прынцыпы працы з людзьмі. Для нас важныя два аспекты: пашана да правоў чалавека незалежна ад яго ўзросту і статусу, беларускія нацыянальныя каштоўнасці. Не значыць, што мы навязваем беларускую мову і культуру, але ва ўсіх сваіх дзеяннях імкнёмся папулярызаваць гэта.
 

Каментаваць