Замбаванне на «правільны» вынік

Альтэрнатыўныя Лукашэнку патэнцыйныя кандыдаты ігнаруюцца або рэпрэзентуюцца адмоўна. Галоўным акцёрам у дзяржаўных медыя з’яўляецца дзеючы прэзідэнт, які ацэньваецца выключна станоўча. Такія вынікі першага маніторынгу асвятлення выбараў у СМІ, агучаныя Беларускай асацыяцыяй журналістаў.

Альтэрнатыўныя Лукашэнку патэнцыйныя кандыдаты ігнаруюцца або рэпрэзентуюцца адмоўна. Галоўным акцёрам у дзяржаўных медыя з’яўляецца дзеючы прэзідэнт, які ацэньваецца выключна станоўча. Такія вынікі першага маніторынгу асвятлення выбараў у СМІ, агучаныя Беларускай асацыяцыяй журналістаў.

«Апазіцыя ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі звычайна асвятляецца як дэперсаналізаваны суб’ект. Ніякіх прозвішчаў, а папросту «апазіцыя» ў трэцяй асобе. Пра патэнцыйных кандыдатаў і сам працэс збору подпісаў практычна нічога не паведамляецца», — адзначыў сябра Рады БАЖ Алесь Анціпенка.

Маніторынг, які ладзіць БАЖ, распачаты з 25 верасня і будзе доўжыцца да 30 снежня. Першы яго этап ахапіў перыяд збору подпісаў за прэтэндэнтаў у прэзідэнты. Аб’ектамі маніторынгу з’яўляюцца 17 сродкаў масавай інфармацыі. Яны рэпрэзентуюць як агульнанацыянальныя, так і рэгіянальныя медыя. Гэта і дзяржаўныя, і недзяржаўныя СМІ: друкаваныя выданні, радыё і тэлевізійныя праграмы, а таксама два інтэрнэт-рэсурса — naviny.by і belta.by.

Паводле маніторынгу, тэма прэзідэнцкіх выбараў за гэты перыяд у дзяржаўных СМІ не была прыярытэтнай. Ёй адводзілася часу ў два ці тры разы меней за сюжэты, прысвечаныя надвор’ю. Так, у навіннай праграме «Панарама» (Першы нацыянальны канал) выбарчы працэс заняў 0,86% часу, надвор’е — 3,45%, спорт — 17,4%. Прэзідэнту адвялі 75% часу (параўнальна з усімі іншымі суб’ектамі маніторынгу), ЦВК амаль 19%, назіральнікам з краін СНД — 6%. І толькі ўзгадалі пра патэнцыйных кандыдатаў Някляева і Правалінскага (менш за 0,06%), а таксама Гайдукевіча (0,1%).

Недзяржаўныя СМІ, як паведаміў спадар Анціпенка, больш актыўна цікавяцца выбарамі. Яны падалі даволі шырокае кола суб’ектаў. Рэкардсменам з’яўляецца інтэрнэт-газета naviny.by, якая рэпрэзентавала 40 суб’ектаў выбарчага працэсу. Галоўнымі асобамі гэтага перыяду сталі якраз патэнцыйныя кандыдаты, а таксама ЦВК і некаторыя палітычныя партыі і рухі. Пры гэтым патэнцыйныя кандыдаты ў інтэрнэт-выданні ацэньваліся досыць збалансавана — як нейтральна, так часам і пазітыўна ці адмоўна.

Алесь Анціпенка звярнуў увагу на асаблівасць сёлетняй прэзідэнцкай кампаніі ў параўнанні з 2006 годам. «Цягам усяго гэтага перыяду і асабліва ў заключнай яго частцы шэраг дзяржаўных медыя апублікавалі матэрыялы, якія ствараюць уражанне перадвызначанасці вынікаў гэтай кампаніі, — сказаў ён. — Гэтага мінулы раз не было. І можна, вядома, здагадвацца, чаму гэта адбываецца. Я выкажу проста гіпотэзу. Напэўна, гэта своеасаблівая рэакцыя на патэнцыйны ўдзел Расіі ў гэтай выбарчай кампаніі. То бок гэта спроба нейтралізаваць уплыў расійскіх медыя».
 

Каментаваць