Замест адмеркавання забудовы каля Курапатаў — сустрэча праектантаў з грамадскасцю

17 красавіка ў Доме культуры аграгарадку Лясны (Мінскі раён) адбылася прэзентацыя праекту дэталёвага планавання (ПДП) забудовы тэрыторыі з захаду ад народнага мемарыялу ў Курапатах.



Спачатку архітэктары Аляксандр Акенцьеў і Вадзім Гліннік пазнаёмілі прысутных з ПДП і прапановамі ў праект зонаў аховы Курапатаў. Прычым яны зрабілі акцэнт на забудове тэрыторыі з захаду ад гісторыка-культурнай каштоўнасці, ледзьве закранулі рэгламенты забудовы з поўначы ад Курапатаў і поўнасцю  абышлі тэму забудовы з ўсходу ад народнага мемарыялу, дзе запланавана ўзвядзенне Міжнароднага выставачнага цэнтру.  Дарэчы, Гліннік звярнуў увагу на тое, што будаўніцтва гэтага цэнтру можа парушыць межы ахоўнай зоны Курапатаў.

Затым адбылося дыскусія. Прычым, амаль усе выступоўцы, у тым ліку старшыня грамадскага аб’яднання “Хрысціянская злучнасць “Курапаты”  Вацлаў Нямковіч, старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч, адказны сакратар управы КХП-БНФ Алесь Чахольскі, каардынатар грамадскай ініцыятывы “За ўратаванне мемарыялу Курапаты” Ганна Шапуцька, актывісты аргкамітэту па стварэнні руху салідарнасці “Разам” Алесь Макаеў і Ілля Добратвор падтрымалі прапановы нарады экспертаў па сітуацыі вакол Курапатаў.

Гэтыя прапановы зводзяцца да наступнага:

1.                      Выканаць прадпісанне Генеральнай пракуратуры Мінскаму аблвыканкаму ад 27 лістапада 2012 году аб вынасе ТАА “БелРэстІнвест” 4-х дамкоў аб’екту прыдарожнага сервісу з першапачатковай назваю “Бульбаш-хол” з тэрыторыі ахоўнай зоны Курапатаў.

2.                      Міністэрству культуры надаць дзеючай часовай схеме зонаў аховы Курапатаў статус канчатковага праекта зонаў аховы гэтай каштоўнасці, бо адсутнасць такога нарматыўна-прававога акта ўжо прывяла і надалей прывядзе да перманентнага парушэння заканадаўства пры распрацоўцы ПДП забудовы тэрыторыі вакол Курапатаў.

3.                      Да выпраўлення гэтага сур'ёзнага парушэння заканадаўства Рэспублікі Беларусь, да паўнацэннага зацвярджэння канчатковага праекту зонаў аховы Курапатаў усе дзеянні, звязаныя з праектаваннем і пагатоў забудоваю тэрыторыяў вакол каштоўнасці павінны быць спыненыя.

Разам з тым, навуковы кіраўнік Курапатаў, архітэктар Мая Кляшторная прапанавала спыніць адвод земляў, усю праектную і гаспадарчую дзейнасць вакол Курапатаў, а таксама грамадскае абмеркаванне да распрацоўкі горадабудаўнічага ПДП раёна, у якім знаходзіцца каштоўнасць. На яе меркаванне, у гэтым  ПДП трэба вызначыць ахоўную зону Курапатаў з улікам вырашэння пытанняў мемарыялізацыі, прычым прылеглыя да каштоўнасці тэрыторыі павінны выконваць інфармацыйную функцыю. Мая Кляшторная прапанавала ўвесці ў склад праектнай групы адпаведных кансультантаў.

Сярод іншых прапаноў — выключэнне з ПДП тэрміну “мемарыяльны парк”, што ўзгадваецца ў Генеральным плане забудовы Мінска да 2030 году, а таксама неабходнасць стварэння Рэспубліканскай камісіі па мемарыялізацыі Курапатаў з удзелам грамадскасці, правядзенне адкрытага конкурсу на лепшы праект мемарыялізацыі Курапатаў у выніку агульнанацыянальнага абмеркавання ўсіх прапаноў, што паступяць на разгляд Рэспубліканскай камісіі.

Трэба адзначыць, што прэзентацыя праекту было добра арганізавана, за выключэннем таго, што прадстаўнікі грамадскасці не мелі мажлівасці пазнаёміцца з зацвярджаемай тэкставай часткай ПДП. У сувязі з  гэтым Антон Астаповіч звярнуўся з лістом у пракуратуру Мінскага раёна і Мінскай вобласці з прапановай арганізаваць грамадскае абмеркаванне згодна адпаведнага палажэння.

А былы вязень ГУЛАГу Уладзімір Раманоўскі звярнуў увагу на неабходнасць правядзення грамадскага абмеркавання такога важнага для беларускага і міжнароднага грамадства праекту ў цэнтры сталіцы, бо сярод ахвяраў сталінізму, забітых у Курапатах, шмат і замежных грамадзянаў.

Грамадскі дзеяч і мовазнаўца Вінцук Вячорка зазначыў, што замест грамадскага абмеркавання ПДП забудовы тэрыторыі з захаду ад Курапатаў адбылася сустрэча архітэктараў з грамадскасцю, бо, як прызналі многія выступоўцы, працэс праектавання адбываецца па-за межамі дзейнага заканадаўства. Ён прапанаваў лічыць сустрэчу, што адбылася, папярэдняй размовай. А юрыдычна значнае грамадскае абмеркаванне павінна адбыцца тады, калі будуць выпраўленыя ўсе парушэнні заканадаўства, у тым ліку прызнаныя ў прадпісанні Генпракуратуры аб вынасе 4-х дамкоў “Бульбаш-холу” з ахоўнай зоны каштоўнасці, а таксама звязаныя з адваротным прадугледжанаму законам алгарытмам дзеянняў: спачатку рыхтуецца ПДП забудовы тэрыторыі, а ў залежнасці ад яго — праект зонаў аховы Курапатаў.

Дарэчы, падчас прэзентацыі высветлілася, што кіраўніцтва Мінскага раёну і Бараўлянскага сельвыканкама не ведаюць пра прадпісанне Генпракуратуры Мінаблвыканкаму ад 27 лістапада 2012 года аб вынасе 4-х дамкоў “Бульбаш-холу” з тэрыторыі ахоўнай зоны Курапатаў. Гэта звязана з тым, што адводам земляў ў Мінскім раёне займаецца Мінаблвыканкам. 

Трэба звярнуць увагу на тое, што на прэзентацыі адсутнічалі (!) прадстаўнікі Міністэрства культуры, а начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі гэтага міністэрства Ігар Чарняўскі з 17 красавіка знаходзіцца ў адпачынку.

У межах грамадскага абмеркавання ПДП, якое праводзіцца 15 красавіка па 1 мая, з праектам можа пазнаёміцца (з панядзелка па пятніцу — з 8.00 да 17.00, у суботу — з 8.00  да 13.00) у фае  Бараўлянскага сельскага выканкама, што знаходзіцца ў аграгарадку Лясны.

Кантакты прадстаўніка арганізатара прэзентацыі — аддзела архітэктуры і будаўніцтва Мінскага райвыканкама: 220073, Мінск, вул. Альшэўскага, 8, тэлефоны 204-41-93 і 204-21-03.  

У склад камісіі (рабочай групы) па грамадскім абмеркаванні ўключаны і прадстаўнікі грамадскасці — Антон Астаповіч і археолаг, кандыдат гістарычных навук Валянціна Вяргей.

Грамадзяне маюць права накіроўваць у Мінрайвыканкам пісьмовыя заўвагі і прапановы, якія грунтуюцца на нарматыўна-прававых актах, у тым ліку тэхнічныя, а таксама праводзіць за кошт уласных сродкаў прафесійную незалежную экспертызу выстаўленага праекту. Прычым, усе прапановы і заўвагі павінны ўлічвацца і прымацца камісіяй (рабочай групай) падчас правядзення грамадскага абмеркавання, а вынікі незалежнай экспертызы — накіроўвацца ў орган дзяржаўнай экспертызы.

Каментаваць