Занядбаны помнік дойлідства ў Мазыры будзе вяртацца дзяржаве праз суд

Улады Мазыра будуць праз суд вяртаць дзяржаве занядбаны помнік дойлідства нацыянальнага значэння пачатку XX стагоддзя па вуліцы Рыжкова, 11. Пра гэта «Новаму часу» паведаміла намесніца старшыні Мазырскага райвыканкаму Валянціна Назаранка. Мяркуецца, што суд адбудзецца напрыканцы году.

Гаворка ідзе пра выратаванне эклектычнай двухпавярховай камяніцы, густоўна ўпрыгожанай аздобай і мноствам архітэктурных дэталяў, выкананых з фігурнай абліцовачнай цэглы. Гэты велічны і адначасна вытанчаны асабняк плошчай 1.599 кв.м. прыйшоў у поўны заняпад, хоць знаходзіцца ва ўласнасці камерсантаў больш за 10 гадоў.

Існуе меркаванне, што гэты будынак, які некалі быў гарадской дамінантай і атрымаў назву  «Графскі маёнтак», з’яўляўся мазырскай рэзідэнцыяй князёў Радзівілаў. Па іншай версіі, камяніца была ўзведзена для павятовага шпіталю на грошы неабыякавых гараджанаў. Цягам дзесяцігоддзяў у маёнтку месціўся шпіталь: спачатку абласны, затым гарадскі і, урэшце, дзіцячы. Апроч таго, да канца 1940-х у камяніцы знаходзіўся радзільны дом. 

Пасля таго, як ў 2004 годзе дзяцячы шпіталь атрымаў новы будынак, помнік архітэктуры прыдбала ТАА «Булфінч», якое затым перапрадала камяніцу прыватнай асобе Наталлі Вягеры

З-за таго, што новыя ўласнікі не выконвалі ахоўныя абавязкі адносна гэтай нерухомай каштоўнасці, яна спакваля прыйшла ў поўны заняпад і пераўтварылася ў сметнік, прыбіральню і прытон для наркаманаў. У помніка дойлідства адсутнічае агароджа, знішчаныя дзвярныя праёмы і пабітае шкло ў вокнах, не рэстаўруецца фасад, асабняк патрабуе тэрміновых кансервацыйных працаў па прадухіленні канчатковага разбурэння. З-за такога сірочага жыцця ў верасні мінулага году зашугала полымем цэнтральная частка будынку, дзе на абодвух паверхах павыгорвалі драўляныя аконныя рамы. 

Паколькі ўсе дасудовыя захады мясцовых уладаў, у тым ліку неаднаразовыя прадпісанні і штрафы ўласнікам унікальнага помніка дойлідства аніяк не паспрыялі выпраўленню сітуацыі, камяніца ў судовым параду будзе вяртацца дзяржаве для далейшай кансервацыі і рэстаўрацыі будынку. 

Мясцовая грамадскасць прапануе перадаць адноўлены асабняк пад музей гісторыі Мазыра. Дарэчы, у гады савецкай улады камяніца захоўвалася ў належным стане і была ці не галоўнай архітэктурнай разынкай цудоўнага гораду, які вольна распасцёрся ўздоўж шырокай і паўнаводнай Прыпяці на высокіх узгорках, стромкіх схілах і вузкіх логах Мазырскай грады.


Абмеркаванне:

  • Ганна Булаш г. Мазыр
  • 2016-10-13 14:33:30
А што пра гэтае думаць? Трэба ратаваць будынак!
  • Филимонова Светлана Васильевна, учитель-методист,
  • 2016-10-14 20:40:34
Срочно нужно спасать здание. Это настоящий позор нашим властям и нашим горожанам за равнодушие, за уничтожение такого памятника архитектуры!!!

Каментаваць