Запарожцы пішуць ліст турэцкаму султану

Не, канешне, не запарожцы. І не турэцкаму султану. Аднак апошнія падзеі нагадваюць знакамітую карціну. Хаця, зважаючы на твары запарожцаў на малюнку, там не абышлося без нецэнзурных выразаў. Аляксандр Лукашэнка абышоўся без іх. Або яны былі зарэзаны цэнзурай.

Кіраўнік Беларусі звярнуўся да эпісталярнага жанру. Ягоны ліст быў надрукаваны ў камуністычнай газеце Расіі «Праўда», а затым ён даў інтэрв’ю CNN.



Не, канешне, не запарожцы. І не турэцкаму султану. Аднак апошнія падзеі нагадваюць знакамітую карціну. Хаця, зважаючы на твары запарожцаў на малюнку, там не абышлося без нецэнзурных выразаў. Аляксандр Лукашэнка абышоўся без іх. Або яны былі зарэзаны цэнзурай.

Кіраўнік Беларусі звярнуўся да эпісталярнага жанру. Ягоны ліст быў надрукаваны ў камуністычнай газеце Расіі «Праўда», а затым ён даў інтэрв’ю CNN.

У прыватнасці, Лукашэнка лічыць, што страта Беларусі для Расіі стане непапраўным уронам. Ён адзначыў, што калі Расія будзе і надалей весці падобным чынам сваю палітыку, Беларусі будзе «крыху складаней». «Такая палітыка з боку Расіі прывядзе да вельмі дрэнных наступстваў для самой Расійскай Федэрацыі», — заявіў Лукашэнка CNN.

«Але я не думаю, што ў Расіі гэта афіцыйна прызнаны курс і што яна будзе ісці гэтым курсам. У адваротным выпадку Расія страціць Беларусь, а гэта будзе непапраўны ўрон, найсур’ёзнейшы ўрон маральны, матэрыяльны, ваенна-палітычны, калі разглядаць любы аспект — гэта вялікая страта для Расіі», — адзначыў беларускі кіраўнік.

Што тычыцца «Праўды», то там лейтматыў ліста такі ж самы. «Давайце будзем шчырыя: няўжо за дзеяннямі «Газпраму» ва ўсёй гэтай гісторыі ляжыць толькі грашовы інтарэс? Хіба ж пара соцень мільёнаў долараў можа быць вырашальнай для фінансавага становішча адной з найбуйнейшых транснацыянальных карпарацый? Упэўнены, што для ўсіх адказ вядомы», — піша беларускі прэзідэнт.

Падаплёка канфлікту, на думку Лукашэнкі, абсалютна ў іншым: «Ён толькі частка той недружалюбнай палітыкі, якая на працягу апошніх гадоў планамерна праводзіцца ў адносінах да Беларусі. Дастаткова ўспомніць нядаўнія «малочныя», «мясныя», «цукровыя», «нафтавыя» і іншыя войны. Я ўжо не кажу пра тую лінію, якую мэтанакіравана праводзіць большасць расійскіх СМІ і якая набыла характар сапраўднай інфармацыйнай агрэсіі».

Аўтар ліста мяркуе, што мэта відавочная: «пастроіць» кіраўніцтва Беларусі, прымусіць пайсці на саступкі ва ўрон нацыянальным інтарэсам суверэннай дзяржавы, атрымаць смачны кавалак беларускай уласнасці.

«Мы ў Беларусі ўсё гэта бачым і ацэньваем адпаведным чынам. Як вынік — сярод нашых грамадзян, на жаль, становіцца ўсё менш прыхільнікаў глыбокай інтэграцыі з Расіяй. Беларусы пачынаюць ставіцца да самай блізкай для нас краіны — Расіі — з насцярожанасцю, чакаючы ад яе самых непрадказальных удараў», — сцвярджае Лукашэнка.

Ці сапраўды гэтыя тэксты выкліканыя «газавай вайной»? Хутчэй за ўсё, не. Хутчэй за ўсё, «газавая вайна» толькі абвастрыла ўспрыняцце беларускага прэзідэнта — успрыняцце чутак пра тое, што Крэмль на бліжэйшых прэзідэнцкіх выбарах яго не падтрымае. Таму Лукашэнка задзейнічаў інфармацыйны рэсурс па звыклай схеме: звярнуцца, па-першае, да расійскіх апазіцыянераў (КПРФ), і, па-другое, на Захад. Прычым, звыклы тэлеканал пад назвай «Еўраньюс» для яго ўжо «не каціць». Ён звярнуўся да тых, хто па-ранейшаму лічыцца ворагам Беларусі — да амерыканцаў з CNN. Пры тым, што дыпламатычны канфлікт 2008 года, калі колькасць супрацоўнікаў амерыканскай амбасады ў Беларусі была значна скарочаная, дагэтуль не ўладжаны.

Што гэта значыць? Гэта яўны пасыл Расіі, што яна можа згубіць у Беларусі ўсё. Дзве вайсковыя базы (у Вілейцы і Баранавічах), аэрадромы «падскоку» (больш за 10 штук, дзе расійскія ядзер­ныя бамбардзіроўшчыкі маглі б дазапраўляцца), супраць­паветраны «шчыт Масквы». Ну, і іншыя гіпатэтычныя выгоды, кшталту прызнання Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, Мытнага саюза і гэтак далей.

Але сам зварот да «Праўды» можа мець значныя наступствы. Лукашэнка звяртаецца да расійскай апазіцыі ў той час, калі ўсім у Расіі «руліць» «Адзіная Расія». Дарэчы, вельмі трапна назва гэтай партыі гучыць на беларускай мове. «Адзіная» па-беларуску можна перакладаць і як «Единая», і як «Единственная». І зварот Лукашэнкі да канкурэнта — газеты КПРФ, — можа выклікаць вельмі моцнае раздражненне ў Крэмля.

Дарэчы, яшчэ адным «званочкам» да Расіі можа быць і актыўнасць пошуку інвестыцыйных праектаў у беларускую эканоміку. Беларусь і Літва маюць намер сумесна рэалізаваць праект па будаўніцтве тэрмінала па разрэджванні газу, паведаміў прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі 28 чэрвеня падчас адкрыцця ў Мінску гіпермаркета «Ома», пабудаванага з удзелам літоўскага капіталу. Паводле экспертаў, кошт на звадкавы газ з Катара складае 145 долараў за тысячу кубаметраў, у той час як «Газпрам» плануе нам прадаваць яго за 250 долараў.

Урад Беларусі 29 чэрвеня ў Мінску падпісаў інвестыцыйны дагавор са швейцарскай кампаніяй «Франк Мюлер» аб рэалізацыі інвестыцыйнага праекта «Абнаўленне вытворчасці і прадукцыі ААТ «Мінскі гадзіннікавы завод». Паводле слоў гендырэктара «Франк Мюлер» Вартана Сірмакеса, аб’ём інвестыцый складзе больш як 10 мільёнаў долараў. Першая партыя новых гадзіннікаў «Прамень», як чакаецца, з’явіцца ў сакавіку наступнага года.

Да канца чэрвеня Беларусь падасць Кітаю прапановы аб стварэнні ў краіне высокатэхналагічных вытворчасцей з удзелам кітайскага капіталу. Пра гэта на сустрэчы з намеснікам міністра камерцыі Кітая Гао Хучэнам 29 чэрвеня ў Мінску паведаміў прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі.

Ён нагадаў пра дамоўленасці з кітайскім бокам аб пераносе высокатэхналагічных кітайскіх вытворчасцей на тэрыторыю Беларусі для стварэння магутнай прамысловай зоны. «Гэта праекты, якія заслугоўваюць самай сур’ёзнай увагі», — падкрэсліў Сідорскі. Паводле слоў кіраўніка ўрада, беларускі бок ужо падрыхтаваў прапановы аб рэалізацыі праектаў у 12–13 галінах эканомікі, «дзе кітайскія інвестары маглі б стварыць прадпрыемствы».

Акрамя таго, найбліжэйшым часам кітайскім партнёрам будзе пададзены маштабны праект па развіцці транспартнай інфраструктуры ў беларускай сталіцы з аб'ёмам інвестыцый 500 мільёнаў долараў.

Каментаваць