Запрашаем на прэм’еру стужкі “Я — голас Курапатаў”

Прэм’ера стужкі “Я — голас Курапатаў” aдбудзецца 2 красавіка а 18.00 ў сталічнай сядзібе Партыі БНФ. Пра гэта вечарам 29 сакавіка падчас традыцыйнага штомесячнага ўшанавання ахвяраў сталінізму ў Курапатах паведаміла рэжысёр фільму Вольга Мікалайчык.



Кветкі і знічкі да крыжоў


У чарговых здымках гэтай публіцыстычнай стужкі ўдзельнічалі выбітныя дзеячы беларускага нацыянальнага адраджэння мастак Мікола Купава і тэатральны рэжысёр Валер Мазынскі.

На думку Міколы Купавы, Курапаты з'яўляюцца тым “знакавым месцам, якое з нашага пад'ярэмнага народа-раба павінна рабіць чалавека з гонарам, годнасцю і гістарычнай памяццю”. Ён выказаў упэўненасць у тым, што хутка надыдзе час, калі беларускае грамадства і дзяржава асэнсуюць гэта і карэнным чынам зменяць сваё стаўленне да Курапатаў.

Валер Мазынскі нагадаў сваю вандроўку ў Шатландыю, што адбылася неяк гадоў 20 назад. “І адзін яшчэ малады святар прывёў мяне на старажытныя могілкі, дзе ў адным куце ляжалі сем пакаленняў ягонай радні. На маё пытанне “Ці не цяжкая ноша?” ён адказаў, што застаўся адзін у гэтым родзе, і калі адыдзе ў лепшы свет і ляжа каля спачылых сваякоў, справай ушанавання ягонага роду будзе апекавацца Шатландыя. Мы ж не мусім скора паміраць, бо акрамя нас Курапатамі няма каму займацца. Так што будзем чакаць сваёй Шатландыі і бараніць Курапаты. Для нас яны ноша цяжкая, але і пачэсная, бо згубіўшы нацыянальны некропаль, мы застанемся нікім”, — падкрэсліў Валер Мазынскі.

Нагадаем, што праз шчырыя, балючыя звароты герояў стужкі “Я — голас Курапатаў” яе аўтары хочуць абудзіць нацыю, каб беларусы не запалі ў бяспамяцтва, каб сотні-тысячы людзей прыходзілі ва ўрочышча на ўшанаванні памяці бязвінных ахвяраў сталінізму, што па вячарах 29 чысла штомесяц ладзяцца ў народным мемарыяле.

Ва ўшанаванні пад бел-чырвона-белымі сцягамі ўдзельнічалі каля 25 дэмакратычных актывістаў. Хвілінай маўчання яны ўшанавалі памяць бязвінна забітых людзей, агучылі больш за 200 з 5.772 вядомых імёнаў ахвяраў палітрэпрэсій 1920–1941-х гадоў, расстраляных ў Мінску і пазней рэабілітаваных (першыя больш за 300 імёнаў былі названыя ў Курапатах 29 кастрычніка 2012 года, далей спіс агучваўся на працягу мінулага і бягучага гадоў), правялі малебен, усклалі бел-чырвона-белыя і жоўта-блакітыя кветкі, запалілі знічкі і праспявалі беларускі духоўны гімн “Магутны Божа”.

Наступнае ўшанаванне ў Курапатах адбудзецца 29 красавіка а 18.00.

Каментаваць