Запрашаем на эскурсію «Гістарычная тапаграфія Курапатаў»

15 верасня ў Курапатах праводзіцца экскурсія для ўдзельнікаў грамадскага творчага конкурсу «Курапаты — народны мемарыял». Збор ва ўрочышчы ля Крыжа Пакутаў (каля МКАД) а 15.00.
Сябры аргкамітэту конкурсу пазнаёмяць удзельнікаў экскурсіі з новаадкрытымі фактамі з мінулага Курапатаў як месца масавых рэпрэсіяў, у тым ліку з яго ўдакладненай гістарычнай тапаграфіяй, што важна ў справе ўшанавання памяці ахвяраў таталітарызму.

Зацікаўленым будзе даведзена кампетэнтная інфармацыя пра геаграфію ўрочышча, пра вынікі і перспектывы археалагічных даследаванняў, пра юрыдычныя праблемы, створаныя ўладамі ў дачыненні да Курапатаў як памятнай мясціны.

Вось некаторыя факты, якія будуць узгадвацца на экскурсіі.


Дзе была адкрытая таямніца ўрочышча?


У артыкуле Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты — дарога смерці» (штотыднёвік «Літаратура і мастацтва», 3 чэрвеня 1988 году) першаадкрывальнікі гэтага жудаснага месца масавых забойствах ахвяраў сталінізму выказалі падзяку муляру Ігару Баге (на жаль, ужо сышоў у лепшы свет) і вучням сталічнай сярэдняй школы № 171 Віктару Пятровічу і Алесю Макрушыну, дзякуючы якім у 1988 годзе і была адкрытая таямніца ляснога масіву на паўночна-усходнім ускрайку Мінска.


На гэтым месцы была адкрытая таямніца ўрочышча

На гэтым месцы была адкрытая таямніца ўрочышча



29 траўня 2016 году. Апавядае Аляксандр Макрушын

29 траўня 2016 году. Апавядае Аляксандр Макрушын


Падчас штомесячнага ўшанавання памяці бязвінных людзей, што адбылося ва ўрочышчы 29 траўня гэтага году, Алесь Макрушын апавёў гісторыю 28-гадовай даўніны, калі яны ўтрох 1 траўня 1988 году капалі зямлянку ў магільнай западзіне на адным з схілаў Курапацкай гары і знайшлі парэшткі шматлікіх ахвяраў з прастрэленымі чарапамі. Па інфармацыі маладзёнаў, у лясны масіў прыехалі міліцыянты і супрацоўнік акадэмічнага Інстытуту гісторыі, кандыдат мастацтвазнаўства Зянон Пазьняк. З гэтага моманту і пачалося адкрыццё Курапатаў свету.

Разам з Крамерам і Шулькесам быў забіты Штам?


Пад час паўторных археалагічных раскопак 1997-1998 гадоў на адным з схілаў Курапацкай гары ў магільнай западзіне плошчай 12 квадратных метраў сярод парэшткаў 74 чалавек у трох скураных партманетах  былі знойдзеныя квіткі, па якіх ідэнтыфікаваныя персаналіі трох нябожчыкаў. З запісаў у квітках аб часовай канфіскацыі маёмасці вынікала, што былі знойдзеныя, у тым ліку, парэшткі Мойшы Іасеевіча Крамера і Мардыхая Шулькеса. Чыталася дата 10 чэрвеня 1940 года і месца зняволення — астрог у г. Гродна. Найбольш верагодным часам расстрэлу гэтых ахвяраў археолагі лічаць лета — раннюю восень 1940 года.

Сярод расстраляных, што ляжаць тут, вядомыя прозвішчы трох ахвяраў 

Сярод расстраляных, што ляжаць тут, вядомыя прозвішчы трох ахвяраў 


Паколькі вынікі прачытання тэксту з прозвішчам трэцяга расстралянага тады не дайшлі да археолагаў, грамадскасць неаднаразова запытвалася ва ўладаў пра гэтую інфармацыю, вядомую  Генеральнай пракуратуры. Аднак яна і па сёння засакрэчвае гэтыя звесткі. 


Мемарыяльная шыльда на месцы забойства

Мемарыяльная шыльда на месцы забойства



Нядаўна сябра аргкамітэту конкурсу Алесь Макаў паведаміў, што прозвішча трэцяй ахвяры ўзгадваецца ў артыкуле «Кто и в кого стрелял в Куропатах?», апублікаваным у штотыднёвіку «7 дней» 24 лістапада 2001 году. Аўтары артыкулу — Валянцін Корзун і Анатоль Смалянка — сябры «Общественной комиссии по расследованию преступлений в Куропатах», створанай для дыскрэдытацыі высноў пра забойствы ва ўрочышчы ахвяраў сталінізму супрацоўнікамі НКУС, не толькі назвалі прозвішча трэцяга расстралянага — Штам, але і паведамілі, што імя яго не ўдалося вызначыць.  


Грамадству неабходна знайсці дакументальнае пацвярджэнне апублікаваных звестак і паспрабаваць узнавіць вобразы і лёсы трох расстраляных.  


Што трэба для дакладнай лакалізацыі гістарычных аб’ектаў у Курапатах?


Удзельнікі экскурсіі пройдуць па той частцы «Дарогі смерці» праз урочышча, па якой ў 30-40-я гады мінулага стагоддзя бязвінных ахвяраў у «чорных варанках» і бартавых грузавіках вазілі з Мінска ў Курапаты на забойства.


Так зараз выглядае пачатак апошняга ўчастку “Дарогі смерці”

Так зараз выглядае пачатак апошняга ўчастку “Дарогі смерці”




Вывучэнне гістарычных мапаў і здымкаў, апытанне сведкаў, аналіз адкрытых крыніцаў і візуальны агляд мясцовасці дазваляюць прыкладна лакалізаваць у Курапатах месцы, дзе знаходзіліся не толькі магільныя западзіны, але і іншыя аб’екты гістарычнай тапаграфіі. Гаворка, між іншым, ідзе пра вызначэнне былой трасы драўлянага плоту з варотамі, збудаваных напрыканцы 1937 году для агароджы кавалку глухога бору пад назвай Брод, а таксама гістарычнай трасіроўкі 125-мятровага адрэзку «Дарогі смерці» пасля левага павароту на лясную грунтоўку з Заслаўскай шашы.


Вышэйшая кропка ўрочышча — Курапацкая гара

Вышэйшая кропка ўрочышча — Курапацкая гара




Аднак дакладна лакалізаваць сляды агароджы, варотаў, рову, будынкаў аховы, грунтоўкі і іншых матэрыяльных аб’ектаў ва ўрочышчы можна толькі з дапамогай археалагічных раскопак. На жаль, такія даследчыя працы ў Курапатах стануць мажлівыя толькі тады, калі сама беларуская дзяржава будзе зацікаўлена ў адкрыцці праўды пра масавыя палітычныя рэпрэсіі савецкага таталітарызму і ва ўшанаванні памяці бязвінных ахвяраў.  


На гэтым месцы “Дарога смерці” заканчвалася

На гэтым месцы “Дарога смерці” заканчвалася



Каментаваць