Заробак — 700$, кілбаса — 50$

Мы жывем добра, а будзем жыць яшчэ лепш. Здаецца, год зараз не перадвыбарчы, але нам апошнім часам сталі шмат абяцаць. І найперш, нам абяцаюць падвышэнне заробкаў. Аж да 700 долараў у эквіваленце. Пра тое, што сярэдні заробак мае быць на ўзроўні 700 долараў, заявіў яшчэ напярэдадні Новага года міністр эканомікі Мікалай Снапкоў.



У прамой лініі газеты «Рэспубліка» ён адзначыў, што ў 2013 годзе можна будзе падняць заробак у Беларусі да гэтай лічбы «без праблем». А 14 студзеня амаль пра тое ж заявіла на аператыўнай нарадзе ў мэрыі Мінска старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Жанна Рамановіч. Паводле яе слоў, ужо зараз у сталіцы сярэдні заробак значна перавысіў прагнозны паказчык у 500 долараў. Мінчукі, па яе дадзеных, зарабляюць зараз 635 долараў, а да канца 2013 года заробак вырасце да 750–770 долараў у месяц.

Узнікае толькі адно пытанне: адкуль беларускія ўлады возьмуць на гэта грошы?

Першы шлях самы добры і самы сумленны — зарабіць самім. Але з гэтым у нас вялікія праблемы. Па падліках незалежных эканамістаў, ВУП краіны склаў у 2012 годзе толькі паўтара працэнты. І ніхто не прагназуе, што ён у далейшым будзе расці. Хутчэй, наадварот — беларусам прадказваюць рэцэсію. Выгадны «растваральны бізнэс» накрыўся медным тазікам, а новых схемаў ад’ёму грошай у суседзяў цалкам легальным шляхам беларуская ўлада пакуль не прыдумала.

Што ж тычыцца продажу сваёй прадукцыі, то і тут Беларусь пахваліцца не можа. Нават паводле Белстата, складскія запасы прамысловасці на 1 снежня 2012 года склалі 23,22 трыльёна рублёў, або 2,7 мільярда долараў. Суадносіны запасаў гатовай прадукцыі і сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці ў арганізацыях прамысловасці ў студзені-лістападзе 2012 года ў фактычных цэнах склалі 59,7%. То бок, амаль 60% прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў не прадаецца.

Другі звыклы для Беларусі шлях — крэдыты. Менавіта на іх, па меркаванні многіх экспертаў, і трымаўся «беларускі эканамічны цуд». Але ў 2013 годзе нам крэдыты трэба аддаваць, а не браць. Агулам у 2013 годзе Беларусь на знешнія выплаты па крэдытах мусіць знайсці 3,1 мільярда долараў ЗША. Але прэзідэнт падчас сваёй прэс-канферэнцыі 15 студзеня агучыў іншую лічбу, на мільярд долараў большую — чатыры мільярды. Яму падказалі, што 3,1 мільярда — гэта сума толькі крэдытаў, а астатняе — грошы за іх абслугоўванне.

Новых крэдытаў нам не дасць ніхто. Беларусь апынулася ў ролі «нядобрасумленнага пазычальніка». Бо ўсе крэдыты маюць свае ўмовы, і галоўныя ўмовы (што крэдытаў Міжнароднага валютнага фонду, што крэдытаў Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭс) — гэта структурныя эканамічныя рэформы і прыватызацыя. Што тычыцца Беларусі, то мы адказваем крэдыторам словамі Папанава з фільма «Брыльянтавая рука»: «На гэта я пайціць не магу!». Сапраўды, як толькі мы пачнём рэфармаваць эканоміку, ляснуцца беларускі эканамічны цуд, нашая стабільнасць і моцна захістаецца ўлада.

Так што зараз нам бы па тых, што ёсць, крэдытах разлічыцца.

Ёсць і іншы шлях захавання стабільнасці з павышэннем заробку — прыватызацыя. Але аддаць на заробак грошы з прыватызацыі — гэта банальна іх праесці. Да таго ж трэба ўлічваць, што прадпрыемства можна прадаць толькі адзін раз.

Дый не пойдуць грошы з прыватызацыі на заробкі, папросту таму, што ў нас зараз новы праект — мадэрнізацыя. І грошы з прыватызацыі павінны скіроўвацца менавіта на мадэрнізацыю прадпрыемстваў, а не на праяданне.

Акрамя таго, як адзначае эканаміст Яраслаў Раманчук, у Беларусі існуе аж 176 дзяржпраграм: аўцаводства, льноперапрацоўка, мармуровае мяса, аграгарадкі і невядома што яшчэ. Гэта, канешне, не Сколкава і нанатэхналогіі, але і яны патрабуюць грошай. Таму перш за ўсё грошы ад прыватызацыі (калі яны, канешне, будуць, што таксама вялікае пытанне), скіруюць і на гэтыя праекты.

І апошні варыянт — гэта тупа ўключыць машынку для друку грошай. Гэта ў гісторыі Беларусі было неаднаразова, але ніколі не прыводзіла да добрых вынікаў. Нават звычайныя людзі разумеюць, што калі такім чынам паспрабаваць «нарасціць» заробак, то заробак, можа, і дасягне лічбы ў 700 долараў. Але кілбаса тады будзе каштаваць 50 «баксаў».

Больш за тое, па словах Раманчука, гэты рэзерв таксама вычарпаны. «У 2012 годзе рублёвая маса ў Беларусі павялічылася на 69%. Гэта замнога. Таму, калі мы яшчэ паспрабуем уключыць станок для друку грошай, нас чакае вельмі жорсткая пасадка», — кажа Раманчук.

Тым больш, што ў «Асноўных накірунках грашова-крэдытнай палітыкі» на 2013 год барацьба з інфляцыяй абвешчана галоўнай стратэгічнай задачай. Згодна з планам, у 2013 годзе інфляцыя павінна скласці 12% за год, хоць у 2012-м гэты паказчык склаў 21,8%, а толькі за 8 дзён 2013 года ў Беларусі кошты выраслі на 1,5%.

Так што заявы пра сярэдні заробак у 700 долараў у 2013 годзе — гэта ўсяго толькі трызненне чыноўнікаў, якія альбо занадта рана пачалі святкаваць Новы год, альбо не скончылі гэтае святкаванне своечасова. І, па меркаванні фінансавага Аналітыка Сяргея Чалага, гэта разумеюць нават ва ўрадзе Беларусі. «Нам з 2011 года гаварылі, што заробак будзе расці не тымі тэмпамі, як раней. Нам казалі, што «выцягне» нас улада толькі да 500 долараў, а далей — ужо самі, са сваіх прыбыткаў. І бюджэт на 2013 год, наколькі я ведаю, быў складзены зыходзячы менавіта з гэтага — з разліку на ўласныя сілы прадпрыемстваў па пытанні заробкаў. Заробак у 700 долараў папросту не закладзены ў бюджэце», — кажа Чалы.

Такім чынам, да заяваў чыноўнікаў пра 700 долараў заробку трэба ставіцца як да застольнага пажадання.

Каментаваць