Жарсці вакол «дварца»

Якая, урэшце, розніца, што будзе напісана на фасадзе звышшыкоўнага новабуда?  Зразумела, што руская мова на будынку, які нібыта закліканы стаць металічнабетонным увасабленнем беларускай незалежнасці (каб ведалі і бачылі!) — недарэчны выклік, па сутнасці абвяржэнне гэтай самай незалежнасці. Але хіба гэты выклік у межах Рэспублікі Беларусь адзіны?



Загадкавы надпіс на таямнічым аб'екце


Спрэчка разгарэлася ў дзіўным кірунку. Любыя літары лёгка здзёўбваюцца. Будаўнікі нам наглядна і пераканаўча дэманструюць адсутнасць вечнай моцы. Пры адным рэжыме напішуць адно, пры іншым — іншае...

 

Не скажаш, што грамадзян мала цікавіць сам факт з’ўлення будынка-монстра на беразе Свіслачы. Цікавіць, але ціха, кулуарна. Спытаць і сказаць так, каб нікога не пакрыўдзіць. Вось і ў сеціве абмежаваліся разгадкай рэбуса з надпісам. Кошт цяперашняму парламенту мы ведаем, але ў грамадстве няма і самадзейнай замены яму. Не хапае бурных абмеркаванняў гарачых і балючых навін.

 

Прапаганда часта падкрэслівае, што кіраўнік дзяржавы небагаты, нічога асабістага не мае. Хаця ступень беднасці-багацтва вызначаецца не велічынёй рахункаў у банку, а памерамі сродкаў, якімі чалавек можа распараджацца. Колькі каштуе новае збудаванне,  ніхто нам не скажа, бо трэба будзе называць суму, блізкую да фантастычнай, гэта вам не заштатны лядовы палац у райцэнтры. Хто прымаў рашэнне, зацвярджаў праект, каштарыс, можна толькі здагадвацца. Ці існуе ў прыродзе стэнаграма нарады, на якой бы скупаватыя чыноўнікі (па пасадзе, кшталту міністра фінансаў, кіраўніка дзяржаўнага кантролю) біліся б за недатыкальнасць казны, таксама не знайсці, бо і нарады магло не быць.

 

Ніхто дакладна не пералічыць, колькі рэзідэнцый у кіраўніка дзяржавы, якім быў іх сумарны кошт пры будаўніцтве, у якую капейчыну абыходзіцца іх утрыманне. Гэта стала вялікай таямніцай. А былі такія часы, калі старшыня антыкарупцыйнай камісіі Вярхоўнага Савета 12 склікання вазіў журналістаў у Дразды і паказваў, глядзіце, як шыкавалі партыйныя бонзы, у іх тут нават цяпліца для агурочкаў-памідорчыкаў ёсць!

Вызначэнне так званага сярэдняга ўзроўню жыцця — адзін з самых камуфляжных крытэрыяў. Некалі ў арміі узровень сілы роты вызначылі па салдату, які найгорш страляў, найгорш бегаў, найгорш вісеў на турніку. Наш сацыяльны дабрабыт варта было б мераць па самаму горшаму дому для састарэлых, па самаму нехлямяжаму шпіталю… Бо ўсё астатняе – гэта пыха, цяга да байства, пагарда да людзей.

 

Абмеркаванне:

  • Васіль
  • 2013-05-26 17:05:20
Цалкам падтрымліваю!

Каментаваць