Жарт ацэніць пракуратура. Расейскага журналіста пераследуюць за зварот да Пуціна

Валагодскі журналіст, галоўны рэдактар газеты «Прэм'ер» Раман Раманенка, атрымаў шырокую вядомасць у блогасферы пасля таго, як папрасіў прэзідэнта Расеі ўвесці ў вобласць войскі «для абароны рускамоўнага насельніцтва». Зараз на яго спусцілі ўсіх сабакаў...

 



Раман Раманенка. Фота "Новай газеты"


«Нашы хворыя не могуць атрымаць патрэбных ім лекаў і лячэння, узровень нашай адукацыі падае з кожным годам, зачыняюцца дзіцячыя секцыі і гурткі, сельская гаспадарка практычна знішчана. Мы ўсе вельмі пакутуем», — напісаў Раманенка.

Вось тэкст гэтага звароту:

Войскі ў рэгіён, вядома, не ўвялі, а вось СМІ і блогасфера ўдалы жарт Рамана ацанілі. Што, у сваю чаргу, вельмі не спадабалася губернатару Валагодскай вобласці Алегу Куўшыннікаву і мясцовым чарнасоценцам.
 

Губернатар звярнуўся ў абласную пракуратару з афіцыйнай заявай, у якой запатрабаваў «праверыць факты», выкладзеныя журналістам, і прыцягнуць яго да адказнасці. Практычна адначасова невядомыя актывісты размалявалі свастыкай і надпісамі «СтопМайдан» сцены пад'езда і дзверы кватэры Раманенкі. А паштовыя скрыні жыхароў закідалі ўлёткамі наступнага зместу: "У вашым доме жыве львоўская паскуда... Будзьце асцярожныя, кватэра ўкраінца-габрэя Раманенкі можа стаць канспіратыўнай кватэрай для «ўкраінскіх патрыётаў».
 

Пракуратура, натуральна, просьбу губернатара выканала, і Раманенка запрасілі на гутарку. Азірніцеся вакол, сказаў Раманенка пракурорам, і вы ўсё ўбачыце самі — і сельскую гаспадарку, і медыцыну, і сацыялку.
 

Усё гэта, аднак, не астудзіла запал пракуратуры. І камусьці прыйшла думка ударыць па Раману Раманенка з іншага боку. У якасці першай мішэні, насуперак чаканню, аказалася не газета «Прэм'ер», а дабрачынны фонд «Добрыя людзі», які таксама ўзначальвае актыўны грамадзянін Раман Раманенка
 

У офіс фонду прыйшлі чатыры супрацоўнікі абласнога УУС з аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі і карупцыяй і правялі «аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы».

— Спачатку было апытанне ў пракуратуры. — распавёў Раман Раманенка “Новай газеце” — Супрацоўнік пракуратуры кажа: «Вы выступалі ў прэсе як кіраўнік дабрачыннага фонду і казалі, што ў нас з медыцынай не ўсё ў парадку, распавядалі, што купляеце лекі для анкалагічных хворых, пры гэтым гаворка ішла аб леках, якія яны павінны атрымліваць бясплатна. Мы вырашылі з гэтай нагоды правесці праверку».
 

Раман кажа, што спачатку нават узрадаваўся цікавасці да праблемы. Была думка, што знайшоў саюзнікаў у барацьбе за парадак. «Усе распавёў, нічога не ўтаіў. Больш за тое, мы падрыхтавалі вялікую тэчку з дакументамі. Там былі выпіскі з гісторый хвароб канкрэтных людзей, рэцэпты, наша перапіска з дэпартаментам аховы здароўя. Адпіскі, што лекі не закупленыя або калі-небудзь будуць закуплены. І ні аднаго адказу на пытанне, што рабіць смяротна хвораму, якому лекі трэба зараз».

Гэтыя дакументы цяпер у пракуратуры. Але, хутчэй за ўсё, выкарыстаны яны будуць не ў дапамогу мясцовай медыцыне, а ўсяго толькі ў якасці напаўнення крымінальнай справы супраць Раманенкі.


 — Праводзім планёрку, — распавядае Раман. — Раптам заходзяць чатыры супрацоўнікі паліцыі і кажуць, што па даручэнні пракуратуры праводзяць аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы. Прайшлі ў бухгалтэрыю, канфіскавалі ўсе дакументы за ўвесь час працы фонду, запакавалі, павезлі.

— У чым цябе абвінавачваюць?
 

— Там цэлы букет злачынстваў хочуць намаляваць. І артыкул 159 КК РФ (махлярства), і артыкул 160 КК РФ (прысваенне і растрата), і артыкул 174 КК РФ (легалізацыя (адмыванне ) грашовых сродкаў або iншай маёмасцi, набытых іншымі асобамі злачынным шляхам).
 

Раман паміж тым спакойны. Запэўнівае, што хвалявацца ў яго прычын няма.

— Фонд абсалютна празрысты. Зарплату ў фондзе я наогул не атрымліваю, а на ўтрыманне фонду ў мінулым годзе было выдаткавана 1,7 працэнта ад сабраных сродкаў (па законе можна да 20). З юрыдычнага пункту гледжання таксама ўсё чыста, штомесяц робім справаздачу перад ахвярадаўцамі.
 

Фонд «Добрыя людзі» першапачаткова працаваў з хворымі на лейкоз ў тых выпадках, калі паказана перасадка костнага мозгу. Сама гэтая аперацыя аплачваецца бюджэтам, а вось падбор донара не, таму што ў Расіі няма сваёй базы донараў і даводзіцца звяртацца ў нямецкі рэгістр Стэфана Морша. А гэта больш за 20 000 еўра. Пасля перасадкі хворым трэба жыць у Пецярбургу як мінімум паўгода і купляць дарагія прэпараты, якія чамусьці таксама не аплачваюцца дзяржавай. Па нашаму вопыту, усё гэта абыходзіцца мінімум у паўтара мільёна рублёў. Грошы, пагадзіся, непад'ёмныя для звычайнай сям'і. Менавіта гэтым і займаюцца « Добрыя людзі». І не толькі...
Гэта няправільна, што ў нашай краіне няма рэестра донараў касцявога мозгу. І мы дапамагаем фонду «Адвіта » і Інстытуту дзіцячай гематалогіі і транспланталогіі імя Раісы Гарбачовай у яго стварэнні. Ужо правялі адну акцыю па падборы донараў, у красавіку збіраліся правесці яшчэ адну.
 

— Чаму «збіраліся»? Ўжо адмянілі?
 

— Не ведаю, як будуць развівацца падзеі. Не выключаю, што фонду «Добрыя людзі» прыйдзецца згарнуць сваю працу
 

— Раман, чым ты можаш растлумачыць такую хваравітую рэакцыю губернатара на тваё жартаўлівае зварот да прэзыдэнта Расеі ?

— Зыходзячы з рэальнай сітуацыі ў Валагодскай вобласці, палітычных фактараў, з аб'ёмаў рэкламнага рынку, я выдатна разумею, што існаванне незалежнага СМІ ў вобласці — гэта лавіраванне паміж групамі ўплыву, гэта заўсёды адваёўванне прасторы свабоды, якое суправаджаецца нейкімі кампрамісамі. Так было пры ранейшым губернатары. Калі ў вобласці з'явіўся новы губернатар, я думаў, што ён прыме гэтыя правілы гульні. Але аказалася, што ён вельмі хваравіта ставіцца да таго, што пішуць пра ўладу.
 

— Гэта высветлілася пасля твайго звароту да Пуціна ?
 

— Не, раней. У канцы мінулага года ў нас было некалькі публікацый пра тое, як ва ўмовах жорсткага бюджэтнага крызісу ўлады робяць рамонты ў сваіх кабінетах, купляюць новую мэблю, пазадарожнікі...
Губернатар, падобна, успрыняў гэта як аб'яву вайны. У публічную сферу гэта не выходзіла, нам па дробязях рабілі поскудзі. А пасля звароту да прэзідэнта Расіі супрацьстаянне з уладай перайшло ў гарачую стадыю. Губернатар, мабыць, успрыняў гэта як выпад у свой асабісты адрас. І пачаліся выклікі ў пракуратуру, з'яўленне «ветлівых людзей» з паліцыі, выемкі дакументаў...
 

— Наколькі далёка гатовы пайсці ты?
 

— Калі разглядаць сітуацыю ў прававым полі, там наогул ні да чаго ня дакапацца. Я абсалютна спакойны. У нас кожная капейка ў фондзе, выдадзеная камусьці, падмацоўваецца кучай папер-дакументаў. Там усё чыста. Але я выдатна разумею, што жыву ў Расіі. І калі ёсць заказ, то праваахоўнікі выкруцяцца і што-небудзь прыдумаюць... Але пакуль не зразумела, наколькі губернатар можа маніпуляваць федэраламі. А валагодскія сілавікі заўсёды былі даволі незалежныя ад мясцовых дзівацтваў.
 

— Няма жадання з'ехаць з Волагды ?
 

— Не дачакаюцца! Хоць магчымасць з'ехаць ёсць. У мяне шмат сяброў-знаёмых у той жа Украіне, клічуць, гатовыя дапамагчы і з жыллём, і з працай (Раманенка — выпускнік Львоўскага ваенна-палітычнага вучылішча). Але я не ўяўляю для сябе жыцця па-за Расіяй.

Матэрыял падрыхтаваны паводле артыкулу ў "Новай газеце"

www.novayagazeta.ru

Каментаваць