Засцерагчыся ад Навальнага

Шмат хто з цікавасцю глядзеў на выбары мэра Масквы. Бойка Давіда і Галіяфа заўсёды цікавая. Выбары прайшлі, непераканаўчую перамогу ў першым туры атрымаў выконваючы абавязкі мэра Сяргей Сабянін. Асноўны ягоны канкурэнт, апазіцыянер Аляксей Навальны, кажа пра фальсіфікацыі і патрабуе другога туру выбараў. Амаль як у Беларусі!



Ну і, як і ў Беларусі, ніхто не збіраецца праводзіць перападлік галасоў. Афіцыйныя вынікі абвешчаныя, Сабянін перамог у першым туры. У Сабяніна 51,37%. У Навальнага — 27,24%.

Поспех Навальнага неверагодны. За тыдзень да дня выбараў сацыёлагі давалі Навальнаму толькі каля 10% галасоў і казалі пра тое, што, калі Навальны набярэ 1–2%, гэта можна лічыць канцом ягонай кар’еры. Навальны пабіў не толькі песімістычныя, але і самыя аптымістычныя прагнозы.

А ў Беларусі за маскоўскімі выбарамі глядзела як апазіцыя, так і ўлада. Апазіцыя спадзявалася на перамогу Навальнага. Бо мэрства Навальнага давала б някепскі штуршок у прэзідэнты Расіі. Пра гэта, не хаваючыся, казалі ўсе расійскія дэмакраты: Навальны павінен скласці канкурэнцыю Пуціну. А калі ён дэмакрат і супраць Пуціна, дык беларуская апазіцыя аўтаматычна лічыць яго «сваім».

Таму класныя для Навальнага 27 працэнтаў ягоныя беларускія прыхільнікі ўспрынялі з нейкім расчараваннем. Некаторыя палітыкі нават заявілі, што, калі б ім далі такія ўмовы выбараў, якія былі на маскоўскіх, то беларускі апазіцыйны кандыдат набраў бы больш за траціну галасоў і «парваў» бы Сабяніна на шматкі.

Спадары з апазіцыі забыліся, што ў нас таксама былі ўмовы кшталту маскоўскіх. І чым яны займаліся? Канешне, быў вельмі важны для іх байкот парламенцкіх выбараў 2000 года, бо Лукашэнка змяніў Канстытуцыю ў 1996-м. Важна было не дапусціць легітымізацыі нелегітымнага парламента. Але байкот — гэта спроба не даць камусьці пралезці ў легітымныя, а не спроба выйсці ў лідары. Гэтыя паняцці адрозніваюцца, як брамнік ад нападаючага ў футболе. І тады ніхто не думаў, што ў 2001-м, праводзячы прэзідэнцкія выбары па той жа змененай Канстытуцыі, усё роўна давядзецца ўладу «легітымізаваць».

Ну а ў 2006 годзе сістэма была ўжо адладжаная, і рэферэндумам 2004 года ў тым ліку.

Калі хто кажа пра тое, што «мы б перамаглі», то таму варта ўспомніць, як бабулька дзяўчынкай была.

З не меншай цікавасцю, пэўна, за выбарамі маскоўскага мэра назіралі ў адміністрацыі нашага прэзідэнта. Прычым, цікавасць была да абодвух бакоў. Па-першае, было цікава, чаму ж маскоўскі выбаркам навучыўся ў беларускага? А па-другое, шмат хто казаў, што Навальны — копія Лукашэнкі ў маладосці. Найперш, у іх адна «фішка» — барацьба з карупцыяй. Праграма ў Навальнага таксама: папулізм з лёгкім дамешкам нацыяналізму: рускіх прыгнятаюць, Каўказ праблемны, візы для жыхароў азіяцкіх рэспублік і гэтак далей. Па-сутнасці, як кажуць расійскія аналітыкі, Навальны акрамя лозунгаў масквічам нічога не прапаноўваў.

Суд над Навальным, які прызнаў яго 18 ліпеня вінаватым у крадзяжы ў буйных памерах, толькі дадаў аргументаў да параўнанняў на карысць Лукашэнкі. Маладога беларускага кандыдата ў прэзідэнты таксама і «забіць спрабавалі», і пінжак яму парвалі ў Доме ўрада, і ўвогуле ўсяляк заціскалі. Такім чынам, у абодвух склалася такая «аўра пакрыўджаных», а пакрыўджаных «славянская душа» любіць.

Некаторыя «байцы» ўзгадвалі падзеі маладосць і думалі, ці здольная сістэма выбараў, выбудаваная ў Беларусі, стрымаць такога «новага Лукашэнку»? Ці многа з таго, што ўзялі ў беларусаў расійскія ўлады, трэба для таго, каб перамог «патрэбны» кандыдат?

Аказалася, не так ужо шмат і трэба. Розніца ў тым, што ў Маскве галасы пакуль што лічаць. Прынамсі, на такім «мясцовым» узроўні. Інакш Сабянін бы пераканаўча перамог Навальнага, набраўшы 83% галасоў выбаршчыкаў, а прагаласавала б 75%, а не каля 32% масквічоў.

Маскоўскія ўлады ўзялі толькі два ноў-хаў беларускіх выбараў. Гэта галасаванне на даму, якое праверыць немагчыма, і «вечаровы наплыў». Назіральнікі адзначалі, што спісы «надомнага» галасавання вельмі «раздутыя», і складалі больш за 100 тысяч чалавек, альбо каля 4,5% насельніцтва, якое мае права голасу. Пры яўцы ў 32% гэта вельмі істотная лічба, асабліва ўлічваючы, што 80% «надомнікаў» «прагаласавалі» за Сабяніна.

Што тычыцца «вечаровага наплыву» выбарцаў на ўчасткі, то гэта малюнак знаёмы. Нібыта, у апошнія дзве гадзіны людзі «прыязджаюць з лецішчаў» і ідуць галасаваць за «правільнага» кандыдата. На самай справе, ніхто нікуды не ідзе, малюнак ствараецца штучна, а галасы ўжо падзеленыя.

Ну, і, канешне, «адміністратыўны рэсурс», прымус і ўсё такое.

Карацей, нават калі галасы лічаць, — гэта яшчэ не панацэя. Але тут хаця б ёсць шанец схапіць фальсіфікатараў за руку, што і спрабуе зараз зрабіць Навальны.

Карацей, у Беларусі зараз усцешаныя ўсе — ад апазіцыянераў да ўлады. «Маскоўскія» не да канца, але ўсё ж вывучылі ўрокі беларускіх галасаванняў. Мажліва, яны яшчэ падвучацца, і ўсё ў іх будзе таксама «ціп-топ» з лічбамі, як і ў нас.

Сапраўды, з аднаго боку, маскоўскія мэрскія выбары падобныя да беларускіх. А з другога — усё так і было задумана. Канешне, Навальны можа радавацца сваім 27 працэнтам. Радуецца сваёй перамозе Сабянін. Усцешаны і Пуцін — ён прадэманстраваў усяму свету, што выбары ў Расіі — гэта свята дэмакратыі, што ніхто ў перадвыбарчы працэс не ўмешваўся, сам ён ані слова на гэты конт не сказаў і гэтак далей. А скаргі Навальнага будуць разгледжаныя ў законны тэрмін... А галоўнае для ўсіх расіян — гэта калі задаволены Пуцін.

Але адно істотнае маскоўскае ноў-хаў важнае для беларускай улады. Колькі б Навальны не цешыўся сваімі 27 працэнтамі, зараз стаць прэзідэнтам Расіі яму ніяк «не каціць». Бо ў нас кандыдатаў на прэзідэнты пасадзілі адразу пасля выбараў. А вось Навальнаму вынеслі прысуд напярэдадні падзеі. І таму зараз, пасля разгляду апеляцыі, ён паедзе на пэўны час у Сібір елкі лобзікам пілаваць.

За час ягонай адсутнасці 27% «рассасуцца», і яму зноў трэба будзе пачынаць заваёўваць сваю папулярнасць з нуля.

А за гэты час у выбарчых тэхналогіях беларусы прыдумаюць нешта новае, каб засцерагчыся ад магчымага «мясцовага Навальнага». І, вядома ж, падзеляцца ведамі з братамі-расіянамі.

Каментаваць