Засеем Смаленскую вобласць

Шклоўскі раён наведалі прадстаўнікі Смаленшчыны — кіраўнік муніцыпальнай установы «Мушкавіцкае сельскае пасяленне» Андрэй Азаранкаў і дырэктары сельгаспрадпрыемстваў «Мушкавічы» і «Сапрыкіна» Людміла Азаранкава і Генадзь Усачоў.

Шклоўскі раён наведалі прадстаўнікі Смаленшчыны — кіраўнік муніцыпальнай установы «Мушкавіцкае сельскае пасяленне» Андрэй Азаранкаў і дырэктары сельгаспрадпрыемстваў «Мушкавічы» і «Сапрыкіна» Людміла Азаранкава і Генадзь Усачоў.

Госці сустрэліся ў Шклоўскім райвыканкаме з кіраўнікамі мясцовага райвыканкама і гаспадарак, а таксама прадстаўнікамі Магілёўскага аблвыканкама. Расійскія госці распавялі, што на тэрыторыі іх гаспадарак у Ярцаўскім раёне Смаленскай вобласці маецца шмат вольных зямель, прыдатных для вырошчвання сельскагаспадарчых культур, а трактароў і глебаапрацоўчых агрэгатаў для іх апрацоўкі ў мясцовых аграрыяў не хапае. І прапанавалі шклоўскім аграрыям сумеснымі намаганнямі адрадзіць былыя калгасныя палі.

Прапанова смаленскіх калег была з разуменнем сустрэтая працаўнікамі сельскай гаспадаркі Шклоўшчыны. Дасягнутая папярэдняя дамоўленасць, што ўжо ў гэтым годзе будуць распачатыя работы на плошчы 660 гектараў, дзе спачатку плануецца знішчыць пустазелле, а потым узараць гэту тэрыторыю і падрыхтаваць палі пад сяўбу проса і азімага рапсу. Вызначана, што ў далейшым колькасць сумесна апрацоўваемых плошчаў будзе даведзена да некалькіх тысяч гектараў.

Газета «Ударны фронт» паведамляе, што кіраўніцтва Шклоўскага раёна разлічвае, што праект будзе выгадны і расіянам, і мясцовым аграрыям, бо на Шклоўшчыне ў бліжэйшыя 2–3 гады ў сувязі з масавым будаўніцтвам жывёлагадоўчых комплексаў пагалоўе буйной рагатай жывёлы і свіней узрасце ў разы. Суадносна ўзрастуць і патрэбы ў кармах, на вытворчасць якіх пасяўных плошчаў у Шклоўскім раёне будзе не хапаць.

А тым часам у суседніх са Шклоўскім раёнах Магілёўшчыны процьма зямель сельгаспрызначэння, што зараз не выкарыстоўваецца для вытворчасці сельгаспрадукцыі. Хіба толькі аграрыям Шклоўшчыны проста больш няма куды падзець грошы, як «закапаць» іх у Расійскае Нечарназем’е?

Каментаваць