Заснавана Таварыства аматараў беларускай гісторыі імя Вацлава Ластоўскага

12 студзеня ў Мінску заснавана Мінскае гарадское таварыства аматараў беларускай гісторыі імя Вацлава Ластоўскага (ТАБГ).



У арганізацыйным сходзе добраахвотнага, недзяржаўнага, непалітычнага і некамерцыйнага грамадскага аб’яднання ўдзельнічалі 39 прадстаўнікоў сталічнай інтэлігенцыі, у тым ліку прафесійныя гісторыкі, краязнаўцы, мастакі, мастацтвазнаўцы, артысты, дызайнеры, інжынеры, педагогі, прадпрымальнікі, літаратары і журналісты. На сходзе было абранае праўленне таварыства, зацверджаныя яго статут і план дзейнасці на бягучы год.

Старшынёй ТАБГ абраны вядомы беларускі археолаг і гісторык-медыявіст, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар Георгій Штыхаў, намеснікам старшыні — доктар навук у галіне інфармацыйных тэхналогій, прафесар Анатоль Тарас, сакратаром — кандыдат мастацтвазнаўства Ірына Шумская і старшынёй рэвізійнай камісіі — кандыдат тэхнічных навук Алег Шагулін.

У статуце таварыства адзначаецца, што яно створана для аб’яднання высілкаў аматараў гісторыі і краязнаўцаў з мэтай даследавання і папулярызацыі гісторыі Бацькаўшчыны.

Прычым, як адзначыў Анатоль Тарас, на базе Мінскага гарадскога ТАБГ праз год мяркуецца стварыць рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне.

У планах дзейнасці таварыства на 2013 год выданне трох навуковых выпускаў “Запісаў таварыства аматараў беларускай гісторыі імя Вацлава Ластоўскага . Прычым, у першы 200-старонкавы ілюстраваны выпуск, каторы быў прэзентаваны на арганізацыйным сходзе, увайшлі зварот да аматараў беларускай гісторыі, праект статута ТАБГ, а таксама артыкулы, прысвечаныя сівой даўніне Бацькаўшчыны, мінуламу вёсак, беларускай тапаніміцы і падзеям найноўшай гісторыі. Наступны выпуск запісаў па гісторыі беларускай Смаленшчыны выйдзе вясной бягучага года.     

Акрамя таго плануецца выданне зборнікаў артыкулаў сябраў таварыства ў гонар 150-годдзя нацыянальна-вызвольнага паўстання 1863-1864 гадоў; календара памятных дат з гісторыі Беларусі на 2014 год. 

Будуць праводзіцца штомесячныя сустрэчы з краязнаўцамі і аматарамі гісторыі ў абласных і раённых цэнтрах; вандроўкі сябраў таварыства па месцам пахавання ўдзельнікаў нацыянальна-вызвольнага паўстання 1863–1864 гадоў і ў Германавіцкі культурна-асветніцкі цэнтр імя Язэпа Драздовіча (Шаркаўшчынскі раён на Віцебшчыне); віктарыны для моладзі па гісторыі Беларусі.

Плануецца таксама заснаванне электроннай базы дадзеных па страчаным дакументам і артэфактам нацыянальнай гістарычнай спадчыны.

Дырэктар грамадскага Інстытута беларускай гісторыі і культуры, зарэгістраванага ў Рызе (Латвія), Віктар Яўмененка адзначыў, што стварэнне ТАБГ было запланавана інстытутам пад час яго арганізацыі. Паводле ягоных слоў, дзейнасць таварыства не толькі дасць магчымасць яго сябрам рэалізаваць свае нестандартныя ідэі і праекты, але і далучыць да працы ТАБГ новых неабыякавых людзей. Вось чаму афіцыйная рэгістрацыя новага грамадскага аб’яднання будзе праводзіцца менавіта ў Беларусі. 

Каментаваць