Застыласць у міжнародным часе

У Новы год Беларусь перамяшчаецца аднакрылай самотнай птушкай. Адносіны з Захадам пасля прэзідэнцкіх выбараў так і не наладзіліся нават у гіпатэтычным рэчышчы дыялогу, кантакты з Расіяй зведзеныя да прагматычных праграм «актывы наўзамен лаяльнасці».



У Новы год Беларусь перамяшчаецца аднакрылай самотнай птушкай. Адносіны з Захадам пасля прэзідэнцкіх выбараў так і не наладзіліся нават у гіпатэтычным рэчышчы дыялогу, кантакты з Расіяй зведзеныя да прагматычных праграм «актывы наўзамен лаяльнасці».

Па выніках года атрымалася так, што «КДБ Беларусі ў цеснай звязцы з іншымі праваахоўнымі структурамі абараніў стабільнасць у развіцці дзяржавы, выбар беларускага народа і не дазволіў умешвацца ва ўнутраныя справы Беларусі», — заявіў кіраўнік КДБ Вадзім Зайцаў, падводзячы вынікі дзейнасці камітэта. Гэтая фраза добра праілюстравала ўнутраную і — як вынік — знешнюю палітыку дзяржавы цягам гэтага года і накоплены багаж на бліжэйшы час — сілавыя метады вызначаюць сёння і заўтра Беларусі.

Напрыканцы года ЕС пашырае візавыя санкцыі, Злучаныя Штаты ідуць далей і маюць намер пашырыць эканамічны ціск на ўлады Беларусі. Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША ўхваліла законапраект, які прадугледжвае пашырэнне санкцый супраць Беларусі «за парушэнне правоў чалавека». Дакумент пад назвай «Закон аб дэмакратыі і правах чалавека ў Беларусі ад 2011 года» быў прыняты аднагалосна. Аналагічны дакумент ухваліў Сенат. Цяпер ён павінен паступіць на подпіс прэзідэнту Бараку Абаме.

Адзначаецца, што Вашынгтон павінен дамагацца «неадкладнага і без якіх-небудзь умоў вызвалення ўсіх палітвязняў у Беларусі, у тым ліку тых, хто быў затрыманы ў сувязі з выбарамі 19 снежня 2010 года» і «працягваць падтрымліваць памкненні народа Беларусі да дэмакратыі, правоў чалавека і вяршэнства закона».

Разважаючы аб стратэгіі кіраўніцтва дзяржавы, акадэмічны дырэктар BISS, палітолаг Аляксей Пікулік, перакананы, што стратэгіі няма, ёсць толькі тактыка выжывання. «Ніякай стратэгіі няма. Па максімуму захоўваць статус-кво, што прывядзе да большага зношвання эканамічнай мадэлі. Тым, што Лукашэнка падпісаў з Расіяй, ён забяспечыў сабе магчымасць нічога не рабіць яшчэ год-паўтара. А калі прадаць яшчэ частку актываў, то гэтага хопіць на прэзідэнцкі тэрмін», — гаворыць палітолаг.

Аднакрылая Беларусь з Еўразійскім саюзам у галаве насамрэч выглядае дзяржавай без канкрэтнай палітычнай лініі, тактыка флюгера — куды вецер дуне. Ды і палітолагі скептычна глядзяць на перспектывы гэтага новаўтварэння. «Гэта палітычны праект, піяр. Пуціну трэба нечым займацца цягам наступнага прэзідэнцкага тэрміну, калі ён зноў узначаліць Расію. Разам з тым у Расіі кепскі інвестыцыйны клімат, ёсць сістэмныя праблемы ў эканоміцы, ёсць вялікія складанасці з палітычнымі структурамі. Таму Расія наўрад можа дазволіць сабе гэта ўсур’ёз», — адзначае Аляксей Пікулік.

На хвалі эканамічных праблем грамадская думка таксама не ёсць адзінай у адстойванні суверэнітэту Беларусі. Геапалітычны выбар беларусаў найперш звязаны з эканамічнымі выгодамі, канстатуюць аналітыкі НІСЭПД. Ацэньваючы нядаўнюю заяву прэм’ер-міністра Расіі Уладзіміра Пуціна аб тым, што рэальнае аб’яднанне Расіі і Беларусі «магчымае, вельмі пажаданае і цалкам залежыць ад беларускага народа» і што «прыхільнікі гэтай ідэі павінны змагацца за яе рэалізацыю», 11,6% сказалі «я супраць аб’яднання Беларусі і Расіі ў адну дзяржаву і буду супраць гэтага змагацца», 38,2% — «я супраць аб’яднання Беларусі і Расіі ў адну дзяржаву, але не буду супраць гэтага змагацца», 34% — «я за аб’яднанне Беларусі і Расіі ў адну дзяржаву, але не буду за гэта змагацца» і 6,7% — «я за аб’яднанне Беларусі і Расіі ў адну дзяржаву і буду за гэта змагацца».

Калі б на гіпатэтычным рэферэндуме беларусам давялося выбіраць паміж аб’яднаннем з Расіяй і ўступленнем у ЕС, за першы варыянт прагаласавалі б 41,5%, а за другі — 42% рэспандэнтаў. Але чым бліжэй да рэальных знешнепалітычных праблемаў, тым больш ясным становіцца і іх выбар. Напрыклад, на пытанне аб пажаданасці ўвядзення на тэрыторыі Беларусі расійскага рубля дзеля ўмацавання эканомікі ў сувязі з крызісам, станоўчы адказ далі 38,1%, а адмоўны — палова апытаных. Увядзенне з боку ЗША і ЕС «новых эканамічныя санкцыі супраць некалькіх беларускіх прадпрыемстваў, даходы ад якіх, на іх думку, умацоўваюць палітычны рэжым» станоўча ацанілі каля 20%, а адмоўна — каля 40% рэспандэнтаў восеньскага апытання.



Шматвектарнасць у галовах кіраўніцтва і грамадзян не настройвае на пабудову цвёрдай лініі развіцця дзяржавы. Першыя думаюць, як бы дзень прастаяць ды ноч пратрымацца, другія — як бы звесці сямейны дэбет з крэдытам ці «звінціць» у больш камфортныя для жыцця краіны.

«Заходні вектар сёлета быў замарожаны і можна сказаць, што ўвогуле ліквідаваны, — падсумоўвае палітолаг Валер Карбалевіч. — Застаўся толькі ўсходні, расійскі вектар, але і тут стасункі развіваліся напружана. Толькі ў другой палове года была ўключаная палітыка субсідавання, што стала кіслароднай падушкай для беларускага рэжыму. Што тычыцца наступнага года, то адносіны з Захадам так і не знойдуць развіцця. А ўзаемаадносіны з Расіяй будуць залежаць ад таго, якую пазіцыю зойме яе кіраўніцтва пасля прэзідэнцкіх выбараў. Але сітуацыя выглядае статычна, і чакаць нейкага прарыву не выпадае».

Каментаваць