“Затрымлівалі хвілін пятнаццаць. Пасля я страціў прытомнасць”

Суд над Юрыем Чыгілейчыкам пачаўся з нечаканасцяў: абвінавачаны прызнаў віну, а сведкі… яе адмаўлялі!

Першае пасяджэнне па справе актывіста “Платформы Юрыя Чыгілейчыка, абвінавачанага ў незаконным абароце наркотыкаў, прайшло надзвычай хутка — усяго за дзве гадзіны. За гэты час суд паспеў апытаць абвінавачанага і шэсць сведак. Юры Чыгілейчык адразу прызнаў віну. Для прысутных у залі гэта было нечаканым, маці абвінавачанага не вытрымала і ціха расплакалася.



Суд над Юрыем Чыгілейчыкам пачаўся з нечаканасцяў: абвінавачаны прызнаў віну, а сведкі… яе адмаўлялі!

Першае пасяджэнне па справе актывіста “Платформы Юрыя Чыгілейчыка, абвінавачанага ў незаконным абароце наркотыкаў, прайшло надзвычай хутка — усяго за дзве гадзіны. За гэты час суд паспеў апытаць абвінавачанага і шэсць сведак. Юры Чыгілейчык адразу прызнаў віну. Для прысутных у залі гэта было нечаканым, маці абвінавачанага не вытрымала і ціха расплакалася.

“Усе ведаюць, што ён невінаваты. Прызнаў, каб не патрапіць у калонію — яму нельга, улады заб’юць яго там за яго працу ў “Платформе, за дапамогу іншым вязням. А так, можа, хоць у калонію-пасяленне адправяць ці ўмоўны тэрмін дадуць, — Людміла Чыгілейчык не магла супыніць слёзы і пасля пасяджэння.

Яе сын, сур’ёзны і сумны, неахвотна адказваў на пытанні жанчыны-пракурора ды з горыччу паглядаў у залю на заплаканых сваякоў. Калі ж мужчыну спыталіся, як былі апранутыя міліцыянты, што праводзілі затрыманне, ён адмахнуўся: “Так, былі ў чорных шапачках з адтулінамі. Ай, я віну прызнаў цалкам, нашто гэта яшчэ ўсё? Далей на большасць пытанняў Чыгілейчык адказваў аднолькава: “Я смутна ўсё памятаю. Пракурор заўважыла нестыкоўку паміж сведчаннямі абвінавачанага, якія ён даваў раней на допытах, і прызнаннем віны ў судзе. Дзяржабвінаваўца зачытала ўрывак з ранейшых тлумачэнняў Чыгілейчыка, паводле якіх пры затрыманні мужчыну заламалі рукі-ногі і, гвалтоўна ўтрымліваючы яго, нешта засунулі ў бот. Калі прыйшлі панятыя, абвінавачаны распавёў ім, што яму штосьці падклалі. І сапраўды, падчас вобшуку з бота Чыгілейчыка дасталі пакуначак з нейкім белым рэчывам — як пасля акажацца, з нібыта наркотыкам метадонам. На просьбу пракурора растлумачыць супярэчнасці ў ранейшых і цяперашніх сведчаннях, мужчына адказаў: “Мне цяжка гэта патлумачыць.

Больш-менш зразумелая карціна таго, пры якіх абставінах затрымлівалі мужчыну, склалася пасля аповедаў сведкаў. У судзе выступалі Вольга Тулакіна ды Сяргей Шэйпа, якіх арыштавалі разам з Чыгілейчыкам, але ў іх нічога не знайшлі і адпусцілі; панятыя — браты Паплёўкі ды міліцыянты Валянтовіч і Кавалёў. Паводле сведчанняў Тулакінай і Шэйпы, яны разам з Чыгілейчыкам і яшчэ двума сябрамі прыехалі да свайго знаёмага Гіля, каб паглядзець кватэру — гаспадар думаў яе прадаць, а Чыгілейчык якраз шукаў кватэру, каб набыць. Абгаварыўшы з гаспадаром дэталі патэнцыйнай пакупкі, госці выйшлі з кватэры і пачалі спускацца ўніз, як да іх падляцелі людзі ў спецформе, уклалі тварам на падлогу ды скруцілі рукі. Паводле Тулакінай, міліцыянты нават пусцілі газ. Як распавёў Сяргей Шэйпа, Чыгілейчык моцна крычаў — маўляў, што вы робіце, давайце па-добраму, што вы мне сунеце. “Ён крычаў так, што і падумаць нічога іншага акрамя таго, што яму нешта падкладалі, нельга было, — шчыра прызналася суддзі Вольга Тулакіна. Пры затрыманні мужчынаў моцна збівалі. “Удары такія добрыя былі… У яго ўвесь твар быў у крыві, — апісвае Чыгілейчыка Сяргей Шэйпа, якому пасля затрымання самому спатрэбілася дапамога лекараў.

“Хвілін пятнаццаць, так сказаць, затрымлівалі. Пасля я страціў прытомнасць, — іранічна гаворыць Чыгілейчык. Дарэчы, у судзе абвінавачаны выглядаў даволі бадзёра, заўважных траўмаў на твары ўжо не было бачна, цела ж закрывала цёмная вопратка з даўгімі рукавамі.

Панятыя пацвярджалі як той факт, што Чыгілейчык быў збіты, так і тое, што мужчына заяўляў ім пра падлог. Што цікава: панятыя і міліцыянты моцна акцэнтавалі ўвагу на тым, што, маўляў, абвінавачаны крычаў, што яму нешта засунулі ў левы бот, а наркотык жа знайшлі ў правым боце. У сведчаннях, дадзеных падчас допыту і зачытаных пракурорам, Чыгілейчык распавядае, што засоўвалі пакунак якраз у правы бот.

Пасля спецаперацыі праваахоўнікі пайшлі аглядаць кватэру Гіля. Панятыя і міліцыянты ў адзін голас уражліва заяўлялі, колькі шпрыцаў, новых і выкарыстаных, было знойдзена на кватэры — дзясяткі!

Сведчанні Вольгі Тулакінай разбіваюць няўдалы міф пра наркатычны прытон: Гіль быў валанцёрам праграмы па зніжэнні шкоды ад ужывання наркотыкаў пры Глабальным фондзе, у межах якой распаўсюджваліся адпаведныя брашуры, раздаваліся стэрыльныя шпрыцы і збіраліся выкарыстаныя. Паводле сведкі, мужчына актыўна дапамагаў арганізатарам праграмы, бо ў выпадку плённай працы яго абяцалі ўзяць на аплачваемае месца.

І Тулакіна, і Шэйпа адмоўна адказвалі на пытанне пракурора, ці ведалі яны, што Чыгілейчык быццам бы ўжываў наркотыкі. “У прынцыпе, сённяшнім днём усе ў той ці іншай ступені ведаюць, што такое наркотыкі. Нехта паліў, нехта паспытаў экстазі. Моладзь амаль уся праз гэта прайшла, — мудра заўважыў Шэйпа ў адказ на пытанне пракурора, ці мог Чыгілейчык калі-небудзь раней ужываць наркотыкі.

 Супрацоўнік Упраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю Валянтовіч распавёў, што Чыгілейчык быццам бы быў усхваляваны ды пагражаў міліцыянтам. Іншыя акалічнасці міліцыянт не здолеў прыгадаць гэтак жа добра — на пытанні, як яму паступіў сігнал пра пачатак спецаперацыі ды хто паклікаў яго ў пад’езд, адказваў сціпла: маўляў, не памятаю. Прама ў судзе Валянтовіч умудрыўся забыць свае сведчанні, дадзеныя некалькі хвілінаў таму. Напачатку мужчына пацвердзіў, што разам з ім прысутнічаў міліцыянт Кавалёў, а калі Кавалёў, які сведчыў наступным, адмовіў сваю прысутнасць, Валянтовіч шчыра здзівіўся пытанню адваката пра супярэчнасць і заявіў, што ён такога не казаў. Падчас допыту Валянтовіча выкрылася таемная постаць удзельніка спецаперацыі — міліцыянта па прозвішчы Адзінец. Па здзіўленні і перапытваннях адваката можна было здагадацца, што такое прозвішча раней не фігуравала ў крымінальнай справе.

Для двухгадзіннага пасяджэння нестыковак у крымінальнай справе было болей чым дастаткова. Верагодна, цікавосткі будуць чакаць і ў наступны раз. Прысутныя выказвалі версію, што Чыгілейчык можа змяніць пазіцыю на судзе. Цяжка вызначыць, чым кіраваўся Юры Чыгілейчык, прызнаючы сябе вінаватым, — ці тое баяўся хлуслівых нагавораў таварышаў, ці тое спадзяваўся на мяккае пакаранне, запатрабаванае пракурорам (як тое часта бывае падчас “здзелкі са следствам), ды на спагаду суддзі.

Наўрад ці можна спадзявацца на міласэрнасць айчыннай пракуратуры. Роўна як і на справядлівасць суддзі Жанны Брысінай, якая пасля шэрагу прысудаў многім грамадскім актывістам, а таксама палітыку Паўлу Севярынцу і журналістцы Ірыне Халіп, стала неўязной у еўрапейскія краіны. Да таго ж, прызнанне віны ўскладняе працэс надання чалавеку статуса палітвязня.

Не да гонару беларускіх праваабаронцаў трэба адзначыць, што на працэсе прысутнічала толькі прадстаўніца “Платформы. Калі ж моладзевы актывіст Андрэй Кім на месцы патэлефанаваў у праваабарончы цэнтр “Вясна, высветлілася, што там… не ведалі дату суду над Чыгілейчыкам!

Для тых, хто не ведае ці забываецца — наступнае пасяджэнне адбудзецца а 10 раніцы 13 красавіка ў судзе Заводзкага раёна (пр-т. Партызанскі, 75а). Відавочна, што падтрымка як праваабаронцаў, так і простых людзей моцна дапаможа Юрыю Чыгілейчыку.


 

Каментаваць