Затрымалі Мікалая Дзядка. Штраф — 10 базавых

Праваабаронцам ПЦ "Вясна" стала вядома, што затрымалі былога палітвязня анархіста Мікалая Дзядка. Яго судзяць... нібыта за распаўсюд нацысцкай сімволікі. 

Па папярэдняй інфармацыі spring96.org, яго судзяць у судзе Фрунзенскага раёна Мінска па арт. 17.10 КаАП — "Прапаганда і (або) публічнае дэманстраванне, выраб і (або) распаўсюджванне нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі". 

Як нам стала вядома, яго затрымалі ў 9:40 12 ліпеня, калі ён рухаўся на суд Зміцера Галко. У затрыманні ўдзельнічаў АМАП. Падставай для абвінавачвання сталі публікацыі Міколы ў фейсбуку.

Нагадаем, што Мікалай Дзядок 30 чэрвеня ўдзельнічаў у нефармальнай анархісцкай сустрэчы ў лесе пад Крупкамі, якая была жорстка разагнаная спецназам. Сам Мікола правёў пяць гадзінаў пад дажджом з рукамі, закутымі ў кайданкі.
 
Пра падзеі 30 чэрвеня чытайце ў артыкуле Мікалая Дзядка:

Не карміце пачвару



Пазней Мікалай Дзядок накіраваў скаргу ў Крупскі раённы аддзел Следчага камітэту з нагоды перавышэння супрацоўнікамі САХРа і ГУБАЗіК сваіх службовых паўнамоцтваў падчас затрымання анархістаў 30 чэрвеня ля Крупак.

Акрамя таго, у судзе Фрунзенскага раёна апынулася і актывістка Марфа Рабкова. Яе судзяць па ч.2 арт. 17.11 КаАП — "Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці ці прапагандуе такую дзейнасць". Суддзя Марыя Ярохіна вінаваціць яе за размяшэнне фотаздымка з шапкай "Class War". Выявы з такім надпісам незалежна ад носьбіта інфармацыі і розных варыянтаў шрыфтавога выканання былі ўнесеныя ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў рашэннем суда Цэнтральнага раёна г. Мінска 12 сакавіка 2018 года.

Учора супрацоўнік РУУС Фрунзенскага раёна Куранкоў праманіторыў старонку актывісткі ўкантакце. Каля 12 гадзінаў дня дзяўчыну затрымалі чатыры амапаўцы на прыпынку ў Гатава, калі яна ехала з сабачага прытулку, дзе валанцёрыць. Таксама вядома, што ўчора ў яе пад домам і каля працай з 9 да 16 гадзінаў пільнавалі людзі ў цывільным.

У судзе Марфа Рабкова заявіла, што здымкі былі змешчаныя на старонцы раней, чым яны патрапілі ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Калі б яна ведала пра рашэнне суда, то выдаліла бы здымкі са сваёй старонкі.  

Аднак, Марыя Ярохіна палічыла дзяўчыну вінаватай і аштрафавала яе на 11 базавых велічынь.

Стала вядома, што Мікалая Дзядка таксама прысудзілі да штрафа ў памеры 10 базавых велічынь. 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць