Затрыманні, збіццё непаўнагадовага, канфіскацыя тэхнікі ў Баранавічах

27 жніўня ў Баранавічах затрымалі 15 чалавек, якія прыйшлі на сустрэчу з былым палітвязнем Расіі Аляксеем Сутугам. Аднаго з затрыманых, непаўнагадовага, моцна збілі ў пастарунку.

Аляксей Сутуга з паплечнікам у пастарунку. Фота pramen.io

27 жніўня каля 14 гадзін у Баранавічах мусіла адбыцца лекцыя Аляксея Сутугі — анархіста, былога палітвязня з Расіі.

Ледзь толькі пачалася размова госця з прысутнымі, у офіс уварваліся міліцыянты ў бронекамізэльках і шаломах і ўчынілі у памяшканні пагром. Усіх прысутных паставілі тварам да сцяны на "расцяжку", пачалі выграбаць у іх змесціва кішэняў.

Таксама з офіса канфіскавалі прынтар, праектар і кнігі — усё  без складання пратакола.

Затрымалі 15 чалавек, іх даставілі іх у мясцовую міліцэйскую ўправу, дзе перапісвалі дадзеныя і апытвалі наконт прадмет належнасці да анархісцкага руху. Адзін з затрыманых, непаўнагадовы А., так апісвае гэты працэс:

Сярод затрыманых былі няпоўнагадовыя, аднаго з іх моцна збілі ў пастарунку.  Непаўнагадовы А. так апісвае гэты працэс:

“Мяне забраў намеснік начальніка крымінальнага росшуку Баранавіцкага ГАУС Генадзь Валуй, як я потым зразумеў таму што я адмовіўся падпісаць пратакол. Ён вывеў мяне на калідор і пачаў распытваць у грубай форме, з якога я раёна, дзе жыву, якая ў мяне мянушка і г.д. Потым пачаў піхаць мяне абедзьвюма рукамі ў спіну, калі я падымаўся па прыступках на другі паверх, завёў мяне ў кабінет, зачыніў дзверы і пачаў збіваць: адкрытай далонню па твары, па шыі, кулаком у жывот, давіў каленам на жывот, біў нагамі па нагах. Увесь час сыпаліся пагрозы, што яму дастаткова зрабіць два-тры званкі, і я ніхто, мяне зловяць блатныя ў горадзе і будуць збіваць”, — цытуе яго словы spring96.org. Пасля катаванняў, хлопца адвялі на допыт, дзе некалькі супрацоўнікаў ціснулі на яго псіхалагічна і вымусілі падпісаць пратакол.  

Каля 21.00 усіх затрыманых адпусцілі. Аляксея і ягоных сяброў — у апошнюю чаргу, бо з РАУСа іх спрабавалі адвесці на вакзал і пасадзіць на цягнік да Мінска. Відаць, такім чынам міліцыянты хацелі "сплавіць" непажаданых візіцёраў падалей ад сваёй зоны адказнасці. Так ці інакш, ехаць кудысьці расіяне адмовіліся і засталіся ў Баранавічах, каб атрымаць копіі пратакола вымання і разабрацца з адабранай маёмасцю.

Юрыстка "Вясны" Наста Лойка пракаментавала spring96.org гэты чарговы выпадак міліцэйскага свавольства.

"На жаль, мы рэгулярна назіраем міліцэйскія "аблавы" падчас асветніцкіх мерапрыемстваў, як, да прыкладу, затрыманне на офісе "Вясны" 25 сакавіка. Звычайна міліцыя не можа патлумачыць неабходнасць такіх грубых дзеянняў, а вызваленне ўсіх затрыманых сведчыць пра адсутнасць дакладных прэтэнзій, таму іх можна ацэньваць толькі як міліцэйскае свавольства, пераслед за іншадумства і непрафесіяналізм з боку міліцыі".

У пастарунку на Аляксея Сутугу і двух ягоных сяброў з Масквы склалі пратакол за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў", бо ў іх аўтамабілі былі знойдзеныя часопісы "Аўтаном" і брашуры беларускага Анархічнага чорнага крыжа. Друкаваныя матэрыялы аддалі на экспертызу, а сам аўтамабіль, мабільныя тэлефоны, відэакамеру і нават пауэр-банк расіяне не атрымалі дагэтуль — маёмасць была арыштаваная (зноў жа, копіі пратаколаў вымання ім ніхто не даў). 

З гэтай нагоды яны пакінулі заявы ў кнізе скаргаў РАУС.

Гэта ўжо не першы раз, калі АМАП брутальна ўрываецца на анархісцкія мерапрыемствы. У 2012 годзе быў учынены разгром на канцэрце-бенефіце ініцыятывы "Ежа замест бомбаў": людзі ў масках уварваліся ў залю, дзе праходзіў канцэрт, пачалі збіваць і абражаць прысутных. Каля 100 чалавек было затрымана, некалькі атрымалі "суткі" арышту. У 2015-м годзе міліцыя сарвала канцэрт італьянскага панк-гурта "Kalashinikov": прысутных перапісалі і здымалі не відэа. Чатыры чалавекі былі затрыманыя.

Ці не з’яўляецца такая тактыка спробай міліцыі папоўніць свае базы "патэнцыйных экстрэмістаў? Нездарма аператыўнікі так скрупулёзна фіксуюць дадзеныя прысутных, і нават запісваюць іх на відэакамеры. У той жа час такія акцыі міліцыянтаў, ды яшчэ за здзекамі і збіццём — спроба запужаць моладзь, што займаецца непадкантрольнай дзяржаве сацыяльнай актыўнасцю. Як і раней, "праваахоўнікі" бачаць у антыаўтарытарных поглядах наведвальнікаў анархісцкіх мерапрыемстваў крыніцу небяспекі і імкнуцца спыніць яе дубінкамі, арыштамі і "суткамі". 

Чытайце таксама:

«Міліцыя ў нас адчувае беспакаранасць і ўсёдазволенасць»



Неўзабаве чытайце інтэрв'ю з Аляксеем Сутугам на "Новым Часе"



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць