Затрыманых у Барысаве ўкраінскіх заўзятараў асуджаюць да адміністратыўных арыштаў

У судзе Барысаўскага раёна пачаліся суды над затрыманымі пад час адборачнага матчу «Беларусь — Украіна» футбольнымі заўзятарамі.



Суддзя суду Барысаўскага раёна Смолева разглядае адміністратыўныя справы затрыманых ўкраінцаў. Іх вінавацяць у дробным хуліганстве (нцэнзурнай лаянцы) і прыгаворваюць да арышту на 5 сутак, піша ПЦ «Вясна».

Праваабаронцы адзначаюць, што адміністрацыйныя арышты могуць стаць падставаю для прымусовай дэпартацыі з тэрыторыі Беларусі. Вядома пра прысуды Андрэю Палішчуку і Астапу Лісьюку, Цімафееву і Васількоўскай — усім прызначаюць па 5 сутак арышту.

Раней паведамлялася, што пасля матчу былі затрыманыя каля 100 украінскіх заўзятараў і 30 беларусаў. Гэтая лічба аказалася перабольшанай.

Як паведамілі парталу TUT.BY у аддзяленні інфармацыі і грамадскіх сувязей УУС Мінскага аблвыканкама, пасля матчу адборачнага турніру да чэмпіянату Еўропы, які праходзіў 9 кастрычніка на Барысаў-Арэне, затрыманы 41 заўзятар. З іх 14 — грамадзяне Украіны, якія прыбылі падтрымаць сваю зборную.

«Грамадзяне былі дастаўлены ў Барысаўскі РАУС. У дачыненні да затрыманых складзены адміністрацыйныя пратаколы па арт. 17.1 КаАП РБ (дробнае хуліганства) і арт. 17.3 (з'яўленне ў грамадскім месцы ў стане ап'янення). У гэты момант плануецца разгляд спраў у судзе Барысаўскага раёна», — паведаміла міліцыя.

У пасольстве Украіны адзначылі, што консул Украіны выехаў у Барысаў для высвятлення дакладнай колькасці затрыманых.

У ходзе ўчорашняга матчу заўзятары тройчы выконвалі папулярную песню ў адрас прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. Іх падтрымлівалі і беларускія фанаты.

Каментаваць