Здаецца, беларуская судовая сістэма дае збоі. Калі раней усе казалі, што беларускі суд падначалены беларускай уладзе, то зараз у гэтым узнікаюць вялікія сумневы. Прынамсі, гэта вынікае з апошніх рашэнняў беларускіх судоў.

Беларускі ваенны суд 15 лістапада абвясціў рашэнне па “справе Грамовіча. Амаль усім фігурантам вынесены апраўдальныя прысуды.



Здаецца, беларуская судовая сістэма дае збоі. Калі раней усе казалі, што беларускі суд падначалены беларускай уладзе, то зараз у гэтым узнікаюць вялікія сумневы. Прынамсі, гэта вынікае з апошніх рашэнняў беларускіх судоў.

Беларускі ваенны суд 15 лістапада абвясціў рашэнне па “справе Грамовіча. Амаль усім фігурантам вынесены апраўдальныя прысуды.

Слуханне справы пачалося 21 мая 2010 года, пасяджэнні праводзіліся ў закрытым фармаце. Да крымінальнай адказнасці былі прыцягнуты 36 чалавек, большасць з якіх з’яўляліся службовымі асобамі мытні “Заходні Буг (у тым ліку два намеснікі начальніка мытні і начальнік паста) і ўпраўлення КДБ па Брэсцкай вобласці (былыя намеснік начальніка ўпраўлення, а таксама начальнік аддзела па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй). Паводле ацэнак следства, ад нявыплаты мытных плацяжоў дзяржаве быў нанесены ўрон у памеры больш як 30 мільярдаў рублёў.

У СМІ гэту справу назвалі “справай Грамовіча па прозвішчы арыштаванага 15 студзеня 2009 года былога дырэктара дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю Анатоля Грамовіча.

У выніку БВС прыняў рашэнне спыніць вытворчасць па крымінальнай справе ў дачыненні да дзевяці фігурантаў з-за адсутнасці ў іх дзеяннях складу злачынства. Гэтыя людзі маюць права на поўную рэабілітацыю, аж да аднаўлення на ранейшым працоўным месцы.

Яшчэ 25 абвінавачваных прызнаны невінаватымі за недаказанасцю ў частцы ўчыненых злачынстваў. У іх ліку Анатоль Грамовіч і былы намеснік начальніка мытні “Заходні Буг Яўген Селіванаў.

У дачыненні да яшчэ чатырох абвінавачваных крымінальныя справы, па рашэнні БВС, павінны быць накіраваны ў Генеральную пракуратуру для новага папярэдняга расследавання.

Суд улічыў, што па шэрагу інкрымінаваных артыкулаў мінулі тэрміны даўнасці прыцягнення да крымінальнай адказнасці, і на гэтай падставе крымінальныя справы спыненыя. У той жа час, як стала вядома з аб’яўленай часткі прысуду, многія абвінавачваныя падчас папярэдняга следства добраахвотна выдавалі незаконна нажытую валюту. Усе гэтыя грошы — больш за 150 тысяч долараў — рашэннем суда вернуты ў даход дзяржавы.

Таксама і ў судзе над “тэрарыстамі не ўсё добра. Падчас судовых спрэчак 15 лістапада ў Вярхоўным судзе Станіслаў Абразей, адвакат Уладзіслава Кавалёва, папрасіў суд апраўдаць яго падабароннага па эпізодзе выбуху ў сталічным метро 11 красавіка 2011 года. Кавалёў абвінавачваецца ў саўдзеле ў тэракце.

Варта зазначыць, што ў сваім выступленні Абразей больш казаў пра Канавалава, чым пра Кавалёва. Даказваючы невінаватасць галоўнага абвінавачванага, ён аўтаматычна спрабаваў даказаць невінава­тасць свайго падабароннага. Многія аргументы ў выступленні Абразея былі ідэнтычныя або перасякаліся з аргументамі абаронцы Канавалава Дзмітрыя Лепрэтара.

У Камітэце дзяржаўнай бяспекі Беларусі мяркуюць, што зачытанае дзяржабвінаваўцам абвінавачанне Дзмітрыю Канавалаву і Уладзіславу Кавалёву “развеяла домыслы ў справе аб тэракце ў мінскім метро.

“Як паказаў судовы разбор, намаганнямі праваахоўных органаў было прадухілена магчымае ўчыненне больш сур’ёзных выбухаў, абвінавачанне ж, агучанае дзяржабвінаваўцам, развеяла домыслы, якімі апаненты дзейнай улады спрабавалі пасеяць сумненні ў грамадстве, — гаворыцца ў паведамленні Цэнтра інфармацыі і грамадскіх сувязяў КДБ.

Пра якія “домыслы і “сумненні ідзе гаворка, не ўдакладняецца.

Праваабаронца Алесь Бяляцкі па-ранейшаму абвінавачваецца па частцы 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса (утойванне даходаў у асабліва буйным памеры), аднак фармулёўка абвінавачання змененая.

Удакладненае абвінавачанне зачытаў судзе пракурор Уладзімір Сайкоўскі. Паводле яго слоў, праваабаронца атрымліваў частку даходаў з грошай, што паступалі на яго замежныя банкаўскія рахункі, у сувязі з выкананнем ім дагаворных абавязацельстваў. Раней абвінавачанне лічыла ўсе сродкі, якія знаходзяцца на рахунках Бяляцкага ў літоўскім і польскім банках, яго даходам.

На думку абвінавачання, Бяляцкі наўмысна не падаў падатковым уладам звесткі аб даходах за 2007 год і не адлюстроўваў у дэкларацыі даходы, што паступалі на яго замежныя рахункі, чым нанёс дзяржаве ўрон у асабліва буйным памеры.

Што гэта значыць? Тры самыя гучныя справы развальваюцца? Хутчэй за ўсё, так.

А тым часам Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі прапаноўвае ўраду ў наступным годзе ўстанавіць падаходны падатак 20% для “багатых — грамадзян, чый штомесячны даход перавышае 1 тысячу долараў. Гэтая і некаторыя іншыя прапановы ўтрымліваюцца ў пераліку, які федэрацыя накіравала ў Савет міністраў і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, паведамляе прэс-служба ФПБ.

Гэту меру прапаноўваецца “ўстанавіць на 2012 год як выключэнне, а дадатковы прыток сродкаў за кошт павелічэння стаўкі падатку накіраваць на аказанне падтрымкі малазабяспечаным грамадзянам.

Акрамя таго, прафсаюзная арганізацыя прапаноўвае прыпыніць павышэнне тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі і праезд у гарадскім грамадскім транспарце з чацвёртага квартала гэтага года да першага квартала наступнага года; да Новага года аказаць малазабяспечаным грамадзянам разавую матэрыяльную дапамогу; павялі­чыць дапамогу па доглядзе за дзіцем да трох гадоў; перагледзець умовы вяртання валютных крэдытаў, атрыманых грамадзянамі, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, у беларускіх рублях па курсе ніжэйшым за ўстаноўлены на валютнай біржы на 30%.
 

Каментаваць